О, край мой родны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  О, край мой родны

Казімір Сваяк


О, край мой родны!..

О, край мой родны! Куды я ні гляну,

Дзе лёс мой дзіўны мяне ні закіне,

Што-колеч думкай сваёй ні закрану:

Са мной ты ўсюды у кожнай гадзіне.

 

Мо гэта маці так зачаравала

Сваёю песняй над ложам дзяціны,

А мо зязюля так накукавала,

А мо чар гэта мілае дзяўчыны.

***

Я знаў дзяўчынку з вёскі неўдалёчкі:

Яна мне казкі любіла казаці,

А мела слёзьмі залітыя вочкі,

Вочкі, што трэба небу прыраўняці.

 

Умёрла з гора: з голаду вайною,

І так жа сумна прад сконам глядзела,

Як застывала мёртвай цішынёю,

Што маё сэрца жалем скамянела.

 

Над самым ранам, як будзіцца сонца,

Яна ўздыхнула глыбока-таёмна,

I, азірнуўшы слабы свет з аконца,

«Жаль мне зямліцы», — сказала прытомна.

 

I на падушку слязінка упала,

Касулька сонца тварок асвяціла:

Так безнадзейна Мальвіся канала,

Сонца ж на грудках крыжык залаціла!

 

А слова жальбы скалыхнула грудзі

Чарам магутным, болем і трывогай:

I расхадзіліся, плачучы, людзі,

Шэпчучы скаргу нямую да Бога.

***

Адзін раз бурай жывдя скалачоны,

У безнадзеі на лепшыя змены,

Быў я пры смерці, палам знемажоны

Я зваў пагібель голасам пламенным.

Тады здалося мне, як бы наяве,

Прыйшла Мальвіся ў беленькай хустцы,

З пальцам на вуснах, у сумнай паставе,

Крыжык на грудках на чырвонай стужцы.

Так праз хвіліну нада мной стаяла,

Жаласным вокам агарнула ложа,

Мяне ж жудоснасць тады агартала,

Голасам зычным крыкнуў я: «О Божа!»

Мальвіся ціха сціснула мне голаў,

Чало мне з плачам раз пацалавала:

«Хоць безнадзейны, хоць бедны, хоць кволы,

Так, як народ наш, — ціхутка казала. —

Не траць надзеі нідзе і ніколі.

Працуй, чым можаш, каб зменшыць бяздолле,

Бо я дазнала, што ў нашай злой долі

Скрыта дарога на лёс і прыволле...»

На крыж мне сумна яна паказала,

Слёзка зрасіла ёй твар мармуровы,

I, як аблочак, павольна знікала,

Мяне абняўшы чарам таей мовы.


***

Ад таго часу краіна нядолі,

Што Беларускай на свеце завецца:

Краіна гора, без долі, без волі —

У маіх думках заўсёды снуецца.