автордың кітабын онлайн тегін оқу Віцень, вялікі князь літоўскі
Ян Чачот
Віцень, вялікі князь літоўскі
Вера наша, хрысціянства!
Шмат ты ран крывавых мела,
Покуль сэрцы ўсе ў паганскай
У Літве заняць здалела.
Бо цябе, што ўсім вяртаеш
Дабрыню, любоў, спагаду,
Прышчапіць Літве хацелі
Праз пажары, кроў і здраду.
Ордэн той, што меч крывавы
Нёс на ўласных дабрачынцаў,
Што ў набегах нішчыў Польшчу,
Што біў прусаў, бы злачынцаў,
Што ішоў вайной на ўласных
Светароў ды на рыжанаў,
Жыў рабункамі. Таму так
Шчыраваў «для хрысціянаў».
Мечам злым хрысціў Літву ён,
Пляжыў Жмудзь, знёс мур Рамновы.
На пажарышчах тых ставіў
Ён за замкам замак новы.
Ды на трон Літвы сеў Віцень,
Князь рашучы, мудры, смелы.
Крыжакоў ён біў у сечах,
Ад Літвы адвёў іх стрэлы.
Светарам жа іх ён собіў.
І мяшчанам, што раўкамі
Прывялі яго пад Рыгу,
Каб змагаўся з крыжакамі.
Пад Браўнзберг, Каліш і Добжын
Ён хадзіў з сваёй літвою,
Праслаўляў наш край у свеце
Зброяй праведнай сваёю.
Нездарма ж і смерць да князя
Не змагла ўсё падступіцца.
Сам Пярун яго ў нябёсы
Ўзяў пад водбліск бліскавіцаў.
Шмат хто ў час той, кажуць, бачыў,
Як між хмар, дзе золак мройны,
На кані, бы месяц, белым,
Пралятаў ён, рыцар збройны.
