автордың кітабын онлайн тегін оқу Тайніцу духу
Казімір Сваяк
Тайніцу духу
Тайніцу духу вазьму я да гробу.
Тхненне магілы я чую заўсёды:
У зорах неба, раскошах натуры
Думкі аб смерці плывуць моў бы воды —
Кінуць мне трэба красу і аздобу
Гэтага свету. Ах, сняцца хаўтуры.
Мілыя вёсанкі, гаёчкі ў полі,
Маці прыбраная Русьбела святая, —
Усенька кінуць мне трэба з трывогай,
Што слімянем мне душу аплятае.
Шкада мне беднага брата нядолі:
Крыж і пакута яго дарога.
О мілы Божа, душы маёй мэта,
За Табой смагну, смагну як шалёны,
Цябе шукаў я усюды — заўсёды,
Чарамі ласкі Тваёй урачоны,
Не раз губіўся мо блудна камета,
Што ў шлях нязнаны плыве вечны годы.
Дазволь, о Божа, меці мне надзею,
Дазволь быць верным свайму Ідэалу,
Ты памажы мне ўстаці да ўчыну,
Бо сам іду я бязмерна памалу —
І у бязволлі шукання мадзею
I без ратунку ад суму я гіну.
