автордың кітабын онлайн тегін оқу На магіле
Цётка
На магіле
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песьняй у народзе!
Пастух дудку зь мяне скруціць,
Як зайграе, кроў замуціць,
Як засьвішча, кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
Востры зубы, як бы зь пілы,
Колюць, рэжуць, цягнуць жылы,
Смаляць, паляць, пякуць, студзяць,
Старых, малых са сна будзяць.
Як на вуглях кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
Ліст дубовы пад хлеб сьцелюць,
Жолудзь яго ў жорнах мелюць.
А дзе з дуба хоць пылінка, –
Грудзь трасецца, як асінка,
А дзе толькі дудка сьвішча, –
Людзі бягуць, як на йгрышча,
Як на дзіва кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
1905–1906
