автордың кітабын онлайн тегін оқу Балады
Ян Чачот
Балады
Бекеш
1
Дзе сёння дамок з мілым кветнікам Зосі,
Калісьці бялелі палацы.
Стоўп вежы у неба зубцы свае ўзносіў,
Гадзінніка бой плыў над пляцам.
Шырокая брама, цяжкая, глухая,
Там на ланцугі была ўзята.
Са зброяю варта стаяла, нямая,
У шлемах жалезных, у латах.
2
І жыў у палацах тых пан ваявода
Здаўна - у раскошы вялікай.
Ён Вільняй і ўсёю акругай валодаў,
Меў золата, скарбаў без ліку.
Але даражэй за ўсе гэтыя скарбы
Была ваяводу Малгося -
Не толькі прыгожы ў дачкі яго твар быў,
Але і душа - як і ў Зосі.
3
А сам быў ён з гонарам, важны і думны,
Ні ў чым не ўступаў анікому.
Адсюль - яго ўчынак адзін неразумны -
Даруйце за гэта старому.
З маленства ён чуў, як дачок сваіх замуж
Раней каралі выдавалі.
Ад іх не хацеў адставаць ён таксама ж -
Свой гонар паны шанавалі!
4
Ён ведаў: рукі каралеўны прасіцца
Жадаў не адзін бы залётнік.
З самім каралём, а не з кім, парадніцца,
Вядома ж, быў кожны ахвотнік.
Кароль жаніхоў склікаў з цэлага свету -
О шмат хто спяшаўся на ўдачу!
Там шляхціча шапку і князя саету
Між рыцараў многіх бы ўбачыў.
5
Сабраўся ўвесь горад... Гамонка людская...
Ну, хто з жаніхоў пераможа?
У неба скала узнялася шкляная -
Хто з іх адалець яе зможа?
На версе - яна. Хто здалее даскочыць
Па кручы той да каралеўны,
Таму на чале зорку выб'е ахвоча -
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!
6
Падходзяць паны ўсё... Вы чулі, вашэці?
Жылі тры браты недалёка,
Разумныя два з іх былі, дурань - трэці:
Усе так казалі навокал.
Вядома ж, хто болей шуміць, той - разумны:
Прыкмета ў народзе такая.
А той, хто працуе, хто ціхі, няшумны,
Ён розуму быццам не мае.
7
Разумныя ўбораў шаўкі апранулі,
Гарцуюць на конях прыбраных.
А ты, брат, на печы сядзі у кашулі,
Асмеяны і пагарджаны.
Ды неба такім бедакам нешчаслівым
У нэндзы падчас памагае.
Згадаў ён нябожчыка бацьку. Тужлівы,
Лье слёзы ды цяжка ўздыхае.
8
І чуе ён голас тут бацькаў наймілы:
«Калі ступіць ноч на дзядзінец,
Прыйдзі да маёй, любы сыне, магілы -
Хачу табе даць я гасцінец».
Ноч посцілкай чорнай зямлю ахінае,
У небе - зор велічных веча.
І хлопец тут дзверы цішком адчыняе,
Да бацькі ідзе на сустрэчу.
9
Ён ледзьве туды падышоў, як раптоўна
Стаў конь перад ім забіяцкі,
У срэбры зіхоткім, у збруі шыкоўнай -
Дзівосны гасцінец ад бацькі.
«Сядай жа, мой сыне, на ім ты даскочаш
Па кручы аж да каралеўны:
Табе на чале зорку выб'е ахвоча -
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!»
10
Сеў хлопец, ледзь свіснуў - і ўжо ля падножжа
Скалы той шкляной каля пляца.
А вунь і браты. Ды зямны конь ці зможа
З Пегасам яго паспрачацца?
Умомант да самага верху падскочыў
Па кручы ён да каралеўны.
Яна на чале яму зорку ахвоча
Адбіла ўміг - шлюб гэта пэўны!
11
Ды сціплы ён. Так, як прыехаў, без шуму,
Паціху паехаў дадому.
Хто ж быў то? Шукаюць героя між тлуму.
Ні следу. Дзе знік, невядома.
Дадому браты прыскакалі лясамі,
Гадаюць пра рыцара-дзіва.
А ён на лбе зорку прыкрыў валасамі,
Ляжыць зноў на печы маўкліва.
