Гапон
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Гапон

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч


Гапон

Песня 1

Калі ахвота начата,

Што ж стаіце, як цялята?

Далей, хлопцы, маладзіцы,

Зачніце ад «Мецяліцы».

3 камедыі-оперы «Ідьтія»

Шум, крык, гоман у карчме,

Кіпіць сельская дружына,

Пiва, мёд, гарэлку п’е,

Ажны курыцца чупрына.

Гаспадары за сталом

Громка гутарку вядуць,

А ляндарка з лендаром

Мёд, гарэлку раздаюць.

Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы

Ля парога гаманяць,

А старыя чараўніцы

Цішком ля печы сядзяць.

Ананя на скрыпцы іграець

«Лявоніху», то «Бычка»,

Гапон жару паддаваець:

«Зыграй, крычыць,"Казачка"!»

Аж юкнула Кацярынка,

Так задаў ёй кулаком,

«Хадзі, мая ты малінка!» —

Дый затупаў хадаром.

«Ананя, рэж вясёлы!» —

Крычыць громка наш Гапон

Дый, сабраўшы ў світцы полы, 

Мэрам хохлік! мэрам ён!..

То ўпрысядкі выкідаець,

Ажны стогнець пад ім пол,

То «Галубца» падбіваець,

Ажны трасецца хахол.

«Ах! ух! давай жару,

Давай болі, давай пару!» —

Крычыць Гапон дый гуляець,

Пад скрыпачку падпяваець.

«Эй, чух, Кацярынка!

Чабоцікі красны;

Каму блішчаць, каго любяць

Твае вочкі ясны? Эй, чух,

Кацярынка! Твае кудры ўюцца, 

Скачыць, пляшыць мая міла,

Аж шчочкі трасуцца».

Трэйчы Гапон прамахнуў,

Бражджаць ножны з вагнівом,

Стаў на месцы — падпрыгнуў

Дый затупаў хадаром.

Кацярынка ж успляснула,

На міленькага зіркнула,

Хвіць! спаднічку распусціла, 

Трэйчы запяткам падбіла,

Дробны ножкі выкідаець,

Чаравічкі скрыпяць,

А із вочак аж сіяець,

Быццам іскры ляцяць.

Русы коскі падлятаюць,

Каснікі, як жар, гараць;

А вось вышай як заграюць,

Так і возьме прыпяваць:

«Мілы Хартон, мілы Саўка,

Да мілейшы ж мой Гапон,

Хахол ясны, пояс красны,

А галасок! кабы звон. Не хачу

Саўкі, Хартона,—

Мне жыцця з імі не быць,

Валей маяго Гапона,

3 ім не буду я тужыць».

Пяець, пляшыць, падбіваець,

Усяк вокам за ей брадзець,

Як ластачка, падплываець,

Ажны хочацца глядзець.

Ананя ж — воўча юха!

То ўжо нечага маніць!

Ярка рэжа із-за вуха,

Аж скрыпка яго звініць.

«Мяцеліцу» прабірае

Емка, громка, ладны час!

Дробна смыкам падсякае,

Звініць рымка, гудзіць бас.

Локаць упёршы у бруха,

Ля кабылкі нос дзяржаў,

Далі сціхнуў — дый з-за вуха

На «Лявоніху» падняў.

Схваціў Гапон Кацярынку,

Смела к сэрцу прыцягнуў,

Абняўшы рукой за спінку,

«Лявоніху» успрыгнуў.

Угрунь за ім маладзіцы,

Дзеўкі, хлопцы, хто як змог, 

Дрыжаць чупрыны, спадніцы,

Суматоха — што крый Бог!

Ад пылу аж пацямнела,

Хохат, лопат, шум да крык,

Як у гаршку закіпела,

Як на быдла напаў зык.

Той ўпрысядкі, той выкідкі,

Чупрыны, як шчэць, дрыжаць,

Тая бокам, тая скокам,

Дай так вазьмуць прыпяваць:

«Ах, калі ж я ў матулькі была, 

Як вішанька у садочку, цвіла; 

Папалася злому духу, мужыку!

Ён высушыў, як ліпінку ў духу.

Наехала повен двор татароў

Да ўзялі ж майго мужа ў палон; 

Не жаль жа ж мне, што яго узялі, 

Толькі шкода, што някрэпка звязалі; 

Ён, паганец, уцячэць, уцячэць, 

Мне галоўку натаўчэць, натаўчэць.

