Гусьляр
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Гусьляр

Янка Купала

Гусьляр

Другі зборнік Янкі купалы. Упершыню быў выдадзены у Санкт-Пецярбургу ў 1910 годзе лацінскім шрыфтам на беларускай мове. 

Аднымі з цэнтральных тэм зборніка з’яўляюцца мастак і свет, мастак і народ. Усе вершы ў зборніку кампазіцыйна аб’ядноўваюцца ў адно цэлае вобразам легендарнага гусляра с гуслямі-самаграямі. 

Вершы рэфлексійныя, чыста пейзажныя, па-філасофску заглыбленыя. Выразна выяўлена рамантычнае светаадчуванне паэта, яго хваляванне за лёс Бацькаўшчыны.

Вы  можаце спампаваць зборнік Янкі Купалы “Гусляр” бясплатна ў фармаце epub.

Я нясу вам дар...

Сяброўцам па долі

Прывітаньне

Гусьлі-самаграі

Жальцеся, грайкія струны...

Вецер, і сокал, і я...

Песьня і сіла

Адгукніся, душа!..

Шчасьлівасьць

К зорам

Дарогай змучаны далёкай

Наша мінуўшчына

А як мы з хаткі выходзім...

Зь песень жыцьця

Безьзямельныя

Сядзь тут, пад крыжам...

А як нам зоркі загаснуць...

Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Зьнямога

За годам год

Думка

Мае думкі

Да сваіх думак

З думак маркотных

Як тут весела сьпяваці?

Смутна мне, божа!

А хто маю долю пойме?

Выйду, выйду...

На могілках

Сірочая доля

Над калыскай

На дудцы

Зь песень аб мужыцкай долі

Крыжы

Памаліся...

Бяседа

З гора ды зь бяды

Песьня-казка

Голуб і дзяцюк

Песьня

Не жалейка йграе...

Было гэта...

Дзяўчынцы

Падыйдзі...

Пакахай мяне, дзяўчынка...

Песьня

З кірмашу

Хатка

Поле

Вясна

Вясеньняя раніца

Лета

Пятровы час

Завітаў Пятрок...

Ночка

Стужа збліжаецца

Зазімак

Зімой у лесе

Кат

Курганы

Памяці С. Палуяна

Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу з новым 1910 годам

О. М. Пяшчынскаму

Памяці Т. Шаўчэнкі

Замкавая гара

Кругаварот

Мая хата з краю

Сьвятая праўда

Чары

Бот і лапаць

Два браты

За чужую елку

Шчасьце

Я нясу вам дар...

Я нясу вам дар

Братніх скіб і сяліб,

Смутных сосен і ліп,

Думак дар, сэрца жар, –

Вольных, звонкіх песень чар.

      Гэй! нясу вам дар!

      Гэй! гэй! гэй!

Хай жа песьня ўсюды льецца,

У сэрцах вашых адгукнецца,

Зьзіханецца, ўскалыхнецца,

      Як звон той,

      Як свой!

А хто брат мне тут і друг,

Ладзь-наладзь душу і слух

I за песьняй думкай скоч

Там, дзе Нёман, Дзьвіна, Буг

Точаць наша поле, луг,

Дзе шумяць у сьвет далёкі

Белавежа, Налібокі

      Дзень і ноч,

      Думкай скоч!

Прымі дар, сэрца жар,

Вольных, родных песень чар!

      Гаю, гаю, гэй!

Сяброўцам па долі

Покі маю ад сэрца патолі,

      К нам нянавісьць грудзей не крываве,

      Думы рвуцца і к шчасьцю, і к славе, –

Я слуга ваш, сяброўцы па долі.

Свойскай песьняй у слоў родных цьвеце

      Я хачу, што ў душу мне нагоне,

      З вашых хат, з вашых спочаных гоняў,

Вашу долю, нядолю апеці;

Несьці пад саламяныя стрэхі

      Ва ўсё веру, што шчасьцем быць можа,

      Што надзеі цьвісьці дальш паможа;

Эй, хачу быці рэхам пацехі!

I во ў гэтакай службе, паходзе,

      П'ючы сьлёзна жоўць крыўдаў, прытыкаў,

      Платы з вас не жадаю вялікай,

От, іскрынку прывету – і годзе!