12
Ды раз выйграць мала, каму ўжо нябёсы
Спрыяюць у бойцы са светам.
Змаганне вялікае не сунялося
За сэрца красуні на гэтым.
Другі раз кароль да скалы на пляцоўку
Усіх, хто жадае, склікае.
Фартуна братам усміхаецца зноўку,
Ды як яно будзе, хто знае?
13
Разумныя ўбораў шаўкі апранулі,
Гарцуюць на конях прыбраных,
А ты, брат, на печы сядзі у кашулі,
Асмеяны і пагарджаны.
Ды неба такім бедакам нешчаслівым
У нэндзы падчас памагае...
Зноў бацьку-нябожчыка ўспомніў. Тужлівы,
Лье слёзы ды цяжка ўздыхае.
14
І зноў чуе голас ён бацькаў наймілы:
«Калі ступіць ноч на дзядзінец,
Прыйдзі да маёй, любы сыне, магілы -
Хачу табе даць я гасцінец».
Ноч посцілкай чорнай зямлю ахінае,
У небе - зор велічных веча.
І хлопец тут дзверы цішком адчыняе,
Да бацькі ідзе на сустрэчу.
15
Аж ледзьве туды падышоў, як раптоўна
Стаў конь перад ім забіяцкі,
У золаце ясным, у збруі шыкоўнай -
Гасцінец дзівосны ад бацькі!
«Сядай жа, мой сыне! На ім ты даскочыш
Па кручы аж да каралеўны:
Заўважаць там зорку ў цябе яе вочы -
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!»
16
Сеў хлопец, ледзь свіснуў - і ўжо ля падножжа
Скалы той шкляной каля пляца.
А вунь і браты. Ды зямны конь ці зможа
З Пегасам яго паспрачацца?
Умомант да самага верху падскочыў
Па кручы ён да каралеўны.
Пазналі там зорку на ім яе вочы -
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!
17
«Ах, ойча ты мой! - каралеўна ўсклікае -
Нашто мне тых рыцараў многа!
Я бачу, ў каго мая зорка зіяе -
Не трэба мне болей нічога!»
«Ну, што ж, мы закончым турнір гэты, людзі, -
Кароль аб'яўляе ахвоча, -
Хай сынам маім маладзён той во будзе,
Які на скалу гэту ўскочыў!»
18
Народ віншаваць пераможцу спяшае,
Браты рвуцца з ім павітацца -
Яны зразумелі, што той розум мае,
Хто ціхі і знаецца з працай.
Вось так: калі гора - цябе абмінаюць,
Калі ж табе лёс усміхнецца,
Тады цябе раптам усе заўважаюць,
З табой хоча кожны сустрэцца.
19
З маленства такія во чуў казкі-дзівы
Той віленскі пан ваявода.
Ды сэнс гэтых казак народных праўдзівы
Яму невядомы быў, шкода.
Звычайна ж мараль казка кожная мае,
І ў гэтай ёсць сэнс прыхаваны:
Ў жыцці - не ў турнірах - той перамагае,
Хто слаўны, хаця й пагарджаны.
20
А слава - то боская узнагарода
За гожасць душы і сумленне.
Усіх хараство нас узносіць заўсёды
Пад самага неба скляпенне.
Чаму ж са спартанцамі зналася слава?
За што ж іх кахалі дзяўчаты?
За мужнасць, за сэрцаў найшчодрых праявы,
А не за крыклівыя шаты.
21
Усе разумеў ваявода даслоўна,
Нібыта статут, казкі тыя.
Ён так і ў жыцці ўсё рабіў безадмоўна,
Як баялі байкі людскія.
Было жаніхоў у Малгосі нямала -
І гожых, і шчодрых, і дужых,
Ды верх фанабэрыя ў доме тым брала
Усё-ткі у выбары мужа.
22
За вокнамі мноства паходняў мігценне,
На сценах паблісквае зброя.
Напояў ды мёду ільюцца струмені,
Гасцей там - паўнюткі пакоі.
У добрым гуморы і сам ваявода,
Як юная Геба1 - Малгося.
Той стане шчаслівы, каму яна мёду
У чары падасць на падносе.