Трэба ж будзе сцерагчыся, уцякаць, 

3 вараб’ямі пад страхою начаваць».

Далі крыкнула Тацяна,

Абняўшы за шыю Яна:

«Пайшоў Янка ў грыбы,

Тацяна ў апенькі,

Спаткаліся, абняліся,

Як дзеткі маленькі».

А за ёю Халімон

Гудзіць, як царкоўны звон:

«Ой, Божа мой, Божа!

Нашто я радзіўся?

Састарыўся, як сабака,

Дасюль не жаніўся».

Перастаў.— Гапка спляснула

Дый тоненька зацянула:

«На вуліцы курта брэша,

А да мяне мілы чэша,

А чы чэша, чы не чэша,

Да недарам курта брэша!»

Вот так пляшуць, прыпяваюць, 

Хохат, лопат, крык і зык,

Аж пад строп пыл падмятаюць, 

А як рэзаў — рэжа смык!

Аж тут скрып!.. дзверы суздром

Расчыніліся... трывога!

Бо з войтам сам аканом

Як тут — знайшліся ў парога.

Уся ахвота прыўстала,

На ўсіх страхатня напала:

Ананя ж — як уцяў!

Пахінуўся напярод.

Па ўсіх струнах запішчаў,—

Так кончыўся карагод.

I Гапону не да танца,

Як акомана, паганца,

Ён угледзеў, так прыстаў,

На ўсё горла закрычаў:

«Ой, будзе ж нам цёпленька, браткі!

Хто малады, уцякай з хаткі!

Нядарам сталі шаптаць,

Што некрутаў будуць браць.

Пабірай іх ліхі бес!

Хто дуж, уцякайма ў лес!»

Тут настала суматня,

Ўсяк бяжыць, маўляў з агня,

Адзін дзверы выпірае,

Другі ціснецца пад стол,

Той чэраз акно сігае,

А Гапон хваціў за кол

Дый, спіной стаўшы ў куце,

Як мятлой, усіх мяце.

Вот калі покурцяў туча,

Гурмам мядзведзя асадзіць,

А ён са злосці мармуча,

Як каторага пагладзіць,

Той з болю яўкне, той брэша, 

Так Гапон наш колам чэша.

Ён вярцеўся, кабы ўюн,

Сюды і туды кідаўся,

Не жалеў, біў хто папаўся,

Але і коман цікун!

Глядзь! усякія плахціны,

То кажухі, то пярыны,

На Гапона стаў кідаць,

Не дзіва ж было паймаць:

Яго, беднага, звязалі

Дый у калодкі скавалі;

Годзі вадзіць карагод!

Кацярынка ж пабляднела,

Заплакала, абамлела,

Прыйшоў на іх чорны год.

Песня 2

Над сіратою Бог з калітою.

3 камедыі-оперы «Ідылія»

У вялікім у сяле,

Над дняпроўскай стараною,

На прыгорку у вугле,

Меж лесам да меж ракою,

Там стаялі дзве хаціны:

Усцінні, друга Гарпіны.

Першай мужык быў Мірон;

Невесь за якія грэхі,

Не дажыў з сына пацехі,

А той сын — быў наш Гапон.

Ён — няма чаго казаць!

Горды, смелы, зух дзяціна!

За сваіх умеў стаяць,

А прыгожы, як маліна,

Да і пісьменны ж быў ён:

На яго са ўсіх старой

Дзеўкі сумаўчком зіркалі,

На ігрышчах прысядалі;

А Гапон ані глядзіць;

Ён пры сужанай дзяўчыне,

Наймілейшай Кацярыне,

Як прысядзе — дык сядзіць.

У ўдавы жа Агрыпіны,

Апрыч дачкі Кацярыны,

Болей не было сваіх;

Яна з Усцінняй, кумою,

Жыла, як рука з рукою,

Адна дума была ў іх:

Штоб сваіх дзетак сасватаць, 

Штоб худобку ім прыпратаць,

Штоб, як сядуць на сваём,

Яны весела зажылі,

Без патрэбы не тужылі,

Не рупілі ні аб чом.

У Грыпіны ж Кацярына,

Крый Божа! бяды не знала,

Як у садочку маліна,

Расла, цвіла, даспявала;

На шчочках кроў з малаком,

А вочкі блішчаць агнём,

I семнаццаць ужо лет,

Як прыйшла яна на свет.

