Вершы і песні Віленскага перыяду
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Вершы і песні Віленскага перыяду

Ян Чачот


Вершы і песні Віленскага перыяду


Развітанне з наваградкам

Бывай жа, школа любая, мае ўсе вёсны,

Бывай, званок, што нас у класы зваў.

Ты ўсім нам слых ласкаў, ды быў такі нязносны,

Як ад дзяўчат, ад волі адрываў.


Цяпер мяне ўжо не пабудзіш ты ніколі,

У класы не даклічашся - спакой,

Не адарвеш ад ласкавай Хазыты болей:

Няма ўжо моцы у цябе такой.


Я сам сабой распараджацца сёння вольны,

Не страшны мне маралі нічые.

Магу прабегчы з крыкам калідорам школьным,

Гуляць, кахаць - часы цяпер мае.


Бывайце ж вы, лугоў маіх зялёных далі,

Бывай, празрыстай Беразянкі плынь,

Дзе часта мы, вясёлыя, нырца давалі,

Палохалі ў вадзе зямных багінь.


Мы, быццам рыбкі тыя, плёскаліся ў ставе

Ці вудачкі закідвалі наўзмах,

Цягалі імі рыбку з крышталю ў забаве,

Збіралі німфам кветкі па лугах.


Бывай і ты, Сітоўка, наша поле -

Ты сведка ўсіх турніраў, перамог.

Ах, не вярнуць мне хвіль салодкіх тых ніколі,

Калі ў лясах гасціць з сябрамі мог.


Ад весялосці там нам не было упыну.

Я ж часам і ўцякаў ад гульняў тых.

А неяк смутным днём, пакінуўшы сябрыну,

Сабраў я простых красак палявых


І з сумам да старой капліцы ля рабіны

Пайшоў ускласці іх - вянком жывым -

На дамавіну гожай маладой дзяўчыны,

За штось закатаванай бацькам злым.


Бывай, маленства свет! Сюды, хоць і ахвота,

Вярнуцца ўжо, вядома ж, не змагу.

Пачуцці мілыя, дзіцячыя турботы

У памяці хіба што зберагу.


Бывайце й вы, равеснікі! Дзіцячых дзён сабраты!

Мы ў розных гульнях бавілі свой час.

Зайцы, палянты, кашкі, тарапаты1

Ужо не будуць, пэўна, цешыць нас.


Бывайце і прафесары! Мы паспыталі

Ў вас боцькаўскіх, казацкіх бізуноў2.

Усё, што вы ў галовы гэтак нам уклалі,

Умомант вам назад вярнулі б зноў.


Бывай, бывай жа, часе вольны, бесклапотны -

Я і не знаў, дзе хлеб браў бацька мой.

Ты, час мой, сплыў у Лету беззваротна,

Цяпер мне трэба працай жыць сваёй.


Такое меў я з месцам, дзе вучыўся, развітанне.

Яно мне й дыктавала, што пісаць.

Як ні кажы, такое дыктаванне

Ўсё ж лепей, чым самому выдумляць.

Што старыя за вар'яты


Што старыя за вар'яты:

Мелюць без прычыны,

Быццам час свой марна трацім

Мы каля дзяўчыны.


І ўсё пхнуць нас да работы,

Хоць таго не знаюць,

Што да працы я ахвоты

Без дзяўчат не маю!


З любай стрэнуся, бывае,

Прыгарну к сабе я,

Сэрца радасцю палае,

Галава яснее.


Жыць тады, сябры, ахвота,

Хораша наўкола,

Мігам робіцца работа

З песняю вясёлай!


Дык мяліце ж без прычыны

Вы, старыя людзі -

Вас паслухаем тады мы,

Як дзядамі будзем!

Ануфравы імяніны


Гэй жа, Муза, з бочкі віннай

Лепш вылазь у наш гурток!

Мы дарма цябе сябрынай

Дзесь шукалі між аблок!


Ты ў віне, у ім ты госціш,

Незаўважная, спрадвек!

П'ю і я, мо буду ў млосці

Граць, як той злыселы грэк1,


Што ў цябе на службе шчырай,

Муза, кожнай быў парой,

Што і сёння з вольнай лірай

У любой бяседзе свой.


