Кляновыя завеі
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Кляновыя завеі

Тодар Кляшторны


Кляновыя завеі

I

Ня вечар росны –

Вечар сіні

Губляе ў просіні квяты,

 А кудры выцьвіўшай асіны

Стрыгуць асеньнія сярпы.

Ня жнеі ў вязьмы залатыя

Уплятаюць пражу таманоў, 

А ветры буйныя за тынам

Мяцеляць золата кляноў.

Ня сьпеваў звонкія адзыўкі

Разносяць ў далечы гаі, 

А ў полі сумныя дажынкі

Сягоньня граюць журавы...

Ліловы змрок

Ў палёх нямее,

Даліны выбеліў мароз, 

I быццам сеюць,

Зоры сеюць

На гонях шоўкавых нябёс.

II

Як сумна, любая, дакоры

З твайго кілішка дапіваць, 

Калі так сьвецяць, 

Сьвецяць зоры,

Калі так зоры зіхацяць...

Пайсьці б у ноч,

Пайсьці б далінай, 

Пайсьці чорт ведама куды...

Ня ўсе пратоптаны пуціны, 

Ня ўсе стаптаны гарады.

Пайсьці туды, –

Дзе ты за брамай

Калісь чакала маладзік, 

I зь ціхіх сноў,

Зь дзявочых мараў

Пляла ружовыя вянкі.

Пайсьці туды,

Дзе з каласамі

Твая шапталася каса, 

Дзе зь цёмна-сінімі начамі

Ты ціха гутарку вяла.

Хачу шукаць туды пуціну, 

Дзе ў сіняй пражы туманоў

Ты серп сярэбраны згубіла

I многа казачных гадоў.

I там, дзе стынь ў палёх нямее, 

Дзе стрэхі выбеліў мароз

I быццам сеюць,

Зоры сеюць

На гонях шоўкавых нябёс.

Дзе месяц з зорнае званіцы

Вартуе золата кляноў, 

Хачу сьпяваць,

Хачу маліцца

Над чаркай выпітых гадоў.

Хачу асьнежаным страпілам

Сказаць ў нямеючай цішы, 

Што ты згубіла,

Ты згубіла

Асноведзь ціхую душы.

Што гэту сінь

I клён за брамай

Ты любіш так,

Як любім мы

Даўно рассыпаныя мары, 

Даўно разьвеяныя сны...

Што ў час, як месяц серабрыцца

Ў каралях выцьвіўшых асін, 

Другой красе,

Другім зарніцам

Ты аддаеш спакой душы.

III

Як сумна, любая, дакоры

З твайго кілішка дапіваць, 

Калі так сьвецяць,

 Сьвецяць зоры,

Калі так зоры зіхацяць.

Пайсьці б у ноч,

Пайсьці б далінай, 

Пайсьці чорт ведама куды...

Ня ўсе пратоптаны пуціны, 

Ня ўсе стаптаны гарады.

Пайсьці, дзе ветры на азёрах

Зь лістоты выткалі абрус...

Люблю я шыр,

Люблю я поле,

Люблю я маці Беларусь.

Тут кожны кует пяе каханьне, 

Тут рэчка казкаю журчыць, 

Аповесць доўгую змаганьня

Тут навявае кожны крыж.

Дарогай ў далечы пайду я, 

Пайду часамі без дарог, 

I кожны кусьцік расцалую

На уміраючых палёх.

Калі над цінаю імшараў

Засьвішча волат гарадоў, 

Я разаб’ю пустую чарку

На полі выпітых гадоў.

Ня стану, любая, дакоры

З твайго кілішка дапіваць, 

Калі над шляхам будуць зоры

Сталёвай раніцай зіяць.