автордың кітабын онлайн тегін оқу Зноў вярнуць вякі б нам тыя
Ян Чачот
Зноў вярнуць вякі б нам тыя
1
Зноў вярнуць вякі б нам тыя,
Калі рэкамі ліліся
Малако, мяды густыя,
Людзі соладка жылі ўсе.
Сэрцы ў іх былі - бы з мёду,
Чысціні малочнай - душы.
Чорных дзей не зналі зроду,
Смутак дум іх не цярушыў.
2
Не трубіў ніхто аб цноце,
Не ўважала цнота пыху.
Кожны шчыра, па ахвоце
Шырыў добрае паціху.
Не маніла продкаў хвала,
Пра свае не дбаў даброты,
А чыніў ён, што казала
Сэрца, поўнае шчадроты.
3
Зноў вярнуць вякі б нам тыя,
Калі рэкамі ліліся
Малако, мяды густыя,
Людзі соладка жылі ўсе.
Так мы некалі ўздыхалі
Па вяках тых пад вятрамі,
Аж пакуль усе не сталі
Філарэтамі, братамі.
4
Гэтак мы вярнулі сёння
Залаты свой век гурмою.
Дружбы велічнай бяздонне
Поіць сонцам нашу мрою.
Дружба гэта меж не знае,
У вякі яна прастуе.
Сэрцы нашы ўспалымняе,
Маладую моц гартуе.
5
Ты вярнуў вякі нам тыя,
Нас гукнуўшы звонка ў высі.
Малако, мяды густыя
Нам ракою паліліся.
Малако й ад нас прымі ты
Як знак веку залатога.
З ім і з мёдам у блакіты
Хай бяжыць твая дарога!