Ну ж з сабой кумы сайдуцца,

Тут зараз гадкі начнуцца:

«Пара, баш, дзяцей жаніць;

Яно ўсякі адклад

Не вельмі ідзе у лад;

Пойдам пані чалом біць,

А там дзейся Божа воля!

Як прыбяром усё з поля,

Дзетак к вянцу павядзём».

Гэтак стары гаманілі

I, напэўна, улажылі,

Да памяшаў аканом.

Ён — баш ты, сабачы сыну!

Упадабаў Кацярыну Дый

ну ж к беднай падсядаць;

То ластачкай падплывае,

Красны слаўца выпускав,

Штоб як-небудзь яе ўняць.

А Кацярынка — нябога!

«Бойся, кажа, паніч, Бога!!

Гэта ж грэх така напасць:

Як пажалюся Гапону,

Ён, пэўне, такога гону

Панічу цішком задасць,

Што зубоў не пазбіраеш

I ахвоту пацяраеш

Чужых нявестак глуміць».

Коман Гапона злякаўся —

На час адстаў, да закляўся

Маладых ён пагубіць.

Вот ночка яшчо цямненька,

Дожджык, як з сітца, прышчыць, 

А войт даўным-даўнюсенька

Загад пад акном крычыць:

Хто пойдзе драва рубаць,

Хто крупы таўчы і драць,

А хто з цэпам малаціць,

Каму брагу калаціць.

А вось і акоман сам

Прыбег к карчме на кані.

«Слухай, крычыць, слухай, хам!

У карк шэльмаў тых гані!

Бо як толькі апазняцца,

То скажы тым гультаём,

Што й здароўем не відацца,

Так задам ім нагаём».

А ўжо нечага маніць:

Доўга будзеш памятаць,

Калі возьмець драць і біць,

То і з зямлі не ўстаць.

А вось бліснулі агні,

Войт стадолу адчыніў,

I акоман на кані

У стадоле — як тут быў.

«Гэй, дабрыдзень, Аляндару!

Што тут новага чуваць?» —

«Уф! Вяльмозны камісару!» —

Дый так яму стаў брахаць:

«Ясны пане! сто з тут цуць,

Цы я магу ўсё знаць,

Ат!.. ведама — людзі п’юць,

Каб толькі на доўг даваць.

Ны!.. як пан мне прыказаў,

Каб я таго не цыніў,

То напавер і не даў,

Хоць Гапонцык і прасіў

Маёй Сэйны, сто Бог крый!

А як я не дапусціў,

То ён, ухваціўсы кій,

Ну!.. Пан ясны, звазай сам,

Калі схоцэць хто у сваты,

Цы то дзела будзець нам,

Цы мы таму вінаваты?» —

«Як то ў сваты! то Гапон

Ужо задумаў жаніцца?» —

Крыкнуў з сэрцам акамон

I вось як пачаў браніцца:

«Ах ты юха! ах ты пес!

Ты латруга! — знаю я,

Куды цябе хіне бес;

Да пастой, душа мая!..»

«Ты тут, войт?» —

Войт пакланіўся

Ды за вухам пачасаў;

Пане!» — абвясціўся.

Ось акоман закрычаў:

«Бяжы, гіцлю, мне сейчас

I Гапончыку скажы,

Каб явіўся сюды ўраз,

Спраўна ж, гіцлю!.. ну!., бяжы!..

А ты, пане аляндару!

Паднясі жа мне гарэлкі».—

«Гіт! гіт! Ясны камісару».—

Дый пачаставаў з тарэлкі

Поўнай шклянкай; акамон

Выпіў з шклянкі, закусіў,

Аж тут з войтам і Гапон

Цераз парог праступіў;

У пояс ён пакланіўся,

«Нех бэндзе!» — громка сказаў, 

Крыху ўперад падступіўся

I, што вяляць, дажыдаў.

Рыжы вусы акамона

Шчэццю уверх паднялісь;

Зыркнуў скоса на Гапона,

Вочы кроўю залілісь,

Губы страшна пакрывіў,

Кнут у жмені аж трашчыць;

Як к Гапону падступіў,

Так і ўзяў яго сушыць.

«Як ты смееш, воўча юха!

Без двара у сваты слаць?»

I бразнула аплявуха,

Што Гапон ледзь мог устаць.

