Верш, замураваны ў дзюрцы турэмнай сцяны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Верш, замураваны ў дзюрцы турэмнай сцяны

Ян Чачот


Верш, замураваны ў дзюрцы турэмнай сцяны


Ніякая сіла высокіх памкненняў

Не знішчыць і ў сценах глухіх сутарэнняў!

Нам гэтая думка душу саладзіла,

Як кінула й нас у турму злая сіла.

Хто лётаў адсюль на Парнас праз віхуры,

Той аўтар і дзюркі во гэтай у муры.

Спачатку гнёў сум яго што ні хвіліна,

Але яго дух падняла тут дзяўчына.

Каго яна шчырай душой прывітае,

Таго не адолее немач любая.

А першы, хто вынайшаў цвік ад самоты,

Быў наш Аляксандар - услаў жа яго ты!

Прыклаўся быў добра й Жаўнер да той штукі.

Хто прэнт скарыстаў яшчэ, хто - свае рукі.

Так дзюркі прабілі мы й тым даказалі,

Што нас і муры нават не раз'ядналі.

Цяпер мы знайшлі ў перамовах уцеху

І кпілі са стражы сваёй не без смеху.

Нашчадак! Пра нас табе ліст мы пакінем -

Мо ў нейкім стагоддзі, калі мы ўсе згінем,

Ты знойдзеш яго - прачытай ліст той людзям:

Калі на дварэ век шчаслівы ўжо будзе.

Калі ж край наш будзе йшчэ пад маскалямі,

Спалі гэты ліст - каб нікога не пляміў.

Бо выказаць слова зноў будзе не можна,

Як сёння - пад іхняй уладай бязбожнай.

Цяпер жа - vale! Запішу найвыразней,

Каб зналі, якія сядзелі тут вязні.