автордың кітабын онлайн тегін оқу У вёсцы
Тодар Кляшторны
У вёсцы
Я зноў у вёсцы...
Ружай пунсавее
На захадзе марозная зара.
На тысячу ладоў вясёлыя завеі
Зьвіняць над стрэхамі астыглага двара.
У хаце пыл...
У хаце многа лому...
Скрыпіць мароз у сьлесаках дзьвярэй...
Малоціць певень цёртую салому
I корміць зернямі прысадзістых курэй.
У сэрцы сум...
I слодыч успамінаў...
Люблю драмаць пад шум верацяна...
Люблю, як чэшуць голую асіну
Марозныя вятры ля цёмнага акна.
Але любіць,
Любіць з такім запалам
Ўсё тое, што любіў, я болей не магу...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Зара пунсовай стужкай дагарае
На мармурова-срэбрыстым сьнягу.
Гусьцее змрок...
Прывабна на загнеце
Карчы сасновыя, палаючы, гараць...
Бяру у рукі новую газэту
I пачынаю голасна чытаць...
А мой сусед
Зяўнуў сабе па волі
I кажа так
(Скрозь драмату і сон):
– Скажы, браток, ці скора нам
Дазволяць
Свабодна ціснуць з брагі самагон.
А без таго
I сьвята, бач, ня сьвята...
Дзяўбнеш паўчарачкі –
Сьвятлей на сьвеце жыць...
Хоць і жывем мы, братка, не багата,
А ўсё прыемна горла прамачыць...
А ў хаце пыл...
А ў хаце многа лому...
Скрыпіць мароз у сьлясакох дзьвярэй...
Малоціць певень цёртую салому
I топча па чарзе прысадзістых курэй.
– Твая, Максім,
Бач, хата пастарэла,
Даўно пара другую будаваць...
– Зямля, дружок,
Зямля, брат, адалела,
Няма калі ні сеяць, ні араць.
I нашы рукі,
Братка, не жалеза,
Вышэй за пупа нельга, брат, скакаць...
Пяць дзесяцін я атрымаў прырэзу,
Ды толькі дзён юнацкіх не дагнаць.
Тут недалёка хутар ёсьць «Застава»,
Там нейкая арцель,
На неякіх паях,
Вось так, дружок,
Зусім другая справа,
А наша справа, братка, –
Швах...
Варона нос яшчэ не церабіла,
А ты патопчаш пяцера лапцей...
Прыстанеш сам,
Прыстане і кабыла
Пакуль у лозе змоўкне салавей.
Ня вылезьці з лапцей,
Ня вылезьці з саломы,
А паглядзіш,
Зямля хоць гаць гаці...
Аддам на лета сына ў аграномы –
Няхай навучыцца, як сьцежкі церабіць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Бягуць часы,
Даўно з усьмешкай ветлай
Патух за гаем сонечны закат...
На тысячу ладоў вясёлыя завеі
Зьвіняць над занізьзю прынізістых прысад.
У сэрцы сум...
I слодыч успамінаў...
Люблю драмаць пад шум верацяна...
Люблю, як чэшуць голую асіну
Марозныя вятры ля цёмнага акна...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
...На хвалях дзён
Плыве жыцьцё уперад...
Гадзіны вёсламі стрыгуць сівую гладзь...
Няма стыхій,
Няма стыхійных ветраў, К
аб парусы жыцьцёвыя стрымаць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Максім, Максім...
Часы – бы хвалі валяць...
Заезджаных дарог
Нам не таптаць ізноў...
Цябе асіліў плуг,
А сыну зь сініх даляў
Вясна сталёвых гоніць рысакоў.
Вёска Парэчча. Студзень 1927 г.