Так што, Муза, з бочкі віннай

Лепш вылазь, зноў клічу я.

Сябрука ж вітаць павінна

Ліра ў гэты дзень мая.


Што у сябра імяніны,

Запісалі мы на лбе.

Бо забыў іх без прычыны

Каляндар - ці так сабе?


Мо з ім сябар наш у змове?

Не дадзім іх замаўчаць!

Будзем з Бахам мы, панове,

Шчокі ў гурце фарбаваць!


Хай - здадзім свой розум Баху!

Дзень свой, дружа, не скруці!

Не саб'еш ты нас са шляху -

Хоць да чаркі дапусці!


Не манахі ж мы, што ў келлях!

Час прабіў! Шум-звон з відна.

І ў руках во - з сонцам келіх!

Імяніннік, піць да дна!


За табой і мы прыгубім -

Адставаць жа нельга нам!

Так, мы ўсе цвярозасць любім,

Ды нам люб і гэты гам.


Як унь сонца ўсёй прыродзе

Годзіць сёння і здаўна,

Так яснеюць на свабодзе

Нашы думкі ад віна.


Ты, Ануфр, - наш верны дружа,

Ды не буду я хваліць,

Узвышаць цябе задужа

Ці зычэннямі цвяліць,


Што нам траціць час, Ануфры,

На зычэнні, ці ж ад іх

Больш дукатаў будзе ў куфры,

Больш здароўя з словаў тых?


Зараз важкую ахвяру

Я падношу - гэту во

Залатую ў іскрах чару:

Пі, бо вытхнецца пітво!


Кінь пра золата сумёты

Сніць - сяброўства ў нас было б!

Утапі ў віне турботы

І раз'ясні з намі лоб!


1819

Яжовыя імяніны


Цівун:

Чулі мы гэта, што есць вашэць украінец

І контэнт, што ўрадзіўся у жызнай краіне,

Як абачыў, што ў нас нявелькі дзядзінец,

Сказаў: «Як бжыдка мешкаюць ліцвіне!»


У вас вельмі хароша! Хаты злепкі з гною,

Бо лесу не маеце, усё астровы пусты.

Выся заляцаеце жытам, пшаніцою,

Бо ў вас грунт харошы, чарназемны, тлусты.


За што ж мы ся не дзівім, што вашы чумакі,

Шукаючы ў нас зыску (мы больш маем грошы),

Смалою аблеплены, лезуць, як слімакі,

Над валацугу большай няма ім раскошы.


Аднак мы ім назоліць не хочам ніколі;

І ты, мілы панічу, не смейся з нас, просім.

Усё гэтта дзеецца па нябескай волі.

Гультай часты, гдзе добра, мы больш працы зносім.


Пагадземся. Мы людзі добрае есць душы:

Не будзь і ты ніколі ліхім, панічэнку,

Не трэба ламаць тае, скуль груш дастаў, грушы,

Помні, што ты учышся ў нашым Віленку.


Згода. Але сягоння мы ся даведалі,

Што вашы імяніны, святога Язэпа,

А каб вы к сабе нашу прыхільнасць пазналі,

Ідзем гэтта, не седзім у хаце, як мазэпа.


Будзем цябе віншаваць. Я есць цівун з двара,

Гэта сельскі дзесятнік, ён лысіну гладзіць,

Ён знаець іспраўніка, знаець асэсара,

Маскалёў на кватэру, як чартоў, нам садзіць.


Там войт, што уса круціць, чалавек бывалы,

Быў у Гданьску, у Кралеўца плаваў на усціне.

Ось там стаіць маладзец, жаўнер дасканалы,

Ён, бядак, кабылінку з'ядаў у Мадліне.


Там у куце музыка: як ён добра граець.

«Свіне ў рэпе», і «Дзюбу», і польскія танцы.

А гэта ёсць Алёнка, вочы ў дол спускаець,

А там бачу Эльжбетка у сіняй катанцы.


Но, зачнійце, дзявочкі, пану заспявайце,

Ён вам дасць па ўстужочцы, борзда зачынайце.