23
Звінеў ад вясёласці дом ваяводаў,
Было гэта ў час, як вяртаўся,
Стафан з-пад Масквы, з баявога паходу
І тут, на Літве, затрымаўся.
Да гожай Малгосі героі спяшаюць,
На вуснах ва ўсіх - яе імя.
Падносяць ёй кветкі, паклон адбіваюць,
З букетам - і Бекеш між імі.
24
Бясстрашны венгерац, пад польскія сцягі
Ён з-пад Сяміграду2 прыбіўся.
У войску Баторыя, поўны адвагі,
Не раз з прусакамі ён біўся.
Бываў ён пад Кесяй, пад Венданем3, воін,
У бой рваўся першы заўсёды.
Ды Марсавы лаўры нішто перад ёю,
Чароўнай дачкой ваяводы!
25
Палае каханнем, забыўшы пра тое,
Што з іншаю ён заручоны.
Хаця і даўно развітаўся ён з ёю,
Ды кляўся ж быць верным да скону.
Дзе ж рыцара клятва? Дзе абяцанне?
Няўжо ўсё было выпадкова?
Калі ты пакляўся ўжо ў верным каханні,
Жалезна трымай сваё слова!
26
Во пеняцца кухлі, віно б'е фантанам,
Узносяць Стафана віваты.
І ён, ваявода, тут п'е за Стафана,
Спявае з усімі, заўзяты.
А потым кідаецца раптам у скокі -
Ну, хто яму даць можа рады?
Ажно вунь кунтуш разлятаецца ў бокі,
Сам ляскае ў ладкі ён, рады.
27
«Браты мае, шляхцічы, слухайце гэта:
Не дам я Малгосі нікому!
Сваты, што сабраліся з цэлага свету,
З майго парасходзяцца дому.
Гэй, хто на гару на кані з вас ускочыць,
Малгосі руку той здабудзе!
Дзе Вільня4 крышталь паміж кручамі коціць -
Гара тая, знаная людзям5.
28
Ад він ап'янелыя і ад кахання,
Крычаць тут усе яму: «Брава!»
І кожны гатовы пайсці на змаганне
За сэрца Малгосі ласкавай.
Калі я шчаслівы, калі я кахаю,
Жыццё ўсё становіцца песняй -
Свет новы твару, свет стары адкідаю,
Надзеі усе свае здзейсню!
29
Назаўтра, калі пасля гаму ды шуму
Зноў рыцары працверазелі,
Бязглузднасць усю учарашняй задумы
Пра тую гару зразумелі.
Якая ж тут слава у конскім капыце?
Што цуглі трымаеш талкова?
Ды ў Польшчы хутчэй развітаюцца з жыццем,
Але не адступяць ад слова.
30
Паблісквае сонца. Якая пагода!
Да берага Вільні спяшаюць
Малгося з матуляю, сам ваявода,
Ахоўнікі побач ступаюць.
Прыбегла ўся Вільня - хоць глянуць на дзіва:
Што ж гэта на беразе будзе?
Малгосі руку хто сягоння шчасліва
Са славаю разам здабудзе?
31
Шмат хто пазмагацца за шчасце гатовы,
А першы тут Бекеш ступае.
У неба ён просіць ад ліха аховы:
Трывога на сэрцы глухая.
Конь фыркнуў, зямлю капытамі ўздзірае -
Трывогу і ён чуе, можа?
Ды рыцар на гэта зусім не зважае:
Адвага усё пераможа!
32
Ляціць на гару і на самай вяршыні
Крычыць ужо: «Бацьку вітанне!»
Ды хмары пайшлі тут па небнае сіні:
«Што ж гэта? » - гняце ўсіх пытанне.
Змянілася гэтак пагода раптоўна!
Малгосю трасе: так баіцца.
Калі ўжо душа прадчуваннямі поўна,
Яны могуць часам і збыцца.
33
Саскочыў тут рыцар і зноўку ускочыў.
Крычыць зверху: «Матцы вітанне!»
А вецер шалее. Сцямнела, бы ўночы.
«Што ж гэта?» - гняце ўсіх пытанне.
Змянілася гэтак пагода раптоўна!
Малгосю трасе: так баіцца.
Калі ўжо душа прадчуваннямі поўна,
Тады яны могуць і збыцца.
34
У трэці раз Бекеш наверх узлятае,
Гукае: «Малгосі вітанне!»