А сканаю, злучуся зь зямлёю,

      Вы курган мне насыпце высокі,

      Бо, як будзе мой дол неглыбокі,

Не знайду і па сьмерці спакою.

Прывітаньне

Зноў я з вамі, са сваімі,

      Мілыя сяляне!

Будзем разам спатыкаці

      Ночку і сьвітаньне.

 

Станем разам у парадак

      З плугам на папары

Спольна скібіну варочаць,

      Нажываць загары.

 

Над работай непрыдумнай

      Вясковай пакоры

Будуць здаля баяць байкі

      Хвойкі, ясакоры.

 

Скіба ў скібу, гоні ў гоні

      Высьцелем надзіва;

Ляжа зерне, ўзойдзе колас, –

      Узрастай шчасьліва!

 

За плугамі за сваімі

      На прасторы Божым

Чыстым сэрцам, вольнай думкай

      Песьню-казку зложым.

 

Пойдзе плавам песьня-казка

      Ў сьвет аб нашай славе,

Дзіву дасца сьвет вялікі

      Гэтакай праяве.

 

Хай сьвет знае, што патрапе

      Без чужых прымусаў

Беларуса праца, сіла,

      Сэрца беларуса.

Гусьлі-самаграі

Як зайгралі, загудзелі

      Гусьлі-самаграі,

Панясьліся, паляцелі

      Песьні па ўсім краі.


Ад паляны да паляны,

      Ад бора да бора

Плыве голас неўніманы,

      Як бы хвалі мора.


Аб вялікай аб старонцы,

      Беларусі-маці

Жальба страшная бясконца

      Ўсё чуваць-чуваці,


Як душы таёй пакутнай,

      З-пад магільнай пліты

Гоман веча ў гусьлях чутны,

      Чутны звон разьбіты;


Хоць разьбіты, хоць забыты, –

      Для ўсіх зразумелы,

I ад сьвету аж да сьвету

      Слухае сьвет цэлы.


Плачуць, жаляцца спрасоньня

      Гусьлі-самаграі,

Аж, здаецца, пушча стогне,

      Курган уздыхае.

Жальцеся, грайкія струны...

Ліра зьмірае ў спакою,

Губіцца струнавы звон;

Лірнік, чапніся рукою –

Творыцца песень мільён.


Жальцеся, грайкія струны,

Рэхам расходзьцеся ўдаль!

Гэткі сьвет ярмен і сумны,

Гэткі паношыцца жаль!


Сэрцу нясіце зьлягчэньне,

З пут вызваляйце душу,

Новыя ліце праменьні

Ў сонную быту глушу!


Ліце прызыўныя чары,

Жыўчую думкам ваду,

Высельце буднасьці мары,

Духаў благіх чараду!


Ціхаму кроўнаму полю,

Сьлёзьмі абмытай зямлі,

Вызваньце лепшую долю,

Лепшыя, скарбныя дні!


Сьцежку хутчэй ідэалам!..

Квецься, палай, хараство!

Куйся, зарнічная хвала,

Вечная радасьць, дабро!


Ліра пяе ў непрывеце;

Жаліцца лірнік адзін...

Гэй жа, далей зь беспрасьвецьця!

К сонцу з пакутных нізін!

Вецер, і сокал, і я...

I вецер, і сокал, і я –

Сыны адной долі-жыцьця,

Наводзім маркотныя мы

I думы, і песьні адны.

*

Разьняў вецер крыльлі свае,

Ляціць, і шуміць, і пяе;

Пяе а свабодзе сваей,

Пяе а няволі людзей.

*

Як вецер, і я б так ляцеў,

Як вецер, аб тым самым пеў,

Як вецер, свабодны мой дух,

Хоць рукі закуты ў ланцуг,

*

Пад зорамі сокал завіс,

Глядзіць па-арлінаму ўніз.

Там сокалу сьвету ня жаль;

Мілей яму небная даль.

*

Як сокал, і я б мкнуў да зор:

Там сонца, раздольле, прастор;

Бяз жалю б пакінуў зямлю,

I хатку, і долю сваю.

*

I вецер, і сокал, і я –

Сыны адной долі-жыцьця;

Наводзім маркотныя мы

I думы, і песьні адны.