Хор дзяўчат:

Што ж мы вашэці скажам,

Простыя з сяла дзяўчата?

Якія ж песні звяжам?

У нас мысль не багата!


Але як мыслім, чуем,

Так табе заспяваем,

Так цябе павіншуем,

Няшчырасці не знаем.


Лісічка, жоўты грыбок,

Слімакоў не баіцца;

Не точыць яго чарвячок,

Ён у лесе здароў блішчыцца.


Конік па полю дурэе,

Хоць копы вазіць не дбае,

Салавей харашо пее,

Самічку к сабе склікае.


Будзь, як лісічка, здаровы,

Як конік, вясёл пры трудзе;

Нех твае пісма, размовы,

Як салаўя голас, будзе.


Хор хлопцаў:

Мы ад сахі, ад бараны.

Мала вам спяваці будзем!

Чытаць, пісаць не учаны,

Ат сабе троха загудзем.


Колька ў снопе есць зярнетак,

Толька жый шчаслівых летак;

А калі замнога гэта,

Аглядай сотнае лета.


Колька за адным пакосам

Касец добры траў схэндожыць,

Толька табе перад носам

Бог няхай чырвонцаў зложыць.


А як мы заўшэ да леса

Ад некрутаў уцякаем,

Так няхай бяда да беса

Уцячэ, нех ей не знаем.


Няхай цябе панны любяць

І часта просяць зазулькі,

Калі з табой ся зашлюбяць

І ад'едуць ад матулькі.


Хор дзяўчат:

Сонка ясна, харашое,

Пшанічка роўная сонцу,

Малачко смачна, бялое,

Аж блішчыцца у даёнцы.


Але нашая паненка

Яснейная есць і бельшая;

Яна пекна, усютэнка

Цнатліва і разумная.


Нараім табе свацею

Жычліву, мілы панэнку;

Яна цябе злучыць з нею,

Будзеш мець красну жанэнку.


Ужо даўно шчабятала

Сарока нам на паркане;

Яна мілага казала,

Да едзь жа сь ты да нас, пане.


Прымуць там з хлебам, солею,

Там пачцівых людзей любяць,

Звянчаеш панны надзею,

З нею цябе ўгоць пашлюбяць.


Хор хлопцаў:

Да мы чулі, вельмі брыдка

Аб вашэці гутарылі:

У ксенжках заслепен вшытка,

Да паннаў се не пшымілі.


Панна Гертруда за сцянай

Мешкаець у Ежаўскега,

А юж ні ўвечар і рана

Не кцэ ён карыстаць з тэга.


Папраўся, мілы паночку,

Любі ладныя дзяўчата;

Я ўчорай чуў у шыночку:

«Трэба травіць млоды лята


На каханю пры дзяўчыне,

Бо калі старасць завіта,

Вшыстка прыемнасць міне

І з раскошы ў той час квіта».


Добра той, пане, казаў,

А ён быў убран у праку;

Мусеў то троха пазнаў,

Што ў паноў есць да смаку.


Войт:

Што ж маўчыце? Ці вам се ўжо песні урвала,

Ці вы іх так складаці умееце мала?


Адзін са спевакоў:

Не, бацька, у нас песні, колька рыб у Нёмні,

Але на тое, мілы галубчыку, помні,

Што мы па-рускі пеем, а нашы панове

Па-польскі ўсё гавораць; кепска нашай мове!

Можа ім ушы, казёл бэкем як свідруець.

Але для добрай волі пан нам то даруець.


Другі са спевакоў:

Но ты яшчэ, Мікіта, запей тую песню,

Што для сваёй Алёнкі зрабіў напрадвесню.

Нім у поле пагоніш твае бычкі спаслы,

Яшчэ цяпер зімою пхай сена у яслы;

Нім пад ценем халодным запяеш дубровы,

Спявай на імяніны цяпер Язэповы.


Мікіта:

О, мая ж ты зорка ясна,

Доўга ж цябе любіць буду?

Уздыхаць яшчэ напрасна

І цярпець на сэрцы нуду?


Не будзеш ты літавацца

Над няшчасным Мікітою?

Час табе, міла, пазнацца,

Што ты для мяне мукою.