«Ось я табе, ўражы сыну!

Як адвешу сатні дзве,

То забудзеш Кацярыну

Да забудзеш і сам гдзе».

Гапон набок пашатнуўся,

Твар далоняю закрыў,

Навакола абглянуўся

Да за таўкач ухваціў.

«Каб я Бога не баяўся,

Паказаў бы я табе!!

Чаго ты тут прыскяпаўся?

Думаеш, баюсь цябе?

Пані за то не сярдзіцца,

Хоць шлюць сваты без двара,

I пазваляе жаніцца,

Як каму на то пара.

А ты! Маўляў ваўкалака,

Здзекуешся тут над намі;

Сцеражыся ж... ты, сабака!

Помні, што і мы з зубамі».

Коман, як ту рэч сумеў,

Да стадолы пабяжаў,

Гапон кончыць не паспеў,

Так з карчмы ён цягу даў.

Крый Госпадзь! як ён злякаўся, 

Ледзь дахаты змог прыбыць

Да на ўсіх святых закляўся

Гапона навек згубіць.

Вечарком раз ў двор ідзе,

Яснай пані б’е чалом;

Быццам верны аканом,

Ён такі ляпорт вядзе:

«Кепска, пані, ў нас чуваць, 

Уся воласць у трывозе,

Не адзін будзе ў астрозе;

Хлопцы сталі бунтаваць».

«Хрыстэ, Пане найласкаўшы! —

Крыкнула пані, прыўстаўшы.—

А то чыста кара неба!

Бедны люд ратоваць трэба!»

Коман затылак пачэша

Дый так далей пані брэша:

«Гапона трэба уняць:

Невесь, як ён там пранюхаў,

Чы ў дварэ мо’а падслухаў,

Што некрутаў будуць браць.

Ён усіх хлапцоў сазваў

Дай так, баш, ім расказаў:

«Бяду, браткі, мы наждалі,

Некрутаў здаваць казалі;

Чаго тут добрага ждаць?

Трэба у лес уцякаць.

А не — усе сабяромся,

Хто з калом, хто з абухом,

I занішто не дадзёмся,

Хоць там трэсні аканом».

Гэтакі, баш, мой савет,

Іной, пані, рады нет:

Трэба Гапона паймаць

Дый першага яго здаць;

Тагды усе пабаяцца,

Перастануць бунтавацца».

Пані рукі заламала,

Са страху на ўсё прыстала.

Так Гапон наш скончыў танец, 

Ён надзеў казённы ранец

I пайшоў цару служыць.

Кацярына ж усцяж плача,

А коман пры беднай скача,

Вот налёг яе згубіць:

Прыказаў зазваць у двор

Дый у прачкарню упёр;

Баш! узяла погань моч:

То прыкінецца к ней лісам,

То са злосці страшным бесам, 

Штоб як-небудзь яе змоч.

А Кацярынка галосіць!

I, падняўшы к небу рукі,

Яна Бога усцяж просіць,

Штоб акончыў цяжкі мукі.

Так раз яна у садочку,

Дый у цёмным у куточку,

Горкі слёзкі вылівала,

Сваю долю праклінала.

Бог пажалеў сіраціну,

Трэба ж у тую гадзіну

Пані па саду гуляць

I бедненькую спаткаць.

«Што ты, сэрца, цяжка стоніш, 

Аб чом горкі слёзкі роніш,

Хто пакрыўдзіў, скажы мне?»

Кацярынка ж без трывогі

Яснай пані пуц у ногі

Дый так расказ свой іме:

«Пані наша найяснейша!

Маці наша наймілейша!

Вот крыўда мая така!» —

Ну ж тут праўду ёй казаці,

Акамона цукраваці,

Не жалела ж языка.

У пані вушы павялі,

Аж воласы дыбам сталі,

Як пачула той расказ,

I успляснула рукамі,

I залілася слязамі

Дый такі дала прыказ:

«Штобы пана аканома

Ні нагі тут каля дома

За гадзіну не было».

Вот ён, далоў нос спусціўшы

Ды, як воўк, вушы стуліўшы,

Пакінуў двор і сяло.

3 той жа пары Кацярына

Як пакаёва дзяўчына

Пры пані стала служыць;

Пані яе палюбіла,

Чытаць, пісаць навучыла,

Па ксёнжцы Бога хваліць.

