Мая хата
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Мая хата

 

Бедна ж мая хатка расселася з краю,

Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю,

Ля самага бору, на беражку лесу;

Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу.

Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,

Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба?

Да хоць няма хлеба, жабраваць не буду,

Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!

 

Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,

I дымна, і зімна, а мне яна міла;

Не буду мяняцца хоць бы і на замкі,—

Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.

На страсе мох вырас, на маху бярозка.

Мільшая мне хатка, як чужая веска.

 

Сваталі ж мне ў прыймы у новую хату,

На зямлю ражайну і дзеўку багату;

Буду жыць, казалі, як які пасэеар,

Ездзіць парай коні, як сам пан асэсар;

Да мне даражэйшы вугал гэты гнілы,

Камень пры дарозе, пясок ля магілы,

Як чужое поле, як дом мураваны! —

Не аддам за сурдут каптан свой падраны.

 

Клікалі ж у госці і клічуць суседзі —

Не пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі

Ад чужога хлеба губы абсядаюць,

Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць.

Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,

Не пайду да вас я, хіба у арэшце.

А хоць сілай навет адарвалі б з дому,

Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому.

Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,

Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы!

 

Насек бы бярвенняў, нацягаў бы моху,

Зноў бы склеціў хату як-кольвек, патроху,

Зрабіў бы камору, выкаваў бы жорны,—

Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны!

Ну дык жа адстаньце, нашто я вам трэба:

Ці каб ваш хлеб есці, ці рабіць вам хлеба?