А бура мацнее, унь дахі ўзрывае,
Аж глушыць грамоў грукатанне,
Абрынуўся лівень на голавы з градам -
Свет гэткай не знаў навальніцы.
І Бекеш з гары стрымгалоў з вадаспадам
Ляціць пад узбліск бліскавіцы.
35
І падае вобзем з канём сваім разам
На друз, на каменне са стромы.
Зірнуць не паспелі: ляжаць яны плазам -
І рыцар, і конь нерухома.
Агнём перуновым быў рыцар працяты -
Вось так, малады, і загінуў:
Паўсюль бліскавіцы пад грому раскаты
Свет кроілі напалавіну.
36
Улеглася бура і толькі аблокі
Па небе плывуць караванам.
Душа яго дзесь на судзе ўжо высокім,
А сам ён во тут, распластаны.
Хаця і ліцвіна кахала Малгося,
Хоць Бекеша хітрасці знала,
Ды тут, над жыццём маладым, што звялося,
Яна гэтак горка рыдала.
37
Прыйшлі ўсе дадому. Цяпер ваявода
Ад жалю не знае дзе дзецца.
Так шкода жыцця маладога, так шкода,
І ён перад Богам клянецца,
Што той, хто даб'ецца не прывіднай славы,
Хто шчыра Радзіме паслужыць,
Мець будзе прыём у яго найласкавы,
Дадасць таму ў лаўры ён ружы.
38
А Бекешу помнік сказаў ён паставіць -
Хай бачыцца людзям і зорам.
І сёння стаіць ён... Ды што яго славіць!
Хай будзе для тых ён дакорам,
Хто здрадзіў калі у сляпым парыванні
Каханай - хаця й выпадкова...
Калі ты пакляўся ўжо ў верным каханні,
Жалезна трымай сваё слова!
Наваградскі замак
1
Ёсць людзі, якія нічога убачыць
У свеце не ўмеюць душою.
Што воку адчыніцца, так і тлумачаць
Усё, нават «дзіва» любое.
А іншыя толькі душы сваёй зрокам
На свет і глядзяць мігатлівы.
Там бачаць, дзе пуста, дзе ўсё-ўсё пад змрокам,
І ўсюды ім мрояцца дзівы.
2
Каб гэтакіх я памірыў між сабою
(Не раз чуў між імі я звады),
Каб унаравіў ім хоць гэтай сваёю
Баладай - быў вельмі б я рады.
О Божа, зміры іх - забудзьма праклёны!
Хай з розумам сэрца сябруе:
Вы верце, калі што вам кажа вучоны -
Збірае ж ён мудрасць людскую.
3
Было гэта ў горадзе слаўным Міндоўга2 -
Вякоў найдалёкіх здарэнне:
На Замкавай ціхай гары колісь доўга
Я слухаў сцен даўніх каменне.
Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча -
Паслухаць іх спыніцца кожны.
Руіны царквы ажываюць штовечар -
Ад зданяў трасецца набожны.
4
Дзе продкі калісь - не зайздросцьце іх долі -
У бойках сцякалі крывёю,
Студэнцкія нашы гады у сваволі
Прабеглі сваёй чарадою.
Мы ведалі мячык ваўняны - не кулі,
Палянты ўсяго - не гарматы.
Гулялі, вясёлыя, дзе ў каравуле
Калісьці стаялі салдаты.
5
Калі яшчэ дзесь пры Казіміры Яне3
Прыйшоў сюды Карл найшалёны4
І ўзяўся паіць дол крывёю, паганец,
Знішчаючы нашы плямёны,
А цар той з усходу ліў кроў гэтаксама,
Пакуль ён з Чарнецкім5 не стрэўся,
О колькі тут гора, дзе сённяшні замак
І далей, - наш люд нацярпеўся!
6
І сёння расказваюць людзі старыя,
Як шведы людзей нашых клалі
На воз, бы снапы, і жардзінай, ліхія,
Як толькі маглі, прыціскалі.
А дзетак маленькіх стаўлялі за лавы
І лавай душылі пад крык іх.
Такія во страшныя гулі-забавы
Былі у тыранаў тых дзікіх.
7
Напэўна, яны мелі цвёрдыя сэрцы,
Паўночныя тыя гіены.
