автордың кітабын онлайн тегін оқу Хрэсьбіны Мацюка
Калісь, як у нас казакі то стаялі,
У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі.
Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца,
Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца,
А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?»
Думаю: хто ж я? — ужо ж Юркаў сын!
«Тутэйшы,— кажу я,— свой чалавек:
Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,
Тут і радзіўся, тут жыву век;
Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.
Вун гдзе і хата, і выган, і сад;
Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..»
Ён кіпіць горай, пытаючы, лае,
Крычыць, і б’ецца, і ў твар штурхае.
«Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?»
Я дай круціцца туды і сюды,
Думаю: што б тут сказаць яму мне?
«Я не нашу,— кажу,— барады».
«Да ты,— ён кажа мне,— веры якой?
Ці ты праслаўны, ці ты — паляк?»
«А дайце ж, паночку,— кажу, — мне пакой,
Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..»
Як сцебане, пракляты, мяне,—
Аж у вачах чырвона здалося!
Каб я ж чым-кольвек ў якой віне,
А то не ведаць, скуль узялося?
Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так,
Што васпан б’ешся без дай прычыны,
То, мусіць, і праўда, што я і паляк
I буду паляк я ад гэтай гадзіны!..»
Ну і далі ж мне добра на знак:
Цягнулі, біўшы, у Замаслаў,
Каб помніў крэпка, што я паляк,
Каб і вам гэта здарэнне сказаў!
Тое прайшлося, пайшлі і казакі,
Калі пад восень завуць нас у збор:
«Прыехаў,— кажуць,— начальнік такі,
Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!»
Трэба ўсе кідаць (хоць святам было).
Народам, як макам, весь двор заліло:
Князь у палетах, васолы такі!
«Эх,— кажа,— рыбяты! — вы дуракі,
Што ў рускай зямлі ды каталікі!
Ну, цар вас прымае у сваю веру;
Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішыце, а поп пасвенце,—
Будзе ўсё добра, усюды пашэнце.
Ну братцы, вып’ем па чарцэ усе;
Бацюшка крыж і крапідла нясе!»
Мы ж толькі зірк адзін на другога,
Маўчым, трасёмся, не кажым нічога:
Ён Міруна за плечы ўзяў,
Вядзець да стала, гарэлкі падаў:
«Пій на здароўе і так пішы:
— Вот сабраліся дзве тысяч душы;
Рускую веру хочым прыняць,
Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…»
Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў,
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў.
«Як,— кажа,— людзі, так,— кажа,— я,
Спытайце,— кажа,— вун Мацяя;
Як ён ды скажа перавярнуцца,
Дык усе вёскі на яго здадуцца».
Цягнуць мяне да таго князя,
А тут аж мурашка за скурай лазе.
«Ну што, маладзец, нап’ёмся водкі?»
Даець мне грошы, такі салодкі:
Усё гавора, радзе, пытае,
Жонку цалуе, дзяцей гайдае.
«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..»
«Надумаўсь,— кажу,— каб сто катоў
Дралі мне скуру, пяклі на агню,
Я веры сваей тыкі не змяню!»
Іх! закіпеў той князь, аж зароў,
Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў…
«Розаг падайце, нагаек, сто лоз!
Ён з веры смяецца мне тут пад нос!»
Хапілі мяне якісьць гайдукі,
I розаг падалі чатыры пукі,
I б’юць — не баліць, хоць за сэрца бярэ:
За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!
Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!»
О так то хрысцілі мяне казакі
З тутэйшага ды у палякі!