Цярплю доўга, выглядаю

Пацехі ад цябе, люба;

Няхай жа ўжо яе маю,

Не будзь ты для мяне згуба.


Ці ж дагэтуль не пазнала,

Што я за табою гіну?

Хочаш жа, каб аглядала

Маее смерці гадзіну?!


Пазнай, любая Аленка,

Тваё шчасце, тваю долю;

Будзеш меці усютэнька,

Панюю дам табе волю.


У мяне сотня авечак

Па зялёнай ходзіць пашы;

Кароў, бычкоў, целушэчак

Поўны есць аборы нашы.


Чарназемны мае нівы,

Пшаніцу родзяць буйную;

Садок есць, у нём грушы, слівы,

Хату маю некурную.


Не будзеш меці швагеркі

Ані з дзевера назолы;

Я не прывык да кватэркі,

Будзеш жыці, як анёлы.


Не вельмі се тож і брыдкі,

Глядзеўся ў чыстам ручаю;

Гэта ужэ былі б збыткі

Назваць мяне негадзяю.


Эй, любі мяне, Алёнка,

Застань маею жаною;

Узойдзе для нас шчасця слонка,

Добра будзець з Мікітою.


Дзесятнік:

А цо? Як жэ сен здае пану Язэпові?

Чы адмовіш пахвалы нашэму спевові?

Хоця ж мы не шукаем жаднэй стонд пахвалы;

Адкрыць нашэ Васпану сэрцэ, замяр цалы.

Бо мы Вашэці любім, Вашэць панэк грэчны,

Разумны і научны, людзям пажытэчны.

Не так, як той асэсар, цо валіць сто у спіну,

Кеды міль тры не уеду на едну гадзіну.

Нашы ўпраўдзе спеваня не так ест учоны,

Як тые, цом я слышаў у справніка жоны,

Ктора лежанц пад ценём выцеклэй бярозы,

Чытала, ушыстка крычанц: «Козы, мае козы,

Дапнісе муй каханы, поверні, Дапнісе,

Там ест тобе маліны у кошы чы ў місе».

А хоць мы не Дапнісы пані справніковы,

Аднак не для прапорцы ест на карку гловы.

Трэба е розвеселіць: ну ж мы да бутэлькі

І кеды немаш мёду, то хлісьнем гарэлкі.

А крычанц «Нехай жые Язэп сэтны лята!»,

Будзем піць, скакаць, співаць і дрвіць з беды свята.

На прыезд Адама Міцкевіча


Едзе міленькі Адам,

Глядзеце, а онь, а онь,

Ды ён харашэнькі сам,

Пад нём - вараненькі конь.

Золатам пояс ззяе,

Аж ад блеску сніг тае,

На шапцы сіні баран, -

Хто бы думаў, што ён пан!

Так адзет харашэнька,

Едзе, едзе барздзенька.


Г а й д а!

Адчыняйце ж варотца!

Да ужо ж на двары Адам.

Да прымайце ж малотца,

Да кажы ж, ці здароў сам?..


Да як сен табе дзее?

Ці заўсёды быў вясёл?

Гавары, ёна успее

Тым часам накрыці стол.


Будзем есці каўбасы,

Смачну гарылачку піць,

Песнь вазьмём на галасы

І будзем весела жыць,

Жыць etc.


Не так нам сонка ясна

Блішчыць, як цябе нет.

Радасці ішчам напрасна,

Увесь нам няміл свет.


Салавей не так нам пее,

Рожы не пахне цвет.

Не так нам бела лялея,

Калі цябе тут нет.


Без цябе усё тут смутна,

Па табе плача гай,

І рэчкі плывуць мутна,

У жалобе увесь край.


Наш ты міленькі Адам,

Насмуціў жа ты нас досць.

Наградзі смутак нам

І будзь у нас доўга госць.


1819


Да пакіньце горла драць!


Да пакіньце горла драць,

Да пакіньце, братцы, спяваць!

Да клікнейма адно раз:

Будзь здароў наш Ярош!

Благаславі яго Спас!

Бо ён...

