автордың кітабын онлайн тегін оқу Чаму мне маркотна
Казімір Сваяк
Чаму мне маркотна
Чаму мне маркотна, на плач забірае,
Кругом хоць жыццё і свабода й вяселле?
Ідзе год за годам, і поўдзень мінае,
На сумны нядуг мой няма ужо зелля.
З малых лет я біўся з нядоляй ды горам,
Пагляд мой ў юнацтве быў сумны, хоць чысты,
Цяпер сам не знаю, якім я напорам
Прабуду свой шлях так ліхі і цярністы.
Зварушылась многа у даўнай будове,
Памножылі лета й навука сумнівы;
Стаю я прад гробам усё нагатове,
Загаслі душы маёй зоркі агнівы.
Не ведаю сам, што сталася такога
З душой маёй сумнай, трывожнай даволі, —
Скаваў хто узлёт яе чысты да Бога,
Упісаў быццам страшнае слова «ніколі»!
Ці сам я нядобрага духу прызнаннем
Прыгасіў агонь той ласкавы аж з неба,
Гарэў што — здаецца — глыбокім каханнем:
Людцом каб падаці і «неба і хлеба».
Дзе ж праўду мне дзець: ўсё канчаецца скора,
Мадзее і вера, і агонь, і любоў,
Зліваецца з пыхай святая пакора,
На ўсіх ідэалах няма ўжо багоў.
I кажуць, што злуда жыццё тут на свеце,
Што сном ледзь прыметным у коле ўсябыту,
I чысца пачатак займае на мэце,
I ў пекла ўкідае душу прагавіту.
Прабую маліціся сэрцам збалелым,
Прад зорам сваім бачу мукі Айчыны,
Дзе брат азірае ваком ашалелым
Руіну, разбой — і пытае прычыны.
Малюся да Бога, хоць ён тут бяссільны.
Бо волю ўсім даў. свабоду шануе.
Смяецца ўсё пекла, ўвесь свет замагільны,
Як цёмная сіла над намі пануе.
Ці варта змагацца з нядоляй крывавай?
Ці варта вялічыць лік жэртваў зямлі?
Ці ж свет пераробім рукою нямравай?
Ці тым там не лепей, што ў гробе згнілі?
Адзін быў заўсёды, было мне нявольна
Пазнаці любові ціхога дзяўчаці:
Так мусіў мой розум трудзіцца мазольна,
Каб сэрцу балючаму волі не даці.
Згубіў я здароўе, і волю, і мэту,
Адно асталося: спачыць у магіле.
I плач забірае на праўданьку гэту,
Што гіну я сумны, без пары, ў веку сіле.
***
Схавайцесь, слёзы! вы мне непатрэбны,
Льецца гарчэйшых до ў свеце шырокім,
Пацехаў не хочу: яны мне ганебны —
Хоць дух мой і слабы, не быў касавокім.
З духамі гавору, іх рады шукаю:
Загробнага свету гадаю тайніцы, —
Сціскаецца сэрца — чаму, сам не знаю —
Лятаюць трывожныя думкі-начніцы.
Ах, веру мне дайце, што будзе калісьці
Трыумф чалавека над духамі благімі,
Што после пары так сляпой ненавісці
На светлы парог аб’яднання ўзышлі мы.
Чаму ж мне маркотна, хоць сонейка свеціць,
Прырода раскошна навокал пульсуе,
Куды ж мне падзецца, дух мой куды меціць,
Чаму маё сэрца балюча так чуе?
