автордың кітабын онлайн тегін оқу Маці
Тодар Кляшторны
Маці
Гарбаты цень старэнькай на сьцяне
Нібы вартуе дарагую памяць.
Бяз думак хочацца ёй так аледзянець,
Альбо наўзрыд заплакаць.
Палохае і вабіць кожны шум,
I нават выраз чорнае паліцы.
Малітвай хочацца ёй прымірыць душу,
Ды надаела зрэшты і маліцца.
Маўчыць глухое неба, як труна,
А на зямлі?..
Зямлі няма спакою...
Вакол, вакол, здаецца ёй, мана
Аледзенела чорнаю расою.
За вокнамі трывожна на мурог
Губляе лісьце горкая асіна...
Сягоньня белыя у маці на вачох
Забілі дарагога сына.
– О, сын мой, сын мой, За чые грахі
Нас дамавіна сёньня разлучыла?
О, я запомніла яго шляхі!
О, я заўважыла яго злачынцу!..
Перачакаўшы сьветлую зару,
Як будуць туманы на сонцы грэцца,
Яму сама я грудзі разарву,
Вужачае дастану сэрца.
Блудзілі здані ў цемені начной,
Дрыжэла лісьце, падала бязьсільна...
I...
Раптам стук у сенцах... Перад ёй
Паранены злачынца на насілках.
Халодны момант...
Потым крык душы,
О, крык трагічны матчынага жалю
Нямыя сьцены хаты аглушыў,
I аглушыў азмрочаныя далі...
...А праз гадзіну да яго павек
Яна кранулася упоцем: –
I ты ж, сынок, таксама чалавек,
I ты ня вырас на балоце.
