автордың кітабын онлайн тегін оқу Калыханка
Багушевіч Францішак
КАЛЫХАНКА
Люлі, сынок, люлі, люлі!
Усе курачкі паснулі,
Ой, паснулі і курчаткі
Пад скрыдэлкам сваёй маткі,
А ты чаго не спіш, сынку,
Як бы чуў ліху гадзінку?
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
А як матка прыйдзе ў госці,
Ой, то будзе ёй радосці...
Сядзе матка ў кут на лаве,
Сын хлеб-соль прад ёй паставе,
Ручкі, ножкі пацалуе,
Памілуе, пажалуе;
Пачастуе мядком сытным,
Блінком мякенькім падсітным,
Піражочкам і з начынкай,
Верашчачкай гарачынькай...
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі!..
Ой, то будзе рада матка,
Хоць і простая салдатка,
А усякі шапку здыме,
Як дазнаецца аб сыне.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
Людцоў божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў свеце жыці,
Будуць клясці, як ліхога,
Прасіць смертанькі ад Бога.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Тагды матка прыйдзе ў госці,—
Сын выкіне стары косці,
Жабруючы, пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць матку боску,
Каб забыцца ёй аб сыне,
Каб не ведаць, гдзе ён згіне.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі!
Ой, не будзь ты лепей панам
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала...
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Усе курачкі паснулі,
Ой, паснулі і курчаткі
Пад скрыдэлкам сваёй маткі!..
