Спевы пра даўніх Ліцвінаў да 1434 года
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Спевы пра даўніх Ліцвінаў да 1434 года

Ян Чачот

Спевы пра даўніх Ліцвінаў да 1434 года


Марыі на памяць

з пашанай прысвячаю


Чытаючы «Хроніку літоўскую» Стрыйкоўскага, цяжка ўстрымацца, каб не спяваць услед за ім - такая яна паэтычная, часта нават пераплеценая вершамі. Я чытаў яе і спяваў, складаючы песні. У гэтых песнях я закрануў далёкія гістарычныя падзеі да смерці Уладзіслава Ягайлы ў 1434 годзе. Як Літва, так і самыя зацятыя яе ворагі крыжаносцы - цяпер ужо ў мінулым, яны належаць сусветнай гісторыі. Літва з ідалапаклонніцкай стала ўжо хрысціянскай і славянскай, крыжакі цалкам зніклі. Нарбут і Фохт разам з іншымі пісьменнікамі ізноў раскрываюць перад светам жыццё даўніх ліцвінаў і крыжаносцаў. Чаму б тады і мне не расказаць пра гэта ў жанры кароткай песні, не абражаючы нічыіх нацыянальных, як і нехрысціянскіх пачуццяў? Цяпер жа няма ўжо тых дзікіх ліцвінаў-ідалапаклоннікаў і крыжакоў, што сілай схілялі іх да хрысціянскай веры. Вычарпаўшы і добра асвятліўшы старажытную гісторыю даўно зніклых народаў, Эўропа захацела выцягнуць з няпамяці сярэдневяковую гісторыю народаў новых. Гэтаму паспрыяў цяперашні прагрэс у асвеце, паспрыяла пашырэнне стасункаў паміж народамі, да чаго прычынілася ўдасканаленне марскіх і наземных зносін і, галоўнае, паглыбленне святой веры, любові да Бога і да бліжніх. Як мне здаецца, абуджэнне эўрапейскіх народаў не дасць ім згубіцца ў гісторыі, зліцца ў нейкую адну супольнасць. Кожны з іх шукае ў попеле мінуўшчыны сваю славу, свае асаблівасці, даказвае, што і ён заслугоўвае пашаны з боку іншых народаў. Дык няхай жа ні ў кога не выкліча незадаволенасці, калі і ліцвін успомніць сваю даўнюю славу, каб сціпла, па-хрысціянску расказаць пра яе. Зніклыя крыжакі найбольш прыносілі яму шкоды. І ўсё ж ён, яднаючыся толькі з плямёнамі хрысціянскіх славянаў, хоць сам быў ідалапаклоннікам, сваёю крывёю разам з імі засланіў Эўропу ад навалы татарскіх ордаў, цяпер таксама зніклых. Таму наўрад ці ўспамін пра даўніх ліцвінаў можа выклікаць у каго пярэчанне. Наадварот, тое, што ў іх было добрае, вартае ўхвалы, няхай увойдзе як частка ў агульнаэўрапейскі набытак.

Кожная з гэтых песень заснавана на гістарычных фактах. Узяты яны з «Хронікі» Стрыйкоўскага, што выйшла ў Кралеўцу ў 1582 годзе ў друкарні Астэрберга, і з выдадзенай нядаўна ў Вільні «Гісторыі літоўскага народа» (у дзевяці тамах) шаноўнага пана Нарбута. Трымаўся я храналогіі Стрыйкоўскага, хоць яна шмат дзе памылковая і хоць яе паправіў п.Нарбут. Я ішоў у сваіх песнях не за датамі, а за старым пісьменнікам, што не толькі апісваў гістарычныя падзеі, але падаваў часта думкі і нават пачаткі некаторых яшчэ ім чутых песень, каларыт даўніны, які я як мага дакладней імкнуўся захаваць.

Рынгольт Альгімунтавіч, першы Вялікі Князь Літоўскі,  жмудскі і рускі

Час успомніць нам Рынгольта,


Альгімунта сына,

За якім славутай стала

Наша ўся краіна.

Зайздрасць, ведама, заўсёды


Бачыць толькі крыва.

Пазайздросцілі Літве ўсе,

Што жыве шчасліва.

