автордың кітабын онлайн тегін оқу Не памёр: нараздіўся
Казімір Сваяк
Не памёр: нараздіўся
Я знаў яго. Быў у цвеце лет: жывога, бойкага, жвавага настрою. Быў прыгожы. Мог гладка гутарыць, меў здаровы гумар, быў мілага характару. Часта любіў ездзіць паляваннем: як птушка вольная гойдаў тады па полі і лесе. Любіў прыроду і знаў яе хараство. Адзінотай не гардзіў — каб углыбляціся цэлай істотай у творы містраў мыслі і слова. Умеў журыцца і рвацца да шчасця надземнага, бесканцовага, чыстага як Сам Дух ёсць чысты: шчасця амаль няўхватнага.
* * *
Пасля кінаўся ў вір свету, каб даці выхад сабранай сіле. Свет благі збэсціў чыстую душу яго, спутаў лётную мысль яго: абвеяў сваёй сумлівасцяй і пустатой, убранай на колер мастацтва і навукі. Называў сябе мудрым, хаця не быў ім на дне свайго сумлення. Пісаў правы Самому Створцы, хоць не спазнаў не толькі глыбіні права ўсясвету, але і бяздоння сваёй нічогасці. Калі згубіў спакой душы, стараўся падаць у сумнівасць сам быт Духу. I раздвоіўся ў ім дух з душою і забіў ён Бога ў сумленні — на самым дне існасці сваёй.
* * *
А за ім ішла малітва: тут на зямельцы і ў прасторах горных свету надпрыроднага. Сэрца яго рвалася яшчэ да Ідэалу. Хацеў быць карысным для Супольнасні-Грамадзянства. Спосаб на гэта: навука, праца. Так працаваў безупынна, коштам нават фізічных сіл, каб толькі здабыць сабе славу, пакінуць памяць трывалую, заўсёдную. I стаў чалавекам вядомым, выбіўся спаміж раўні сваёй. Бідзеў, як цэлы натоўп людзей ідзе пад яго загадам, і радаваўся. Раз толькі чапіла яго няміла неяк думка вялікага песняра: «Мысліш быць неўмірушчым праз учынак дзельны? А хочаш ці не хочаш: будзеш бессмяртэльны». Але не страпянуўся, не прачнуўся дух ягоны. Думка счэзла, як зарнічка пералётная, як апошняя касулька вячэрняга сонца.
* * *
Сумна дрэўцу — буйнаму і моцнаму на вока, — калі мае ў сэрцы сваім чарвяка, які нязначна яго надгрызае і даводзіцьзвольна аж да смерці. Цяжка чалавеку, калі мае ён у грудзях сваіх зачаткі хваробныя — жывучкі смяротныя крэпкі, здаровы склад арганізму вядуць да раскладу. Дрэнна чалавеку з целам затрутым, горай — калі душа мадзее ад журбы і сумніваў, найгорш, калі лучывда першае і другое разам. Ён быў хворы падвойна. Разгон надмерны, каб здабыць навуку і славу, прывёў яго да кволасці фізічнай. Таемная чэсць для бяздушнага матэрыялізму зрадзіла нядуг горшы: выстудзіла і зусім зніштожыла жыццё рэлігійнае, заводзячы ў душы канцовую безнадзейнасць. Як ранены звер, кідаўся тады дух ягоны, шукаючы патолі. Але крыніца жывой вады высахла, а новай знайсці не меў ён ужо сілы.
* * *
Уміраў маладым. Заяснеў у жыцці гэтым на хвіліну — як метэор — каб згаснуць на вечнасць. Яго чало белае мела адцень бязмерна сумны. Хворны румянец на твары, як пурпура заходняга сонца, быў знакам глыбокага цярпення: а можа, гэта быў сарамлівы стыд тэй зманнасці, за якой гнаўся дагэтуль. Бліскучыя палам вочы, каторыя млосна звярнуў на дарагія сэрцу істоты, поўныя былі слёзаў і нямога жалю. Маўчаў доўга. Аж вось з сілай небывалай застагнаў голасна: «Бога мне!..»
* * *
На ўзгорку магільным сумна шумяць дрэўцы, кідаючы фантастычныя цені на капцы з крыжамі. Цішыню парушае толькі гульба ветру, які, зрываючыся часам сільней, варушыць былінку, траву і падымае сухія лісточкі. Ціш, таемная, неадгадная, наводзіць на кожнага дрыготу. Селянішча жыўшых... Тысячы, мільёны... Жылі, любілі, шукалі праўды, хараства, шчасця... Няўжо кончылася ўсё толькі жменяй попелу? Няўжо ж бытаванне валадара зямлі так марнае і бязмэтнае?.. Месяц спакойна спаглядае навакол зімным вокам сваім. Ціхі пагляд кідае ён у кожны куточак, да кожнай зацені: як бы сваім слабым святлом хоча раз’ясніць-адкрыць тайніцу быту. На магільнай каменнай пліце відаць напіс: «Не памёр: нарадзіўся».
