На восень
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  На восень

Казімір Сваяк

 

На восень

Пажоўклы ліст, канаючае сонца,

Імгла, туман, плюхота, бездарожжа;

У сэрцы сум і журлівасць бясконца, —

Дай волі мне, дай свету мне, о Божа!

 

Палохлівасць з зацені начніцай выглядае,

I думкі хмарамі спакой мне адбіраюць:

Пара смяротных журб. Вось дзева маладая

Зайшла ў засвет, вось дзецюка хаваюць.

 

За душачку яе адмоўлю я пацёркі.

Жалосная была абаіх доля бедных: 

Любіліся навек, а цешыліся толькі

Тым шчасцейкам дзён тры — ў жыцці іх апаследных.

 

Сканала цудная ў абоймах небаракі.

Такі ўжо лёс: зайздросна шчасце небу.

Галосіць звон, жальбы пяюць спявакі,

А ён — ён ведае, што свет пакінуць трэба.

 

«Што Бог злучыў, то злучана навекі.

Ці ж варта жыць, схаваўшы сваю мілу?

Не астануся тут нямы я і калекі,

Няма жыцця: за ёй пайду ў магілу».

 

***

Задушкі йдуць, самлела ўжо прырода,

Абмыў ўжо дождж васенну дамавіну,

Стрыбог узяў у рукі ўсё ад Рода,

А Мокша атрасла апошнюю галіну.

 

Чакае ўсё, калі Дажбог  ўладарны

Задзержыць рэкі ў сковы лядаваты,

Калі Пятро у небе гаспадарны

Для бедных душ зачыніць Божы хаты.

 

Спачыне й смерць у зімку у марозну,

Заціхне звер, заглухне ў лесе птушка,

У цемру воўк завые так трывожна,

Як бы сканала дзе ягоная дачушка.

 

На голас той Сварог пашле прадвесне

I першым Перуном разваліць моц Стрыбога:

Скрушэе лёд, зямлі пялёнка счэзне,

I ўсё жывое зноў пагорнецца да Бога.

 

На гробе маладых Алеся і Аліны

Рунее траўка й красачкі ўзрастаюць,

А душы іх ў таёмныя краіны —

Краіны сноў моў птушачкі лунаюць.

 

***

А на Дзяды я заўтра вазьму воску,

У капліцу ў цвентары ў ночы зачынюся

I крыжам тройчы я да Матуленькі Боскай

З мальбой і каяннем пакорным упрашуся:

 

«Пашлі Ты мне, о Збаўцы Маці-Дзева,

Спакой душы з каханнем ў чуткім сэрцы;

Дазволь спазнаць, Княгіня Каралева,

Як жыці мне, мне сумнаму няверцы...

 

Калі ж прад часам я ад журбы сканаю,

Дай ведаць мне прычыну цяжкай долі,

А тайніцу Тваю у сэрцы я схаваю,

Не скажу тым, не плакаў хто ніколі».