Песня 3

Хто пад кім яму капае,

Часта сам туды ўпадае.

3 камедыі-оперы «Ідылія»

Не так скора час праходзіць, 

Як казка рэчы выводзіць.

Вот пяты гадок настаў,

Гапон на вайне як служыць,

Кацярынка па ім тужыць,

А акоман — цягу даў.

У горадзе Магілеве,

Пры шырокім пры Дняпрэ,

Гудзіць — кабы шэршні ў дрэве, 

Кіпіць — як бы у катле.

Там вуліцаю пан гоніць,

Каляска страдой ляціць,

Пад каньмі аж зямля стоніць,

«А хварысь, падзі!» — крычыць.

Тут сустрэнеш каламажку,

Вот конікі! глядзь! кругом

Гладкі — ляцяць уразмашку;

Гэта пэўне аканом.

Далі хтось там на драбіне,

Конік, быццам рак, паузе,

Згадаеш па кіслай міне,

Што пасэсара вязе.

А там хвурманак багата,

Маўляў грыбоў у бару;

Глядзіш! то нашага брата

Вязуць на службу цару.

Кабы галодны сабакі,

Так жыдоўскі лапсардакі

Лезуць к табе саранчой;

Пападзіся ж ім у когці,

Наўрад патрафіш іх змогці,

Вытрабушаць карман твой.

Вот у каменны палаты

Сходзяцца паны багаты,

Золата на іх кіпіць;

Мужычкоў туды ж прыводзяць,

I аднадворцы прыходзяць,

Там на службу маюць брыць.

На сярэдзіне святліцы

Стаіць стол, накрыт сукном,

Пры нём, з крыжам у пятліцы, 

Падпёршыся кулаком,

Ясны маршалак сядзіць;

Ён, маўляў рабін у школе

Чы як хвурман у стадоле,

Важна так на ўсіх глядзіць.

Направа пан вельмі срогі,

Вусы, як у быка рогі,

Вот так старчмою стаяць;

Воласы яго сівенькі,

Мундзір на нём галубенькі,

На грудзях крыжы блішчаць.

А за ім якісь пузаты,

Быццам мядзведзь, так касматы, 

Гэта дохтар мае быць;

Рукі за сабой трымае,

Пальцамі перабірае

Дый часта ў карман глядзіць.

3 девай стараны маршалка,

Тоненькі, просты як палка,

На розум, відна, хіцёр!

Ён спадлоб’я паглядаець,

У руцэ пяро трымаець;

Гэта, кажуць, пракурор.

На канцы якісь вайсковы,

Смаглы, відны і здаровы,

Прыгожанькі кавалер!

Часта ён на стойку вокам

Меціць ў раздум’і глыбокам;

То прыёмны ахвіцэр.

Вот з крэсла маршал схваціўся, 

Усім у пояс пакланіўся,

Табакеркай заскрыпеў;

Далі крыкнуў да дазорцы:

«Няхай начнуць аднадворцы!» —

Дый зноў на места прысеў.

Тут ля бакавой раздаўся

Святліцы жалабны стон,

I найпершы паказаўся

Наш знаёмы акамон.

Як прыйшла шляхце трывога,

Штоб бумагі ўсяк складаў.

Коман, з дапушчэння Бога,

У аднадворцы папаў.

I вот, маўляў, не урокам

Кажучы, пагана чэсць!

Трэба ж, бытта бы нарокам,

На очэрэдзь яму ўлезць.

Як вала вядуць на бойку,

Так акомана пад стойку;

Ён жа не пацягне і ног,

Да скорчыўся у клубочак,

3 дохтара не зводзіць вочак, 

А так стогне, што крый Бог!

Дохтар важна прыступае

I некрута аглядае,

Зубы, ногі, бакі, стан;

Патуль каля яго тупаў,

Пакуль кругом ні ашчупаў,

Вот маўляў каня цыган.

Відна, з сабой яны зналісь,

Пярвей, відна, паўстрачалісь: 

Дохтар, баш, ганьбу найшоў.

Кажа, ў службу не гадзіцца,

Яму трэба палячыцца,

Да і меры не дайшоў.

А некрут: «Мае паночкі,

Вы, ясныя сакалочкі!

Гдзе тут хвораму служыць?

Вот так коле мне у грудзі,

Што сухвоты, кажуць, людзі,

I ў баку вельмі баліць».