На сорам нашчадкам сваім, людажэрцы,
Такія ўчынялі тут сцэны.
Дасюль у зямлі нашай скарбаў нямала -
Хто кожны ўскапае дзядзінец?
Рука іх чыясьці у спеху хавала,
Калі лютаваў тут чужынец.
8
У час, як пад Слонімам вёў з чужакамі
Чарнецкі свой рэй неласкавы,
Дым па-над Наваградкам віўся клубамі,
Людзей выразаў швед крывавы.
Дагэтуль не знаў замак здрады ніколі,
Ды сталася ж раптам такое,
Калі тым жа часам каханне міжволі
Укралася ў сэрца ліхое.
9
У шведку адну быў сам князь закаханы -
А быў палкаводцам у краі.
Ах, ганьба таму, хто, пачуццям адданы,
Свой край на дзяўчыну мяняе.
Каханкаю першаю нашай - айчына,
Ёй служым, яе мы шануем,
Другая ж каханка - вядома ж, дзяўчына,
Якую кахаем, мілуем.
10
Ужо тая хітрая шведка, якую
Так князь пакахаў бесталковы,
З сваімі на тайнай нарадзе мяркуе,
Як выманіць князя са сховы.
І вось абяцае яму, што да шлюбу
З ім пойдзе, калі ён здасць замак,
Які аніколі не дасць яна ў згубу,
Наваградак людны - таксама.
11
Не знаю, адкуль ён, з якога ён роду -
Відаць не ліцвін, не з палякаў:
У нас і не бачылі гэтакіх зроду -
Хутчэй з чужаземных ваякаў.
Ён шведам аддаў грозны замак без бою,
І вось яны замак руйнуюць.
Ваду, што яго амывала сабою,
Спусцілі - ўсё нішчаць, рабуюць.
12
Тут сёння шкілет толькі замка здалёку
І ўбачыш. На доле - гармата.
Маленькі струмень яшчэ сочыцца збоку.
О Божа, якая то страта!
Са смуткам абломак той наваградчане
З падножжа наверх ускацілі.
І даўняя з бронзы гармата там стане,
Дзе земства у гэтай во хвілі.
13
Прахожы, ты бой гэткі жорсткі, крывавы
Адно на паперы мо бачыў.
Калі пачынаеш ты важныя справы,
Зарок жа дай шчыры, гарачы:
Жыць вечна у згодзе, а раптам са звадай
Палезе сусед незычлівы,
Хоць не засмуці анікога ты здрадай -
Ці ж можа быць здрайца шчаслівы?
14
О людзі, каму шчыра зычу я згоды,
Паверце мне, хоць не стары я:
Роў гэты быў высах у даўнія годы
Праз шведкі той чары ліхія.
Як чуў, вам паведаў пра гэтыя дзівы -
У сметнік жа кіньце ўсе звады!
Калі б памірыў я вас, быў бы шчаслівы,
Я вашай бы згодзе быў рады!
1
Ёсць людзі, якія нічога убачыць
У свеце не ўмеюць душою.
Што воку адчыніцца, так і тлумачаць
Усё, нават «дзіва» любое.
А іншыя толькі душы сваёй зрокам
На свет і глядзяць мігатлівы.
Там бачаць, дзе пуста, дзе ўсё-ўсё пад змрокам,
І ўсюды ім мрояцца дзівы.
2
Каб гэтакіх я памірыў між сабою
(Не раз чуў між імі я звады),
Каб унаравіў ім хоць гэтай сваёю
Баладай - быў вельмі б я рады.
О Божа, зміры іх - забудзьма праклёны!
Хай з розумам сэрца сябруе:
Вы верце, калі што вам кажа вучоны -
Збірае ж ён мудрасць людскую.
3
Было гэта ў горадзе слаўным Міндоўга2 -
Вякоў найдалёкіх здарэнне:
На Замкавай ціхай гары колісь доўга
Я слухаў сцен даўніх каменне.
Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча -
Паслухаць іх спыніцца кожны.
Руіны царквы ажываюць штовечар -
Ад зданяў трасецца набожны.
4
Дзе продкі калісь - не зайздросцьце іх долі -
У бойках сцякалі крывёю,
Студэнцкія нашы гады у сваволі
Прабеглі сваёй чарадою.
