автордың кітабын онлайн тегін оқу Каток – залаты лабок
Беларускія народныя казкі
Каток - залаты лабок
Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць.
Вось баба і кажа дзеду:
— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, сьсячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Сьпячом хлеб.
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лябок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак, паслада мяне баба ссекчы дубок, завезьці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
— Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі повен засек!
Сьпякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Ня шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!... Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсьць — солі няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе соль!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць!
Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Ня шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!...Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсьць, соль ёсьць — капусты няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!
Баба кажа:
— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца... Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закусілі б. Не палянуўся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папарасі ў яго сальца.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!...Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
— Добра, дзед, едзь дахаты: будзе ў табе сала!
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец!
Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць.
І цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.
Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.