Кабы варам абліў плечы,

Як пачуў гэтакі рэчы

Наш малады ахвіцэр;

Ён з места свайго самкнуўся, 

Пры некруце апынуўся,

Глядзіць, быццам ліхі звер.

Пад стойкай яго прастуе,

Струной цягне дый мацуе,

А ў бораду кулаком

Як парадкам яму суне,

Глядзі! вот саўсім ачуне

Наш няшчасны аканом.

«Нашто людзей, кажа, зводзіць?

Ён меру нават праходзіць,

Я бяру на свой атвет;

Яка тут, к чорту, хвароба?

Здаць! — а пасля будзе проба, 

Возьмем яго ў лазарэт».

Дохтар кішэню пачухаў,

Маршал табакі панюхаў,

Некрут жаласна запеў;

Сударга на акамона

Напала; пазнаў Гапона —

Дый са страху абамлеў.

Песня 4

Ехала Агатка да вянца,

Сыпала золата з рукаўца;

Хто гэта золата пабярэць,

Той мяне на вянец павядзець.

3 вясельнай песнх беларускага люду

«Начніце варгі нашы хваліць Панну Свенту!

Начніце апавядаць чэсць ей непаенту».—

Гэтак тонкім галасочкам

У двары раз вечарочкам

Кацярынка прыпявае:

Яна у добрай ахвоце

Хваліць Бога пры рабоце,

А пані ей памагае.

Цяпер нашу Кацярыну,

Тую сельскую дзяўчыну,

Хто б сустрэнуў — не спазнаў: 

Панску гаворку сумела

I сукеначку надзела,

Быццам паненка — маўляў!

А хоць яна пакідала

Яркі каснікі, гарсэт,

Да ў душы не перастала

Уздыхаць да прошлых лет.

Вот часта яна у святкі

Пабяжыць да сваей маткі,

Да сэрца яе прыляжа,

Роніць слёзкі дый так кажа:

«Радная ты мая маці!

Пажалей свайго дзіцяці,

Слёзкі яго асушы.

Гдзе ж Гапонка наш дзяецца,

Як, беднаму, там вядзецца?

Цяжанька ж мне на душы.

Яшчэ б штоб Усціння жыла,

Яна б з намі патужыла,

Утраім было б лягчэй;

А то цёмная магіла

Яе, родную, пакрыла,—

Не змагла тугі сваей».

Вот так, баш, як мы казалі,

Яны з паняй вечарком

Святы песні запявалі,

Аж лякай убег прытном

Дый кажа: «Пані вяльможна!

Заехаў у двор цяпер

Якісь важны ахвіцэр

I пытаецца, чы можна

3 яснай паняй павідацца,

3 сваей чэсцю паказацца?»

А пані кажа — прасіць!

Дай чапец свой падцягнула,

На Кацярынку зіркнула,

Чы няма ў чым пахуліць.

Тут у дзвярэй паявіўся,

Сюды-туды пакланіўся

Прыгожанькі ахвіцэр;

Красны, відны і здаровы,

3 ясным вокам, чарнабровы,

Золатам блішчыць мундзер.

Як глянула Кацярынка,

Здрогнула, маўляў асінка,

Слёзкі брызнулі з вачэй;

Ручкі на грудзях злажыла,

Быццам другі раз ажыла:

Гапон найшоўся пры ней.

Ён гэтак, баш, як стаяў,

Угрунь кінуўся у ногі

Яснай пані і начаў

Свае рэчы без трывогі:

«Спазнай, панюхна, Гапона,

Што ласкаю акамона

Пару ён пайшоў служыць;

Ён на вайне заслужыўся

I ахвіцэрства дажыўся,

Цяпер жа мае прасіць,

Штоб ты, пані! — кабы маці,

Маўляў, сваяму дзіцяці

Долю шчасну даравала

I, калі згодна ядына

Наймілейша Кацярына,

Зручыць нас не адмаўляла».

Кацярынка ж, як стаяла,

Тут жа к нагам ёй прыпала,

А так міленька глядзіць,

Што пані і расплылася,

Крэпка з ёю абнялася

Дый ну ж ім благаславіць.

Хоць Гапон чыноў дажыўся,

Да ведаў, з каго радзіўся,

Не хацеў прынараўляць

Паном,— а простым звычаем,

Ён мужыцкім абычаем

Здумаў вяселле сыграць.