Выйшаў з Кіева са зброяй


Святаслаў той горды,

З ім Леў, Дзмітрый, а таксама

Курдасовы орды.

Ды Рынгольт іх стрэў на Нёмне,


Дзе падходзіць Дзітва,

І ўсчалася ўмомант з тымі

Прыхаднямі бітва.

Кроў цякла ракой, ды йшла там


Зноў на сілу сіла.

Дзень сканаў - Літва ў той сечы

Ворага разбіла.

Бітвы той сляды ля Нёмна:


Сыпаныя шчыльна

Курганы. Ды вёскі імя

Даўняе - Магільна.

Каранацыя Міндоўга. 1252 г.


Што гэта за паны?

Наваградка званы


Чаму ім звоняць доўга?

Ах, гэта ж крыжакі

Ідуць, каталікі,

Каранаваць Міндоўга!

Усё на іх блішчыць

Ды золатам зіхціць.


Ад іх наўкол святлее!

Увесь твой строй, крывіч,

Крывэ-Крывэйтаў зніч

Прад бляскам тым бляднее.

У князя заўтра хрост.

А нас пашле наўпрост


Мо крыжакам на яткі?

Ужо, тыран, сваіх

Пляменнікаў дваіх

Прагнаў з радзімы-маткі.

Міндоўг не верыць, не!

Сваю карысць тут гне -


Ён сам кіруе лёсам.

Ён будзе каралём!

Тры дні - каталіком...

Крыжак жа будзе - з носам!

Магіла Міндоўга. 1263 Г.


У Наваградку дагэтуль


Ёсць гара Міндоўга.

Там ляжыць ён, яго помніць

Люд наш будзе доўга.

Быў ён свой кароль, ліцвінскі,


Меў калісьці сілу.

Ды абманам жыў. Абман той

Звёў яго ў магілу.

Быў прыняў святую веру,


Ды адкінуў вонкі.

Што ж ён гэтак Даўмантовай

Не адрокся жонкі?

Галаву Даўмонт у гневе


Зняў з яго за жонку.

Тым Літву асіраціў ён,

Ліху здаў старонку.

Што ж з таго, што ўздзеў карону


Князь сваёй парою,

Раз не ўстояў перад тою

Жонкаю чужою?

Войшалк, альбо Вальстынік Міндоўгавіч. 1264 г.


Адзецца можа ў скуру


Авечкі й воўк, як трэба.

Хадзіў у ёй і Войшалк,

Калі быў служкай Неба.

Хоць быў ён княскім сынам,


Насіў манаха расу.

Надзеўшы нават мітру,

Крыж не кідаў да часу.

Калі ж забілі бацьку,


Ён помсціць стаў ліцвінам,

Іх забіваў ён безліч

Найжорсткім самым чынам.

Каб край пашырыць, Войшалк


Валынь надумаў, хцівы,

У Льва адняць, прысвоіць

У час нелітасцівы.

Яго ж той ва Ўладзімір


Пазваў з ліхім намерам.

Там частаваў ён госця,

Паіў сваім манерам.

Уночы Леў прыходзіць


У спальню госця ў тлуме.

З пасцелі ўзняўшы, кажа:

- Яшчэ мо вып'ем, куме?

І ўзняўшы меч, са словам


Нянавісці з размаху

Б'е Войшака. Хто быў там -

Аж анямеў ад жаху.

Такі канец прышоў во


Міндоўгаваму сыну.

Хто ворагам быў людзям,

Хіба б інакш загінуў?

Пра яцвяга Комата. 1264 г.


Вы пра Комата-яцвяга

Чулі? Не? Тады - увага!

Быў той Комат - нібы кома3,

Не сядзеў ён сіднем дома.


Як надумаў Сарамлівы

Баляслаў4 нелітасцівы

Знішчыць люд той вольналюбы,

Не збаяўся Комат згубы.


З гікам, смела, зухавата

Ў бой імчаў ён, бы на свята.

Біў чужынцаў, прагавіты,

Ды стралой быў сам прашыты.


І паляк, бы звар'яцелы,

Біў яцвягаў дзень той цэлы,

Бо ўсё ж пана ўжо не мелі,

А ўцякаць яны не ўмелі.


І таму, сыны адвагі,

Ўсе пагінулі яцвягі.

