автордың кітабын онлайн тегін оқу Пад штандарам
Цётка
Пад штандарам
Ня плач, матуля,
Не сярдуй, татуль,
Што забілі Вінцуля,
Што ня прыйдзе адтуль,
Што чырвоны штандар
Прад народам ён нёс,
Што крычаў: «Гасудар,
Ці наеўся ты сьлёз?
Ці напіўся крыві,
Ці накрыўдзіўся нас?
Мы з штандарам прыйшлі:
Расплаціцца ўжо час.
Штык далоў! шаблю вон!
Не страляй ў нас, салдат!
Ад прысягі Гапон
Аджагнаў цябе, брат!»
А тут «плі!» закрычаў
Капітан у сядле,
I салдат задрыжаў
I даў залп у агне.
Пахіснуўся Вінцуль,
Штандар цісьне ў руках.
Тут падскочыў патруль
I падняў на штыках.
Калі брызьне з грудзей
Кроў гарача цурком,
Як крапідлам, людзей
Ахрысьціла кругом.
Вінцуля на рукох
На магілкі нясуць,
А труна у вянкох,
I ў працэсі ідуць
I жабрак, і салдат,
I разьеўшыйся пан,
I шавец-небарак;
I сам той капітан
Чалом б’е ўсьлед труне, –
Вочы поўныя сьлёз,
Праклінае сябе,
На сябе не пахож:
«Я забіў, я праліў
Пралетарскую кроў,
Я душу загубіў,
Заплаціць я гатоў».
Капітан ашалеў
I атруты узяў.
А народ асілеў –
Штандар ўгору падняў
I нясе, і пяе,
І мільёны вядзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.
Не прапаў наш Вінцуль:
Ён жыве сярод нас.
Павярнуўся патруль,
Прылучыўся у час.
I салдат не такі,
Як тады к нам страляў,
Капітан не жывы, –
То б яго не пазнаў.
Неслухмяны салдат
Афіцэру гіркне:
«Я народу сын, брат!»,
Ў дэманстрацы ідзе.
На прыказ падаць залп
У чырвоны штандар –
Выстрал пусьціць на жарт
У аблокаў алтар.
А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.
Нясе доўг у грудзёх
Для тыранаў, цара
I прыказ у вачох:
«Цару згінуць пара!»
Кастрычнік, 1905.