Вот у ўдавы Агрыпіны

Гаспадароў повен двор,

А наперадзе дружыны

Стаіць важна сват Хвядор;

У руках з гарэлкай пляха,

А чарка таўста, як вол,

Міргнуў! — і Малання-сваха

Абрусом накрыла стол.

Ён пляшку з чаркай паставіў, 

Разны закускі дабавіў

Дый з галавы шапку зняў;

Агрыпіне пакланіўся,

Водкі да яе напіўся

I такі рэчы начаў:

«Нех бэндзе Езус Хрыстус пахвалёны!

Для спасения грэшных з Марыі зрадзоны.

Не прыйшлі мы чарадой ад сябе, 

Да прыслаў нас Гапон да цябе.

Ёсць у цябе Кацярынка-дочка, 

Яна ў маці, як правае вочка; 

Дый Гапон наш малады,

Ён цару верна служыў,

Чыноў, почасцей нажыў,

Хват-дзядзіна — хоць куды!

Б’ём мы ўсе чалом вашэці!

Зазаві яе із клеці,

Няхай з намі пагуляе

Дый гарэлкі папытае».

Тут дзяўчаты, маладзіцы

Кацярынку із святліцы

Чэсна пад ручкі вядуць

I такі песні пяюць: 

«Ото ж табе, Хвёдарка, 

Увядзёнка Кацярынка; 

Калі яе любіш — дай пірог,

Калі не любіш — то вон за парог!

Не хваліся, што ў нас быў,

Што нашай Кацярынкі не злюбіў».

Хвёдар маладу ўстрачае,

Поўнай чаркай прапівае,

Пірог, сыр кладзе на стол;

Гарэлка у міску льецца,

Рублявік на дне бадзецца;

Разгудяўся сват вясёл.

А дзеўкі водку забралі,

Закускі, пірог і сыр,

У істопку пабяжалі,

Галосячы на ўвесь мір;

Уздаволь там пілі, елі

I гэтакі песні пелі:

«Мовіла бочачка, у піўніцы стоячы: 

Калі мяне не вып’еце,

Сама выкачуся,

Па дварэ разальюся

Ракой да крыніцай,

Сцюдзёнай вадзіцай,

Мовіла Кацярынка, у маці седзячы: 

Калі мяне не выдасі, То я сама пайду; 

Па дварэ памаленьку пабраду, 

За вароты угрунь пабягу».

Тут яны у позну ночку,

Аж да яснага світочку,

Пілі, елі дый гулялі,

Запоіны праважалі.

А ў суботу вечарком,

За Грыпініным сталом,

Сядзела така дружына:

На пачэсным на куце

Важна гаворку вядзе

Перша сваха Акуліна.

Дружкі ўправа, возле сваці,

Дзве прыгожы маладзіцы,

То Гапоніны сястрыцы,

Хоць не адной яны маці.

Ўлева намеснік сядзіць,

Жадна на пляшку глядзіць.

Далі сустрэнеш Гапона

Дружкоў, Янку да Мірона,

На канцы ж хросны Даніла,

То маладога вазіла.

А сват Хведар, то і дзела,

Гарэлку ўсцяж падлівае,

Новы закускі стаўляе:

Пірагі, сыр,— што прыспела.

Тут чатыры маладзіцы

Цягнуць дзяжу із святліцы,

На крыжу яе стаўляюць,

Бел каравай рашчыняюць;

Сваха муку ім прыносіць

Дый благаславення просіць:

«Ёсць тут Бог дый матка,

Радзоныя, і суседзі блізкія, 

I дальнія мужы сустрэчныя,

Бабкі запечныя,

Дзеткі заплечныя,

Благаславіце краснай панне каравай учыніць».

Каравайкі ж пры рабоце

Пяюць у добрай ахвоце:

«Благаславіце, людзі,

Блізкія суседзі,

Гэтаму дзіцяці

Каравай замясіць

Ручкамі бяленькімі,

Персцянямі залаценькімі,

Песнямі весяленькімі».—

«Ты ступ, Божа, з неба,

Як нам цяпер трэба;

Памагаў рашчыніць,

Памагай замясіць.

Не стой, Божа, за дзвярмі,

Да йдзі, Божа, ў хату,

Да сядзь, Божа, на куце,

Да дай долю маладзе!» —

«Я у хату не пайду,

Я за дзвярмі пастаю,

Маладзе долю перашлю».—

«Збірайся, родзе!