Іх імя хіба мо рэкі

Захавалі нам навекі.


Хоць даўно без іх Падляшша,

Ды край помніць іх бясстрашша.

А ўцалеў з іх хто ў віхурах,

Дык згубіўся ўжо ў мазурах.


Свінтарог Утанэсавіч. 1268-1271 г.


Як загінуў сын Мендога,


Ўладаром Літва абрала

Князя з Жмудзі Свінтарога,

Бо яго даўно ўжо знала.

Ён амаль быў стогадовы,

Добры сэрцам, не суровы.

Ён Літву не доўга цешыў:


І яго знайшла касая.

Пад гару, дзе замка вежы,

У жалобе люд спяшае

Пахаваць там Свінтарога,

Як і зычыў, ля парога.

Бы ў паход, яго прыбралі -


Шабля, лук, кап'ё пры боку.

Выжлаў двух, хартоў звязалі,

З імі - сокала звысоку,

Потым ястраба з-пад неба

І каня з сядлом - як трэба.

Гэта ўсё на стос - вам дзіва? -


Узвялі. З слугой адданым!

Падняслі агонь імкліва,

Міг - і ўсё ў віры агняным!

Кінулі ў агонь - да высяў -

Кіпцюры мядзведзяў, рысяў.

Меркавалі: так жа будзе,


Як на гэтым, на тым свеце.

Так жа там ваююць людзі,

Так палююць, ладзяць клеці.

А караскацца на неба

Па крутых гарах там трэба.

Пахавалі Свінтарога


Па-паганску, урачыста.

Мы, хто сёння з ласкі Бога

Мае сонца веры чыстай,

Час паганства ўсе ганьбуем.

Свінтарога ж - мы шануем.

Віцень, Вялікі Князь Літоўскі. 1283-1315 г.


Вера наша, хрысціянства!


Шмат ты ран крывавых мела,

Покуль сэрцы ўсе ў паганскай

У Літве заняць здалела.

Бо цябе, што ўсім вяртаеш


Дабрыню, любоў, спагаду,

Прышчапіць Літве хацелі

Праз пажары, кроў і здраду.

Ордэн той, што меч крывавы


Нёс на ўласных дабрачынцаў,

Што ў набегах нішчыў Польшчу,

Што біў прусаў, бы злачынцаў,

Што ішоў вайной на ўласных


Светароў ды на рыжанаў,

Жыў рабункамі. Таму так

Шчыраваў «для хрысціянаў».

Мечам злым хрысціў Літву ён,


Пляжыў Жмудзь, знёс мур Рамновы.

На пажарышчах тых ставіў

Ён за замкам замак новы.

Ды на трон Літвы сеў Віцень,


Князь рашучы, мудры, смелы.

Крыжакоў ён біў у сечах,

Ад Літвы адвёў іх стрэлы.

Светарам жа іх ён собіў.


І мяшчанам, што раўкамі

Прывялі яго пад Рыгу,

Каб змагаўся з крыжакамі.

Пад Браўнзберг, Каліш і Добжын


Ён хадзіў з сваёй літвою,

Праслаўляў наш край у свеце

Зброяй праведнай сваёю.

Нездарма ж і смерць да князя


Не змагла ўсё падступіцца.

Сам Пярун яго ў нябёсы

Ўзяў пад водбліск бліскавіцаў.

Шмат хто ў час той, кажуць, бачыў,


Як між хмар, дзе золак мройны,

На кані, бы месяц, белым,

Пралятаў ён, рыцар збройны.

Спаленне крыжака Руды ў часы Гедыміна. 1320 г.


Ты дарма прыйшоў да Меднік,


Руда, з намі біцца:

Мусіш - звязаны, са зброяй -

На каня садзіцца.

Ды не ў бой ты зноў паскачаш,


А на стос агністы.

Панясеш багам паклон ты

Ад нас урачысты!

Ехаў Руда, мусіў ехаць


Пад кліч зычны рога

У гарачыя абдоймы

Віру агнявога!

Бы паходня, гарыць Руда,


А Літва ў гуморы,

Што багам сваім ахвяру

Шле такую ў зоры.

Хоць было ў Літвы быліннай


Шмат паходаў плённых,

Так яна паліла толькі

Крыжакоў палонных.