Мы ведалі мячык ваўняны - не кулі,
Палянты ўсяго - не гарматы.
Гулялі, вясёлыя, дзе ў каравуле
Калісьці стаялі салдаты.
5
Калі яшчэ дзесь пры Казіміры Яне3
Прыйшоў сюды Карл найшалёны4
І ўзяўся паіць дол крывёю, паганец,
Знішчаючы нашы плямёны,
А цар той з усходу ліў кроў гэтаксама,
Пакуль ён з Чарнецкім5 не стрэўся,
О колькі тут гора, дзе сённяшні замак
І далей, - наш люд нацярпеўся!
6
І сёння расказваюць людзі старыя,
Як шведы людзей нашых клалі
На воз, бы снапы, і жардзінай, ліхія,
Як толькі маглі, прыціскалі.
А дзетак маленькіх стаўлялі за лавы
І лавай душылі пад крык іх.
Такія во страшныя гулі-забавы
Былі у тыранаў тых дзікіх.
7
Напэўна, яны мелі цвёрдыя сэрцы,
Паўночныя тыя гіены.
На сорам нашчадкам сваім, людажэрцы,
Такія ўчынялі тут сцэны.
Дасюль у зямлі нашай скарбаў нямала -
Хто кожны ўскапае дзядзінец?
Рука іх чыясьці у спеху хавала,
Калі лютаваў тут чужынец.
8
У час, як пад Слонімам вёў з чужакамі
Чарнецкі свой рэй неласкавы,
Дым па-над Наваградкам віўся клубамі,
Людзей выразаў швед крывавы.
Дагэтуль не знаў замак здрады ніколі,
Ды сталася ж раптам такое,
Калі тым жа часам каханне міжволі
Укралася ў сэрца ліхое.
9
У шведку адну быў сам князь закаханы -
А быў палкаводцам у краі.
Ах, ганьба таму, хто, пачуццям адданы,
Свой край на дзяўчыну мяняе.
Каханкаю першаю нашай - айчына,
Ёй служым, яе мы шануем,
Другая ж каханка - вядома ж, дзяўчына,
Якую кахаем, мілуем.
10
Ужо тая хітрая шведка, якую
Так князь пакахаў бесталковы,
З сваімі на тайнай нарадзе мяркуе,
Як выманіць князя са сховы.
І вось абяцае яму, што да шлюбу
З ім пойдзе, калі ён здасць замак,
Які аніколі не дасць яна ў згубу,
Наваградак людны - таксама.
11
Не знаю, адкуль ён, з якога ён роду -
Відаць не ліцвін, не з палякаў:
У нас і не бачылі гэтакіх зроду -
Хутчэй з чужаземных ваякаў.
Ён шведам аддаў грозны замак без бою,
І вось яны замак руйнуюць.
Ваду, што яго амывала сабою,
Спусцілі - ўсё нішчаць, рабуюць.
12
Тут сёння шкілет толькі замка здалёку
І ўбачыш. На доле - гармата.
Маленькі струмень яшчэ сочыцца збоку.
О Божа, якая то страта!
Са смуткам абломак той наваградчане
З падножжа наверх ускацілі.
І даўняя з бронзы гармата там стане,
Дзе земства у гэтай во хвілі.
13
Прахожы, ты бой гэткі жорсткі, крывавы
Адно на паперы мо бачыў.
Калі пачынаеш ты важныя справы,
Зарок жа дай шчыры, гарачы:
Жыць вечна у згодзе, а раптам са звадай
Палезе сусед незычлівы,
Хоць не засмуці анікога ты здрадай -
Ці ж можа быць здрайца шчаслівы?
14
О людзі, каму шчыра зычу я згоды,
Паверце мне, хоць не стары я:
Роў гэты быў высах у даўнія годы
Праз шведкі той чары ліхія.
Як чуў, вам паведаў пра гэтыя дзівы -
У сметнік жа кіньце ўсе звады!
Калі б памірыў я вас, быў бы шчаслівы,
Я вашай бы згодзе быў рады!
Калдычэўскі1 шчупак
Балада
для Міхала Верашчакі
Міхалу,
пасылаючы гэту баладу
Найпершага ў свеце люблю я гуляку -
Цябе, дарагі мой Міхале,
Хоць ты і не роўня таму Верашчаку,
Які ў дэпутацкае зале
Калісьці пастукваў, выбранец айчыны,
У сцены, дзе ўсімі чаканы
Быў Польшчы урад у цяжкія часіны
Нябёсамі падараваны.
