Ліст да дзяўчыны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Ліст да дзяўчыны

Тодар Кляшторны


Ліст да дзяўчыны

Скацілася сляза на чыстую паперу, 

А думкі кружацца, як тысячы лістоў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Патоптаных дарог ужо не мераць,

 Не заплятаць расплеценых вянкоў.

Усё мяняецца,

Усё ў жыццёвых хвалях

Ляціць у небыццё, згубіўшы павады.

Зачым я сэрца кволае параніў, 

Калі любоў закрэслілі гады?

Цябе я не люблю...

Ніколі не бывае,

Каб двойчы мералі жыццёвыя пуці.

Я новыя зарніцы сустракаю,

Ды толькі шчырасці мінулай не знайсці...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Жыццёвы спад мяняецца прыбоем, 

А па далёкаму далёкі перазвон...

Ў душы знайшоў я месца для другое, 

Акорды свежыя у пералівах дзён.

Зіялі зорамі, то крыліся туманам

Нямыя далечы нязведаных шляхоў.

Я па другой нашу другія раны, 

Ды толькі шчырасці ўчарашняй не знайшоў.

Кругом снягі і мёрзлыя шыпшыны, 

Кругом балоціцца атручаная муць.

Не вінавачу я

Няшчырую дзяўчыну,

Калі з грошы шчырасць прадаюць.

Мне не шкада, што сэрца пакалечыў, 

Узбіў душу на стынучую квець; 

На сечы быць і выйсці з поля сечы

Не тое, што прыйсці на сеч.

Усё мяняецца,

Усё ў жыццёвых хвалях

Ляціць у небыццё, згубіўшы павады.

Зачым я сэрца чулае параніў, 

Калі любоў закрэслілі гады?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мінае сум...

Я расчыняю дзверы

Ў прастор яшчэ нязведаных шляхоў...

А ноч бялёсая, нібыта на паперы, 

Скрыпіць марозамі на аркушах снягоў.

І хочацца сказаць:

Жыццёвыя крыніцы

Ну хто, ну хто слязамі не муціў?!

Хто не збіраў срабрыстыя зарніцы

На пустырах завеяных пуцін?!

Але ў марозах сэрца не астыне, 

Калі вясною вее з-за гаёў...

Мы ўсе нясём,

Нясём сваёй краіне

У падарунак сілу і любоў.

І мы па-рознаму з табою, дарагая, 

Прыносім дані сонечным гадам.

Але ідзём адзінымі шляхамі, 

Адзінай сцежкаю к вялікім маякам...

(1927)