Гэй, будуйце
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Гэй, будуйце

Казімір Сваяк


Гэй, будуйце!

Няма праўды як схаваці —

Усё пайшло цяпер інакш:

Пан пакінуў гультаваці,

А між намі меней плакс.

 

Даўней толькі наракалі,

Толькі чухалі галоў —

Ныне плакаць перасталі,

Усё вернуць стрымгалоў.

 

Нават добрыя будынкі

Пачалі ўжо руйнаваць:

«Годзе, — кажуць, — нам спачынку,

Трэба ўсё наноў складаць».

 

Добра людцы! Абы смела,

Толькі помніце адно:

Хто будуе няўмела,

З працы будзе мець драннё.

 

Разважай жа перш чым зробіш,

Адлічы — рахунак здай —

А чаго не утаропіш,

Разумнейшага спытай.

 

Здабыць трэба перш зямельку,

Бо краіна — матка ўсім:

Хлябок родзіць і кудзельку

Дзецям родным, не чужым.

 

Што у нас зямлі не стала,

То не дзіва, ані цуд:

Чужыня нам панавала,

Дзёрла скуру, як той бруд.

 

Вось зямельку іншым ладам

Дзяліць трэба, чым даўней:

Хто нам павуком ці гадам,

Пойдзе прэч раней-пазней.

 

Глянь кругом, браток мой родны,

Падзіві наш родны край:

Ён багаты, ён прасторны —

Яму труд ты свой аддай!

 

Ты рамансаў не вучыся,

Ані штук вялікіх зноў,

Адно толькі налажыся

Пазнаць добра варагоў,

 

Каб не даці ім заесці

Свайго духу і свой труд,

I твой край не даць абсесці —

Зробіш гэта: будзе цуд.

 

Будзеш мець зямелькі доваль,

Школы зробяцца з двароў:

I авечкай і каровай

Зможаш панскіх шляхтуноў.

 

Ты артай — табе навука

Мусіць йнакшая служыць,

Бо найбольшая тут штука

Прымусіць зямлю радзіць.

 

А ўжо после знаць аб свеце,

Дзе і што і да чаго:

Зваяваў каго хто ў леце,

Ці ў зіму здавіў яго,

 

Ці Уранам гвездка звецца,

Ці Нептун, ці йшчэ там як,

Чый з Адама род вядзецца,

А хто малпы быў сваяк.

 

Гэй, будуйце ж, мае людцы,

Жыццё новае наўкруг,

Нават сонкі хай прачнуцца, —

Хто не вораг — будзе друг.