автордың кітабын онлайн тегін оқу Каза – манюка
Беларускія народныя казкі
Каза - манюка
Жыў дзед ды баба з дачкою. І была ў іх каза.
Пагнала дачка пасьвіць казу. Цэлы дзень пасьвіла па бары, па дубраўцы, па мураўцы. Увечары прыгнала дахаты. Дзед пытае ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога ня ела, нічога ня піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасьвіла, і назаўтра выправіў бабу.
Цэлы дзень пасьвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.
Дзед зноў пытае ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа.
— Нідзе не была. Нічога ня ела, нічога ня піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Дзед і на бабу насаврыўся, што дрэнна казу пасьвіла.
Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пагнаў сам пасьвіць казу.
Цэлы дзень пасьвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы.
Увечары вярнуўся дахаты, пераадзеўся ў сваё адзеньне, сеў на прызьбе і чакае казу з пашы.
Прыйшла каза на двор.
Дзед пытае:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога ня ела, нічога ня піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу гастрыць, казу-манюку рэзаць.
Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі й пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.
Сеў зайчык пад елачкай і плача.
Ідзе воўк:
— Чаго зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне ня плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі зьвер рагаты ды бадаты, выгнаў мяне з хаткі й сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.
— Ну, добра, ня плач: я таго зьвера выганю.
Падыйшоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзьверы ды кажа:
— Гэй, зьвер рагаты-бадаты, зьбірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае за дзьвярыма, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк.
А зайчык зноў сеў і плача.
Ідзе мядзьведзь:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне ня плакаць, як не журыцца?
І расказаў мядзьведзю пра сваю бяду.
— Ну, добра, — кажа мядзьведзь, ня плач: я таго зьвера адразу выганю.
Падыйшоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзьвярэй ды кажа:
— Гэй, зьвер рагаты-бадаты, зьбірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся і мядзьведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець...
Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?
— Як мне ня плакаць, як не журыцца?
І расказаў зайчык пеўню пра сваю бяду.
— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай разьвяду. Я таго зьвера ведаю — гэта дзедава каза-манюка...
Падыйшоў певень да зайчыкавай хаткі, залопаў крыламі, закукарэкаў:
— Кукарэку! Кукарэку!
Заб'ю казу-недарэку!
Пачула каза ды як затупае, як замэкае:
—Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Тады певень зноў яшчэ мацней залопаў крыламі, закрычаў:
— Гэй, каза, зьбірай манаткі,
Уцякай хутчэй ты з хаткі,
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе..
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулем выскачыла з хаткі.
А зайчык зь пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.
