Не ўсім адна смерць
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Не ўсім адна смерць

 

Жыў пан у палацы,— багаты:

Не мог палічыць сваіх грошы,

У склепе, як бульба, дукаты…

А пан з яго быў нехарошы.

А жыў у раскошы вялікай:

Захоча, бывала, каб гралі,

Дык цешаць яго і музыкай;

Захоча, каб людзі скакалі,

Дык скачуць, бывала, п’юць і ядуць…

А плакаць, дык плакалі многа,

А часам і плакаць не так-то дадуць.

А пана баялісь, як Бога.

А піў ён, а еў! дык, а Божа!

Каб на той хлеб зарабіў,

Дык за раз гадоў тры ён, можа,

Сваёй працы ў міску убіў.

Еў ды піў ды крыўдзіў народ,

Ды грошы здзіраў, гдзе прымог.

Мусіць, думаў — тут вечны жывот,

Аж іначай падумаў сам Бог.

 

А у хаце ж крывой жыў мужык,

I калекі быў ён, і хварэў;

Хата ў дзюрах, як лапаць ды з лык.

Сам па два дні нічога не еў.

Калісьці быў, кажуць, надта ліхі

I першы падліза у пана;

Былі на душы усякі грахі,

I пекла даўно абяцана.

А жыць было цяжка, бядота,

Людцы праклінаюць за штосьці…

Каму ж гэтак жыць ёсць ахвота,—

Ніколі ніякай радосці?

 

Тым часам у пекле дык чэрці

I хаму, і пану прызналі кут.

Пытаецца чорт у цётанькі-смерці:

«Калі ім абодвум будзе капут?»

У чвартак чысты была калейка

Скончыцца пану і хаму,

Каб без пазвону душа-зладзейка

Стала ў пякельную браму.

Паслалі чорта (трохі храмога),

Каб душы абыдве ён разам

Проста да чорта старшога

Прывёў з чартоўскім указам.

Храмы чорт паляцеў перш у хату;

Глядзіць, аж мужык за сталом

На дзюру ў кажусе кладзе лату,

Потым хату мяце памялом…

Чорт падумаў: «Не прэндка умрэ;

Пабягу я да пана, пагляну».

Прыляцеў, аж смерць пана бярэ;

Дактары сцерагуць, лечаць рану,

Што па горле касой смерць чыкне,

Дык яны, дактары, капляў тыц,—

I не знаць, ці касіла, ці не,

Зараз рану загояць як ніц!

Умарылася смерць: пан раве,

Уміраць ані мысле сабе;

Аж кашулю парваў, коўдру рве

I ўсё грошы пад бруха грабе.

Калі дзынь-дзылінь, шусць: ксёндз прыйшоў!

Смерць касой як махнула з пляча,—

Пан, як рэзаны вол, так зароў;

Чорт душу захапіў згарача

I ківае на смерць, каб ісці

Забіраць мужыка, бо змеркла,

А яму ж трэба душы нясці,

Прад паўночай каб стаць аж у пекла.

«А ты хібе яго не запёр?

Я ж пярвей мужыка апрастала,—

Кажа смерць,— ён дык лёгка умёр,

Клікаў смерць, бо хлеба не стала.

Ён прад тым і у споведзі быў;

Уміраў, як заснуў, ні пікнуў!»

Чорт са злосці сабакам завыў,

А тут старшы яго зараз клікнуў.

Чорт, панскі хапіўшы дух, знік;

Мужыцкі ж валочыцца той дух,

Не мае прытулку нігдзе той мужык,

А пан ідзе ў шчот у пекле за двух.

А чорт за упуск душы-бядоты,

Што за смерцяй не йшоў ён слядом,

Сасланы ў рыштанскія роты

Пад пякельным чартоўскім судом.

Смерць за тое, што, ў хату ідучы

Душу забіраць, не клікнула чорта,

Праз тры дні смактала анучы

I ў халоднай сядзела запёрта.