Надакучлівыя госці
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Надакучлівыя госці

Жылі два браты. Гаспадарку мелі невялікую, ды сяк-так кідаліся.

Прыехалі да іх аднойчы госці: два гультаі-гулякі, аднаго поля ягады. Прынялі браты гасцей як трэба: пачаставалі, чым мелі, павесяліліся, як умелі.

Тым часам мінае дзень, мінае другі, тыдзень мінае, а госці і не думаюць дамоў выбірацца: п’юць, гуляюць ды яшчэ і гаспадароў ад работы адрываюць.

Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца.

Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Пайшлі малаціць, а там слова за слова давай сварыцца, каб госці чулі.

Меншы брат крычыць на большага:

— Хоць ты і старэйшы, а ў крыўду я табе не дамся! Будзем дзяліцца!

— Давай! — крычыць і большы брат.— Дзяліцца дык дзяліцца!

Вярнуліся ў хату і пачалі дзяліцца. Падзялілі ўсю гаспадарку. Дайшло да гасцей.

— Давай і гасцей дзяліць! — кажа меншы брат.— Я вазьму аднаго госця на сваю палавіну хаты, а ты другога — на сваю.

— Добра,— згадзіўся большы брат.— Дзяліцца дык дзяліцца!

Падзялілі і гасцей.

Прыйшла пара абедаць.

Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі кілбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай.

Селі есці.

Меншы брат кажа свайму госцю:

— Няма ў мяне, дарагі госць, чым цябе частаваць: бачыш, брат усю скаромніну пры дзяльбе забраў. Вазьмі ў яго хоць скрутак кілбасы.

Госць быў ласы на чужыя кілбасы. Але толькі працягнуў ён руку па кілбасу, як большы брат — трах! — яго лыжкаю па лбе.

Тут меншы брат схапіў апалонік.

— Як! — закрычаў ён на большага брата.— Дык ты майго дарагога госця будзеш біць лыжкай?! Калі ж так, то я твайго апалонікам трэсну!

Ды так трэснуў госця па галаве, што таму аж неба з аўчынку здалося.

Тады большы брат схапіў качаргу.

— А калі ты майго,— кажа,— яшчэ даражэйшага госця, чым твой, будзеш біць апалонікам, дык я твайго качаргою перацягну!

— А калі ты майго качаргою,— бушуе меншы брат,— дык я твайго зусім вон выкіну!

I ён схапіў госця большага брата за каўнер ды павалок за парог.

— Ах! — закрычаў большы брат.— Калі так, дык няхай жа і твой ідзе за маім!

Пры гэтых словах ён схапіў госця меншага брата і вытурыў за дзверы.

Ачухаліся госці ад такога пачастунку, пабралі лахі пад пахі ды і ходу дадому.

Так браты і збавіліся ад надакучлівых гасцей.