Юдам
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Юдам

Алесь Гарун


Юдам

Да вас, паны, што голасна крычыце

Аб прыязьні сваёй да «беднага народу»,

Што раіце па-лісьсяму: «Маўчыце,

Нядоўга вам дамо багацтва, волю, згоду», –

Да вас мой гэты верш і словы ўсе благія,

Бо слова вы адны, а справамі – другія.

«Багацтва вам»… Няма вам нашай веры!

Бо ў той жа год ліхі, як ў полі не ўрадзіла,

Галоднаму на прокарм хлеба меры

Аднэй ня далі вы. I злаялі няміла…

Калі для нас жадаеце багацтва,

Нашто зь бяздольнага зьдзіраеце апратку?

Нашто ж тагды вы плодзіце жабрацтва,

Дамы пустошачы бязь ліку, без астатку?

«Мы волю вам»… Пракляцьце вам і зь ёю!

Чаму ад волі вашай мы стагнаць павінны?

Яна ланцуг над нашаю зямлёю;

Астрог на наш народ, спакойны і бязьвінны.

Ня вюля гэта! Што нам ні цьвярдзіце,

Мы вольнымі былі за даўнімі часамі.

Ідзіце ж проч! I з воляю ідзіце!

Да волі знанае хутчэй мы прыйдзем самі.

«Мы згоду вам»… Пакіньце ашуканства!

Вы – бойкі братняе чарнейшыя прарокі,

Бяз звады вам, нашэптаў, падтыканства

Нямілы Божы сьвет, ня ясны, не шырокі.

Ня просім вас! Ня трэба вашай згоды!

Свае вялікае дзядоўскае багацьце

Хаваем мы; ад Бога ўсе народы

I бацькі аднаго ўсе дзеці – людзі, брацьця.

Адкуль вы к нам? Чыйго племя і роду?

Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды і бяз сэрца?

І што вам з нас, ад нашага народу?

Чаму так жычыце яму хутчэй памерці?

Га! Знаем вас, атручаньня найміты:

Вы – служкі чорныя Ясьнейшага Мамона,

Вы – мора бруд ля берагу намыты;

Бяз дум і без мазгоў, вы – золата бяз звона.

Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды бяз сэрца?

Чаргою воўчаю зьяўляецесь усюды,

Дзе клічуць вас для крыўды, для націску

На праўду вечную… Вы… імя вам Іуды!

Ідзіце ж проч! Бясплодна ваша трата

На ласкі лісьсія. Пакіньце слова «брат»!

Вы цяжкі сон. Каты… Вы горай ката!

Кругом праклятыя, вам бацька, брат – дукат!