автордың кітабын онлайн тегін оқу У дзень урачыстасці
Ян Чачот
У дзень урачыстасці, якая спраўлялася для Тамаша Зана 29 траўня 1821 года
Не трэба журыцца, о краю мой любы,
Што аддалі цябе дзеці на згубу.
Не трэба журыцца, што вораг як хоча
Прах продкаў славутых тваіх сёння топча,
А мы, іх забыўшы, ўсё болей і болей
Звыкаемся, сытыя, з нашай няволяй.
Не трэба тужыць... Новай славы праменне
Асвеціць яшчэ нашых прадзедаў цені -
Хай знаюць, што й сёння іх родныя нівы,
Дзе колісь паказвалі мужнасці дзівы,
Усё ж нараджаюць сыноў яшчэ годных...
Да дзеяў рыхтуемся высакародных
Мы сёння, дух будзячы ўсюды ў краіне -
Хоць цемра навокал, усё ж ён не згіне.
У цемры той бразгае ворага зброя,
Што дол акрапляе нявіннай крывёю.
Забойцы гвалтоўнай рукою крывавай
Тут пішуць сваё неаспрэчнае права,
У помач узяўшы людскую сляпоту,
Усе забабоны, старую цямноту.
Яны яшчэ больш цемру тут зацямняюць
Ды страхамі, жахамі ўсю запаўняюць.
Мы, моладзь, паходні асветы пагаслай
Наноў распаліўшы - гарыце ж найясна! -
Куткі ўсе і лёхі, дзе енкі глухія,
Асвецім, адкрыўшы пакуты людскія.
Сарвём усе маскі і сонца праменнем
Разгонім мы ноч пад нябесным скляпеннем,
Пакажам двурушніцтва страшныя здані,
Якім верыць люд усё не перастане,
Напужаны імі, абняты трывогай!
Ды знікнуць яны, як не стане ні ў кога
Тых прымхаў, развеюцца ў свеце, растануць -
Пужаць імі хіба дзяцей толькі стануць.
О брацці! Нам прышласць шчаслівая ззяе!
Яе перад намі Тамаш расхінае.
Ён першы, яе паказаўшы ясноты,
Павёў нас да славы дарогаю цноты.
Мы з ім палюбілі свой гурт і ў забавах
Задумалі разам вялікую справу.
Яму хочам шчыра найлепшае зычыць,
Ды слоў не стае, каб яго узвялічыць.
Мо пэндзлем ці долатам увекавечыць
Яго нам, каб нашу пашану пасведчыць?
Узносілі грэкі герояў вялікіх
Калісь на Алімп - ёсць і сёння іх лікі.
У нас жа адна Тамашу ўзнагарода:
Любоў нашых сэрцаў, адданасць і згода.
А гэта мацней, чым граніт які, знаю,
Яго, Тамаша, ўвекавечыць у краі.
