автордың кітабын онлайн тегін оқу Маёй музе
Казімір Сваяк
Маёй музе
Хто ты з слёзнымі вачамі,
Бедная дзяўчына,
З чыстым тварам, чуткім сэрцам,
Вусны як маліна?..
Ці з імглы саткана ранняй,
З святла зоркаў ясных,
З шуму дрэў сваяцкай пушчы,
З агнішч непагаслых?..
А мо з думкаў недасяжных,
Ды з жалю нямога, —
А мо скарга, а мо жальба
Да Бога самога?
Першы раз з табой спаткаўся
Пастушком у полі:
Ты тады шапнула сумна
Аб маёй аб долі.
Другі раз, калі у школку
Маці выпраўляла
I ражанчыкам з касцёла
Пабагаслаўляла.
Пры арбе раз трэці бачыў
Я твой вобраз мілы,
Той парой, калі змадзеў я,
Выбіўшыся з сілы.
Раз чацвёрты, як народу
Гаварыў аб Богу
I паказваў з верай пэўнай
Лепшы шлях-дарогу.
А раз пяты і апошні,
Як самлеў ад труду,
Палам змучаны агнёвым,
Прасіў неба цуду.
Цяпер дарма прызываю
Горкімі слязамі:
Баліць сэрца, нет патолі,
Сумен цэлмі днямі.
Але ж голас яе чую,
Шопат гэткі мілы:
«Ты убачыш мяне двойчы
Над дзярном магілы.
Калі люд твой стане цвёрда
Ў хаце гаспадарыць,
Калі сам варожу сілу
Па хрыбце ударыць.
Як збудуе кладку-помаст
Між пасваркаў веры
I дабром, свабодай, знаннем
Заслывець без меры...»