Да дай красну дзевачку,

Каб ён з сэрца пакахаў,

Да з гарэлкай пляшачку -

Сват ад няго к ней ехаў.

Гайда, гайда, гайда, гайда!

Да ехаў, да то сказаў:

Да наш Геранім, наш бык

К вашай цялушцы прывык.

Дай Бог яе паймаці

Да да бычка загнаці.

Да на тое прысталі

Да пачалі водку піць

І дзевачку аддалі

З табою доўгі век жыць.


Жыць, жыць, жыць,

Зычыць, аж у вушах пішчыць, пішчыць, пішчыць!

1819

Заспяваем...


Заспяваем - досыць спаці!

Станьце ўсе хутчэй у кола!

Стукнем келіхамі, брацці:

Гэта мудрасць - быць вясёлым!


Хай квітнеюць нашы жонкі,

Хай даруюць - чым паболей! -

Нам хлапцоў, дзяўчынак звонкіх:

Нашу славу, нашу долю!


Хай квітнеюць нашы дочкі,

Стануць гожымі - як мамы,

А гады ўцякуць у прочкі -

Будуць мамамі таксама.


Хай жывуць сынкі малыя

І не ведаюць трывогі

Ды змятаюць, як бацькі іх,

Подлых ворагаў з дарогі.


Хай сябры жывуць вясёла,

Ёсць яны - ты нібы ў раі.

А без іх жыццё наўкола

Стала б проста пеклам, знаю.


Хай жывуць між нас паэты.

Як яны нас акрыляюць!

Над згрызотамі, над светам

Дух наш горды узнімаюць.


Доўга келіхі мы студзім!

Прывітаем жа чын чынам

Вас усіх навокал, людзі,

Бо ўсе людзі - ёсць браты нам.

Гэй, сябры, у гурт вясёлы!


Гэй, сябры, у гурт вясёлы!

Хай зайздросцяць нам анёлы:


Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Лі у келіхі з размаху

Гэты дар іскрысты Баха!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць бацькі і маткі,

Нашы продкі і нашчадкі!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць для нас каханкі -

Неба самага пасланкі!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Шчасце нам яны прыносяць,

Аж да неба нас узносяць!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць сябры між намі,

Шчасце - разам быць сябрамі!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць шчасліва жонкі -

Маткі нашае старонкі!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць і мужыкі іх -

Гаспадарныя такія!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

І паны хай пажываюць,

Што сялян не прыгнятаюць!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць сяляне - хлебам

Кормяць свет яны пад небам.

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць усе паэты,

Што, як зоры, свецяць свету.

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жыве й святар адданы,

Толькі прыкладны, не п'яны.

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жыве і чын вялікі -

Не драпежны, як звер дзікі!

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жыве і люд вайсковы,

Што за край стаяць гатовы.

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Хай жывуць усе на свеце:

Мы - зямлі адзінай дзеці.

Будзем пець і гуляць,

Ні пра што ані дбаць!

Гэй, малойцы!


Гэй вы, хлопцы,

Гэй, малойцы,


Час за справу брацца -

Досыць з Бахам знацца!

Вам чало ўвянчае

Край, што так чакае

Вашых слаўных дзеяў:

Вы - яго надзея!

Гэй вы, хлопцы,

Гэй, малойцы!

Вам навукам, працы

Трэба ўсім аддацца!

Каб не змарнавалі

Час і не праспалі.

Ключ да шчасця - знаю -

Ў клопаце аб краю!

Гэй вы, хлопцы,

Гэй, малойцы!

Працы плён багаты

Вы нясіце ў хаты!

Па бацькоўскіх гонях -

Без адкладу, сёння! -

Сейце без прынукі

Вы святло навукі.

Гэй вы, хлопцы,

Гэй, малойцы!

Добрых цнот сябры,

З крыўдай змагары!

Кожны з нас айчыне

Паслужыць павінен,

Свету, добрым людзям -

Славу так здабудзем!

Гэй вы, хлопцы,

Гэй, малойцы!

Будзе той каханы,

Лаўрамі ўвянчаны,

Хто працуе ў поце,

Дбаючы аб цноце,

Каб вярнуць, браты,

Век нам залаты!