автордың кітабын онлайн тегін оқу Месяц бледы
Казімір Сваяк
Месяц бледы
Месяц бледы азарыў Божую зямельку.
Ціш нямая залегла горы, лес і вёскі.
Ціхі і сад мой.
Я выйду прыслухацца шопату тайніц. Прылажу вуха маё да грудзей яе раскошных. Я цалаваці буду яе горкія слёзы: слёзы маёй роднай зямелькі.
На небе свецяць зоры Божыя. Белыя хмаркі ледзь плывуць па тоні бяздоннай кругасвету. Ледзь шапочуць пад акном маім кволыя лісткі бярозы.
Адзену я чорную вопратку маю. Схаваюся ў глыб майго саду. Буду сачыць зорку долі маёй: лічыць момант яе ўпаду з кругазору. Лавіць буду пошапты тайніц ночы.
Чакаці буду з’явы, што адкрые злуду майго бытавання. Слухаць буду трывожнага біцця свайго сэрца — сэрца адзінокага чалавека.
