Восень
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Восень

Цётка


Восень

Восень гумны накладае,

Возіць снапы, расчыняе

Хлеб галодным гаспадарам:

«Ешце, людцы, вы ня дарам

Працавалі усё лета,

Закусіце хоць за гэта».

Бульбу зь ніўкі верне ў мех

Ды барзджэнька прэ ў засек.

Тне капусту з качанамі,

Гусей гоніць з бацянамі

У далёкі край за горы,

За азёры ды за моры.

«Птушкі мілы, не кляніце, 

А малітвы гаварыце,

Каб вас хвіля не забіла, 

Каб акула не ўкусіла,

Каб вярнуцца клекатаці,

Пастушочкаў забаўляці».

Восень – міла гаспадыня: 

Дзе ні глянеш, – поўна скрыня

То арэхаў, то пшаніцы

Па куточках у сьвятліцы.

Аб усім яна так дбае,

Нівы зябліць, засявае,

У папары руніць жыта,

Каб на весну было сыта.

А гасьцінец – поўны люду!

Да мястэчка, як да цуду, 

Бягуць хлопцы і дзяўчаты, 

Гоняць быдла, жарабяты.

Бабы вязуць грыбы, семя, 

Стан, ручнік, маток, адзеньне, 

Масла, сыры, мак, фасолю, –

Што зрадзіла на іх долю.

Поўны рынак людцаў крыку, 

А што сьмеху, а што рыку!

Гочуць гускі, пішчаць сьвіньне, 

Над снасьцінкай курта вые, 

Сорка цягне яйкі з возу, 

Бэрка плаціць за бярозу.

Янук годзіць новы боты,

Юрка сьвішча для ахвоты, 

Крыся мерыць каптан ў люстры, 

Агатулька рэжа хусты.

Кася глядзіць ў Пайкі кветкі, 

Белы кашмір на жакеткі,

Пацеркі ў чатыры шнуры:

Будзе дружкай у Бандуры.

Жыдок мерыць гарцам соль, 

Шаптун лечыць нейкі боль, 

А як мне ды без тавару

Паказаць нат стыдна твару.

Пайду лепш за места скокам, 

Кіну яшчэ разок вокам

На лясочак, на палетак,

Ці такія, як улетак.

Не такія – іншы шаты:

Летніх відны толькі шматы.

Мейсцам кветка безь вяночка, 

Мейсцам грыбок з-пад кусточка

Гляне быстра, вушкі стуліць, 

Затрасецца. Восень глуміць

Усе кветкі, ўсе галінкі, 

Ўсё зьмятае да сьцяблінкі.

Восень чысьціць зіме гладка, 

Бо той ў белі было б гадка

Праскакаці ў нас па полях, 

Былі б ножкі у мазолях.

Пыл на сукні парасьсеўся б, 

Ў белы шчокі сьлінай ўеўся б.

Чыста, чыста па ўсім полі, 

Аж на сэрцы грызуць болі.

А дзе ж зелень, а дзе стужкі, 

А дзе ж песьні, а дзе ж птушкі?

Ўсюды старасьць, смутак вее, 

З хмарак дробны дожджык сее, 

Слонка нізка чэша косы.

Дубняк смутны стаіць босы.

Лужок жоўты. Загон шэры.

Рэкі крые лядок белы.

Ў лесе сьвішча вецер, плача.

Па бярозах сойка скача.

Сава гудзе, вабіць зайцаў.

Чуць ня згрыз сабе я пальцаў, 

Прыраўняўшы, паглядзеўшы

Наша жыцьце. Ўпаў, замлеўшы, 

Прымкнуў вочы; бачу твары

Ўсе знакомы: пры алтары, 

На хрысьцінах, на вясельлі, 

То на йгрышчы, то ў касьцелі, 

То пры працы, то пры песьні; 

Тут і сьлёзы, тут балесьці, 

Тут магілы, тут і труны, 

Тут грамніцы, тут цалуны...

Нейка пекла, нейка каша!

А дзе ж шчасьце, братцы, наша?

1902–1903