автордың кітабын онлайн тегін оқу Мужык і пан
Беларускія народныя казкі
Мужык і пан
Адзін мужык убачыў у памешчыка харошую свінню з парасятамі. Ён пайшоў і стаў кланяцца свінні. Гэта відзела пані з балкона. Яна паслала лакея спрасіць, чаму ён свінні кланяецца. А той кажа:
— Гэта мая Рапка жэніцца, а ваша Белка маёй Рапцы родная цётка, дык я заву на вяселле, а яна ўсё кажа: «Не хачу!»
Лакей пайшоў і расказаў пані. Тая рассмяялася і сказала прызваць мужыка. Мужык прыйшоў. Тады пані і кажа:
— Што ты нашай свінні кланяешся?
— А во што: у мяне ёсць Рапка, а ваша Белка ёй родная цётка, дык мая Рапка жэніцца і просіць вашай Белкі на вяселле, — вот я і прыйшоў прасіць, а яна кажа: «Не хачу!»
— Ха-ха-ха!.. Ну дык як жа ты яе павядзеш, — кажа пані. — Ці павязеш?
— Не, павяду, калі пойдзе, — я прыйшоў.
— А парасяты як будуць?
— I з дзеткамі, прасіла Рапка, штоб пусцілі.
— Ну, дык я скажу, штоб запрэглі каня і палажылі Белку, а калі не захоча ляжаць, то прывязаць, а парасят у мяшок.
Пані прыказала запрэгчы каня, палажыць на воз свінню і парасят і даць мужыку.
— Ці скора ты назад прывязеш?
— Скора, мая панічка.
Мужык сеў і паехаў. Пана не было ў дварэ. Як прыехаў пан, так пані яму кажа:
— У нас быў мужык, ён нашай Белцы кланяўся, прасіў на вяселле. Я яе пусціла і каня дала ехаць.
А пан кажа:
— Во дурная, мужык абманіў: прападзе і конь, і свіння з парасятамі. Скарэй коней давайце!
Далі тройку з колакалам. Пан сеў і пытае:
— Куды мужык паехаў?
— А во сюды, — кажуць людзі, — і паказалі пану дарогу. Пан туды і паехаў. А мужык пачуў колакал, звярнуў у лес. Там забіў свінню з парасятамі, каня прывязаў, а сам выйшаў на дарогу, наклаў кучу памёту, накрыў шапкай і сядзіць. Едзе пан.
— На бок! — крычыць панскі кучар.
— Не, паночак, не! Едзьце вы сабе на бок, — мне не можна!
Пан сказаў кучару аб’ехаць мужыка. Мінуўшы мужыка, пан астанавіўся і спрашвае:
— Ці не бачыў ты, мужычок, тут мужыка, едучы і везучы свінню з парасятамі?
— Бачыў, паночак, ён тут нядаўна ехаў.
— А ці знаеш, куды ён паехаў?
— Знаю.
— Пакажы ж нам дарогу.
— Не, паночак, не! Мне і з месца няможна сыйсці. Калі хочаш, то я вам дарогу скажу: вы будзеце ехаць прама,потым завароціце крута-крута ўправа, а там крута-крута ўлева і так далей.
Пан і спрашвае ў кучара:
— Ці паняў ты?
— Не, пане!
— I я не паняў.
Тады пан спрашвае ў мужыка:
— Ці дагнаў бы ты яго?
— Чаму не, пане? Я яго зараз бы прыцяг к вам.
— Ну, дагані, я табе заплачу.
— Не, Божа сахрані! Мне з месца няможна сыйсці.
— Чаму ж табе няможна сыйсці? Што ты тут робіш?
— Гэта, паночак, ехаў мой паи і сустрэўся з знакомай паняю, і тая пані падарыла яму шчыгла. Дык пан сказаў мне ягодзяржаць, пакуль ён будзе ехаць назад.
— Ну, дык ты едзь з маім кучарам, а я буду вартаваць.
— Не, пане, не хачу; тады мне ад пана жыцця не будзе, як ты ўпусціш шчыгла.
— Я не ўпушчу.
— Не, пане, не паверу.
— Ну, дык я буду вартаваць з фурманам, а ты едзь адзін.
— Не, не хачу!
— На табе сто рублёў, едзь!
— Не, баюся, пане: вы пусціце шчыгла.
— Ды не пусцім жа!
Мужык узяў сто рублёў і сеў ехаць. А пан спрашвае:
— Ці скора ты вернешся?
— Цераз час, паночак, я тут буду.
Мужык паехаў. Па дарозе ён адчапіў колакал, заехаў у лес, узяў каня з свіннёю і парасятамі і паехаў.
Пан з кучарам прачакалі час — мужыка няма, прачакалі другі — яго няма. Тады кучар кажа:
— Пані была дурная: аддала каня з свіннёю і парасятамі, а пан яшчэ дурней: аддаў тройку коней і сто рублёў.
А пан кажа:
— Што ты, мужык, дурню! Як я зраблю аб’яўленне, чый шчыгол, так і найду вара.
Стала сонца заходзіць, а кучар кажа:
— Не хачу ўжо сядзець, — я есці хачу, хадзем у двор.
А пан кажа:
— Ну, дык ты бяры шчыгла, а я буду падымаць шапку.
Трохі падумаўшы:
— Не, ты ўпусціш; ты падымай шапку, а я буду браць шчыгла.
Кучар узяў за вяршок шапкі, а пан абедзве рукі падсунуў
пад шапку.
Кучар як падыме шапку, дык пан разам абоймі рукамі як хваціць, — дык прама ў памёт. Тут як закрычыць:
— А дурань! а галган! во шчыгол!..
Кучар кажа:
— Я гаварыў, што пані дурная, а пан дурней.
А пан крычыць:
— На адсячы мне рукі! Што мне зрабіць?
— А што вам, пане, зрабіць — абатрыце аб траву.
Пан так і зрабіў, і пайшлі яны ў двор. Прыйшоўшы, пан і кажа пані:
— Ты дурная: аддала каня і свінню з парасятамі, а я
дурней: аддаў трох коней і сто рублёў, а яшчэ рукі ўпэцкаў, хоць адсеч трэба.
Пані рассмяялася. А мужык і цяпер ездзіць на панскіх конях.
