автордың кітабын онлайн тегін оқу Быў у чысцы
Раз у дзень задушны, якраз апаўночы,
Іду я дадому… а цёмна і ўюга —
Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,
Але так, у меру падвыпіўшы туга;
Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,
Як паноў не стала, ці то была доля?
I лічу на пальцах: паншчызны дванасце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля…
Там быў аконам, камісар і цівун,
Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.
I кожны меў права узяць за бізун,
I кожны меў права да нашай спіны…
А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў,
Не надта свабодна у гэтай свабодзе.
I давай я лічыць паноў новых зноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
З’езд міравы, прысутства і сход…
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот.
А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..
Іду… калі, шусць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся: — ён, тыкі ён і стаіць,
I стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном…
Схудаўшыся толькі: скура ды косць.
А белы весь чыста, белы, як снег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсць
I плямкі на пальцах — мусіць, то грэх?..
«Браціку,— кажа,— браце Мацей!
Ратуй маю грэшную душу
З чысца, з рук подлых чарцей,
Альбо навекі загінуць я мушу!
Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,
Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,
Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,
Прыліп да мяне і не змыты;
То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,
За цябе, што нявінне быў біты.
Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
Аж да чысцу таго, аж на дне,
I выбач ты мяне, што як быў малады,
Твая жонка-краса спадабалася мне.
I палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!»
Я заплакаў з жалю, але думаю: досць
Нацярпеўся і ён, балазе што жывы,
Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косць.
Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы!
I дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
I цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
I каго ж тут няма? — тут і пан, і жабрак,
Ганарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок — сказаць так —
Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік.
Хто за што, а як баб — дык найбольш за язык.
Языкі ж даўжыні — так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,
I ніяк дабяла прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;
Чараўніц а і зводняў старых,
Тут я шмат і знаёмых найшоў,
Але так не чапаў ужо іх.
З мужыкоў тут не надта каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў.
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той свет, як па масле, пайшоў.
А панам дык і трудна цярпець
Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!
Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь,
А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,
Бічам б’е, ражном пора у тыл,
Морду круце набок і за кудлы трасе;
Стук і крык, аж віхор круце пыл,
Так пан чортавы воз той нясе.
Там паны і муруюць й аруць,
Вымятаюць і свінні пасуць,
А смалу дык, як мёд, там жаруць,
А камення, як горы, нясуць,—
Усё ў пекле каб дно як зрабіць,
А ўсё толку няма іх работы нігдзе:
Тут яны робяць усё, абы збыць,
I там ім гэтак работа ідзе.
Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма.
Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.
А другі дык вісіць, але як? —
Дык і стыдна мне вам гаварыць,
А са стыду чырвоны, як рак,
Вочы жмура, як кот, і гарыць.
А тут баба яго так кляне
Ды так лае з астатніх жа слоў,
Што, каб гэтак хто лаяў мяне,
Я б яго з свету даўно перавёў.
Станавы, старшына і тый тут.
Тым дык чорт усё грошы збярэ,
Скруце цвёрды круцель або жмут
Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ;
Каласірам ці чым там паліў,
I жмут той у горле агнём запаліў…
Але ж і ёсць там народу, аж цьма!
I роду ўсякага, і стану, і веку,
Хто не жыў на зямлі, таго тут няма;
Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку!
Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,
Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць.
Чорт і яго запрагае у фуру.
Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!»
Я брызнуў крапідлам на твар,
Ён аж зрадзеў, як дзіця,
Як хапіўся рукой за той каламар,
Што узяў я з вадой яму для піцця,
Дык высахла зараз вада аж да дна;
Ён стаў такі светлы, як гэты дымок,
Стаў нікнуць, засталася пара адна,
I знік так, як нікне на слоньцы аблок.
Не помню, як выйшаў я з чысцу таго,
Праснуўся у хаце на печы аж днём.
Усе кругом плачуць, не ведаць чаго,
А пале мяне дык так, як агнём!
Трашчыць галава, баляць усе косці
I надта вады зажадалася піць.
Напіўся і зноў паў я у млосці!..
От давялося ж у чысцы мне быць.
