Мужыцкая доля
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Мужыцкая доля

Цётка


Мужыцкая доля

Цяжка жыць, трудзіцца, 

Калі няма долі,

Жыта не радзіцца

На мужыцкім полі.

З капы умалоту

Ня болей асьміны, 

I еш за работу

Чорны хлеб зь мякіны.

Прыйдзе восень, – трэба

Заплаціць падаткі, 

А тут няма хлеба

I грошы няхваткі.

I жыві, як знаеш, 

Зь бяды выручайся, 

Калі сілу маеш,

Долі дажыдайся.

Дзе ж ты, мая доля, 

Дзе ж ты захавалась, 

Безь цябе няволя

I бяда засталась.

На рукох мазолі,

Дзень і ноч труджуся, 

Ня маючы долі,

Бедным спаць лажуся.

А устаўшы рана,

Вазьму касу ў рукі

I іду да пана

Касіць яго лукі.

I за сорак грошы

Дзень касой махаю.

Кажуць – пан харошы, –

Далібоц ня знаю!

Аканома знаю, –

Ды і як ня знаці, 

Штодзень спатыкаю

Тут на сенажаці.

Штодзень слухаць трэба, 

Як ён лаець брыдка.

Не пражыць бяз хлеба, 

Цярпі, мой Мікітка.

Цярплю, сьцяўшы зубы,

 I касой махаю,

Сонца сушыць губы, 

З смагі паміраю.

А дамоў вярнуся –

Дзе ж тут аддыхаці –

I ізноў бяруся

Касу пакляпаці,

Каб назаўтра рана, 

З гостраю касою

Сенажаць у пана

Выкасіць з расою.

Дзе ж ты, мая доля, 

Дзе ты, адгукніся!

1903