З тых сценаў выносіў і радасць, бывала,
І роспач парою ліхою.
Для шчасця сваіх землякоў ён нямала
Рабіў тады, шчыры душою.
Служыў свайму краю аддана заўсёды,
Калі ж пастарэў, усё роўна
Людзей ён дабром адараў, у нягоды
Усім памагаў безадмоўна.
Наслухаўся ты, што ён бачыў на свеце -
Было што успомніць старому.
А ты што раскажаш, Міхал, сваім дзецям!
Сядзіш, не вылазячы з дому...
У святах, забавах бясконцых, гуляка,
Ты ўвесь з галавой патанаеш.
А мог быць славутым, як той Верашчака, -
Ты ж сэрца цудоўнае маеш.
Не еш жа, Міхале, дарэмнага хлеба,
Вазьміся за працу, як людзі.
У свеце рабіць хоць што-небудзь ды трэба.
Адлежвацца ў закутку - будзе!
І я так люблю паваляцца, бывае,
Ды мне марнатраўства не люба.
Таму, хто ўсё толькі лайдачыць, гуляе, -
Ты ведай - і ганьба, і згуба!
Душы тваёй свет малады - на завале,
Пяро тваё ўсё на спачыне.
Калі ж бы пусціў яго ў лёт ты, Міхале,
Ах, як паслужыў бы айчыне!
У славе з табой бы ніхто не зраўняўся!
Ты толькі гультайства адолей!
Калі б ты за працу нарэшце узяўся,
Цябе б я любіў яшчэ болей.
У доказ, што люб мне няшчасны гуляка,
Баладу табе пасылаю.
А ўславіў імя б ты сваё - Верашчака,
Ад сэрца табе заяўляю,
Што (толькі б не ведаў Ян з музай разлукі
І быў бы жывы) ён зычліва
Запеў бы ўсе творы твае без прынукі -
Аж свет анямеў бы: «Вось дзіва!»
Балада
1
Каля Калдычэва, што зноў па абшары
Блакіт разліло сярод лета,
Рыбак у гадах, з маршчакамі на твары,
Я помню, расказваў пра гэта.
У часе далёкім, пры Зыгмунтах3 недзе,
Ля хвалі азёрнай раскутай
Быў замак высокі - здалёку б угледзеў -
І жыў у тым замку Анцута.
2
Пра добрага пана між наваградчанаў
Далёка хадзіла гамонка.
Ды кепска вось: не ашчаслівіла пана
Ніводным дзіцём яго жонка.
Бяздзетнасць - ёсць кара мо неба самога:
Пражыць без патомства - пакута.
У Цырын4, Варончу5 - задобрыць бы Бога -
Нёс безліч дарункаў Анцута.
3
І Бог адгукнуўся на шчырасць во гэту!
О радасць неспадзяванкі!
Гасцей насклікаў пан усякіх з паўсвету,
Паклікаў і сябра з Пясчанкі6.
Прыехалі з Слоніма, нават з Бярэсця,
З-пад Пінска - звінелі гасцінцы!
Гасцей назбіралася, можа, за дзвесце.
Што коней было на дзядзінцы!
4
А хто быў з Пясчанкі, з гасціннага дома?
Што ведаеш ты, небарака!
Пытайся ў мяне: мне ўсё ў свеце вядома!
Там жыў знаны Ян Верашчака!
Ён так баляваў там, нібы вы сягоння
Ў Туганавічах - ну, няйначай!
Адзін ён за стол не садзіўся - у гроне
Сяброў: быў з душою юначай.
5
Не меў, як Міхал, на стале вельмі рэдкіх
Тады кавуноў, ананасаў:
У час той дзівосаў няведамых гэткіх
Яшчэ не было між прыпасаў.
Ды ты б паспытаў яго яблык ці грушу!
А поўныя мёду барылы!
Я аж аблізацца, успомніўшы, мушу -
Каму з нас прысмак той не мілы!
6
Гуляюць там госці. Шум, гоман наўкола.
Ад мёду гараць ажно шчокі.
