автордың кітабын онлайн тегін оқу На ледзяной гітары
Тодар Кляшторны
На ледзяной гітары
А. Віньнікавай
Зь вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясьне,
I быццам зь вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
Куды пайшло, куды ўсё паляцела,
Чаму загінула, ня кінуўшы сьлядоў,
Чаму застыла ўсё – заледзянела
Ў туманнай шэрані засьнежаных палёў?
Так і ў жыцьці – разьвеяныя вёсны
Тумана крыюцца ў завеях залатых,
I замярзаюць сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных...
Ты гаварыла,
Ты мне гаварыла:
– Наш просты шлях ня зьвяжуць туманы –
Што ты душу і сэрца падарыла
У шыпучы кубак сонечнай вясны.
Чаму ж так неба вычарніла хмары,
Чаму згарэла сонечная сінь,
Чаму, любімая, на ледзяной гітары
Ты адпяваеш сонечныя дні?
Чаму замёрзьлі сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных,
Чаму ружовыя разьветрыліся вёсны
I нашы сьцежкі вяжуць туманы?..
Зь вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясьне,
I быццам зь вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