Да к беленькаму караваю,

Старыя бабы ля парадку,

Маладыя маладзіцы песні пець, 

Удалыя малайцы каравай печ».

Да штоб усё расказаці:

Які парадак у хаці,

Як змовіны адбылі

Дый каравай адпяклі,

Як хлопцы, дзеўкі скакалі

«Лявоніху», то «Бычка»,

«Мяцеліцу», «Казачка»,

Як маладую саджалі

На пасад,— казка така,

Што не стала б языка.

Вот прыйшла нядзелька красна, 

Засвяціла зара ясна,

Гапон наш мундзір надзеў;

Шчыра уздыхнуў да Бога,

Сеў на каня варанога

Дый к маладой паляцеў.

А дружбы, Янка з Міронам,

Віхрам садзяць за Гапонам;

Следам хлопцаў грамада

Ляціць — песні запяваець,

Вецер світкі развяваець,

Ну, прыгожа чарада!

На канцы вазком Даніла

Гудзіць! — сколькі зможа сіла

Канем — музыку вязе;

Ананя ж прыпяваець,

Ёмка смыкам падсякаець,

Не заўважыў, што трасе.

Як заехала дружына,

3 хаты выйшла Агрыпіна,

Надзеўшы кажух наўзнак;

Чарку Гапону падносіць,

У святліцу зайці просіць

I рэчы выводзіць так: «Зяценька!

П’ю на цябе поўным кубкам,

Добрым здароўем,

Што мыслю сабе,

То і табе».

Гапон чарку бярэ ў рукі,

Двойчы выліў за сябе.

ХрЭЦі раз для вырукі

Белы рублявік кладзе.

Грыпіна чарку прымае,

У святліцу запрашае.

Дзеўкі ж карагодам ходзяць,

Жалабны песні заводзяць:

«Хто ў полі паціхоньку гукаець?

Там Кацярынка свайго таткі шукаець.

Хоць шукаець, не шукаець — не знайдзець.

Ой, далека яе татачка, далека, 

У сырой зямлі, 

у жоўтым пяску глыбока.

Да зрабілі добры людзі вечны дом, 

Без дзвярэй, без аконачка, без сонца,

 Не прамоўлю, дзіцятка, ні слоўца».

Тут настала частаванне

Дый падаркаў раздаванне,—

Сотню паясоў, маўляў!

Свата ручніком звязалі,

Баклагу у рукі ткалі,

Штоб гарэлкі больш дастаў.

Лубку з жытам падстаўляюць,

Маладу на ёй саджаюць,

Як каралеўну на ўрад;

Яна жа усцяж галосіць,

Кругом паклоны разносіць

Дый зноў сядзе на пасад.

Дзеўкі, хлопцы п’юць, гуляюць, 

Пад скрыпачку падпяваюць:

«Скочыла Кацярына з лаўкі далоўкі, 

Скланілася мамачцы нізка ў ножкі,

 Коркамі зямлю парыла,

Слёзкамі ножкі намыла;

Карыся, Кацярынка, старому,

Кланяйся і маладому,

3 паклонаў галоўка не баліць, 

Стары і малы благаславіць».

Як баш нявесту прыбралі,

Да двара так паскакалі

Яснай пані чалом біць,

На вяселле папрасіць.

А пані — не пані, маці!

Маўляў роднаму дзіцяці,

Прыгожы пасаг дала,

Радасну слёзку ўраніла,

Маладым благаславіла,

Сама к вянцу павяла.

Ксёндз маладых спатыкае,

На ўсё жыццё іх злучае;

А як скончыўся абрад,

Скрыпіцелі загудзелі,

Дружкі весела запелі

Дый вярнуліся назад.

Паню на кут запрасілі,

Пры ней ксяндза пасадзілі,

Сват парадкам начаў чэсць;

Шва, мёд ракой ліліся,

Каўбасы з салам найшліся,

Уздаволь было піць, есць.

Дзеўкі, хлопцы, маладзіцы

Цэлу ночку па святліцы

Бадзяліся, хто як змог.

Як у гаршку, там кіпела,

Ад пылу аж пацямнела,

Суматоха — што крый Бог!

Я на том вяселлі быў,

Шва, мёд, гарэлку піў,

У роце здаволь было,

Аж па барадзе цякло.

Канец аповесці