Людзям
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Людзям

Алесь Гарун


Людзям

Люблю і я скляпеньне зор,

Люблю зямлі абшар,

I роўны луг, і ўзгібы гор,

I шум лясны, і гвар.

Люблю жыцьцё, а ў ім людзей

I кшталты іхніх душ,

Люблю вянкі плясьці з надзей, –

А не паэт. – Чаму ж?

Часамі праца ўдзень кіпіць, –

Цярплю і я прыгон, –

Аж косьць аб косьць ў плячу рыпіць…

Пачуеш ў сэрцы звон…

Ухопіш зык, за ім другі,

За тымі больш ідуць,

Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі

І цэлы дзень гудуць.

Загасьне дзень, іду дамоў,

Кладуся спаць, – і ў ноч

Цякуць радкі зьвінючых слоў,

І сон адходзіць проч.

Тагды пішу. Перад вачмі

Нясецца зданьняў рой,

І хтось стаіць па-за плячмі,

Здаецца, блізкі, свой.

Абыйме шыю пара рук

І кос дзявочых шоўк,

Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,

А звон ў душы ня змоўк…

Зірну: пакой пусты, няма…

А час сьлізнуў, як вуж.

І за вакном радзее цьма…

А не паэт… – Чаму ж?

Бо мой прыгон глытае час,

Мне воля – рэдкі дар.

Такіх паэтаў шмат у нас,

Дзе сам народ – пясьняр.

Сваіх тут жменьку я сьпісаў

Маркотных песьняў-дум;

Маёй душы іх сам сьпяваў

Па краю родным сум.

Скажу яшчэ, чаго б хацеў:

Зь дзявочых вуст пачуць

Хаця б адзін мой бедны сьпеў,

Хаця б калі-нібудзь!