Умомант схапіўшы пад ручкі Эола,
Нясуцца з прыпеўкамі ў скокі.
Не чуюць там нават у гомане гуляў
Ад возера хваль бурапенных,
Што ўраз налятаюць на замак у гуле,
Б'ючыся з усплёскам аб сцены.
7
Ну што ж, хай гуляюць спакойна літвакі,
Бяруць сілы новыя ў мёдзе.
Тут білі калісь крыжакоў усялякіх -
Чаму ж не скакаць пры нагодзе!
Скакаў тут і Ян Верашчака без стомы:
Без гэтага ж свята не свята!
А быў, як Міхал, і рыбак ён вядомы!
Як рыбу лавіў ён заўзята!
8
І тут пасля скокаў гасцей падбівае
У возера невад закінуць.
Улоў найбагаты усім абяцае:
Адно памаглі б яго выняць!
Жыў колісь пад Пінскам, дзе Прыпяці хвалі,
І палешукоў знаў сакрэты.
Там любы яму ловы гэтыя сталі -
Як шабля, як мёд, як кабеты.
9
Відаць, і ў табе кроў яго ёсць, Міхале:
Ледзь згледзіш ваду дзе, здымаеш
Кашулю і лезеш па шыю у хвалі.
А Крысю ты як абдымаеш!
Віном ты не грэбуеш, прагнеш ты бою,
Ды з кім тут пабіцца - не знаеш.
Сядзіш толькі дома ты з люлькай сваёю
Ды з Сэрвачы рыбу цягаеш.
10
Прабач, што рыбачыць не змог я з табою -
Была немалая прычына:
Чым рыбай займацца, хацеў той парою
Я з мілай прайсці Марцалінай7.
Я добры рыбак за сталом толькі хіба...
Але пра гасцей мы забылі.
Яны ля вады ўжо - ці ёсць у ёй рыба?
Вось невад у вір запусцілі.
11
Ён тоне ў вадзе, паплаўкі праз хвіліну
Наверх як адзін усплываюць.
Іх з плёскатам хвалі - няма ім упыну -
Ужо ў шумавінні гайдаюць.
Чаўны адвязалі - заплёскалі вёслы.
Сярод рыбакоў, забіяка,
Быў там, як заўсёды, вясёлы, узнёслы,
Уперадзе сам Верашчака.
12
Час невад цягнуць - немалая работа.
Заўзята працуюць рукамі.
А ён ходзіць ходарам, б'ецца ў чаротах,
Плюскоча, цяжкі, паплаўкамі,
Але Верашчака усюды дасць рады,
З рук невада не выпускае.
Дух моцны ў старога - прыгодам ён рады -
І сіла ў руках маладая.
13
Гуртом цягнуць невад - аж пеняцца хвалі, -
Не быў гэткім важкім ніколі.
І во ён наверсе! «Ура!» - закрычалі,
Аж рэха пайшло па наўколлі.
Тут штось як пялёхнецца - прэч, разявака!
Рве сеці шчупак - мо з паўтоны!
Але не губляецца ўсё ж Верашчака:
Хапае яго ўжо, натхнёны!
14
Да берага цягне. «Чакай, о мой куме! -
Анцута яго тут спыняе. -
Няхай паляжыць у вадзе ён, у шуме,
Зрабіць так з ім сябра жадае:
Уздзець у хрыбет яму кольца стальное
І ў хвалі пусціць - да сустрэчы!
У памяць дачкі нараджэння такое
Ўчыніць было б вельмі дарэчы.
15
На кольцы тым выб'ем, - Анцута так мовіць, -
Мы зараз жа надпіс тактоўны:
«Той, хто шчупака таго дзе-небудзь зловіць,
Дасць баль мне, Анцуту, шыкоўны!»
Я знаю, шмат з возера нашага нораў
Ідзе пад зямлёй ва ўсе бокі.
Шчупак па іх можа патрапіць да мораў
Нязнаных - у край найдалёкі.
16
Яго будзем есці, мой куме, суседзі,
Віном запіваючы з гляка,
Ў султана альбо ў караля на абедзе!..»
«О брава!» - гукнуў Верашчака.
І ў кузні тут звон малатоў у хвіліну
Раздаўся - каваль на кавадла
Кладзе разагрэтую ў горане шыну
І б'е па жалезе заядла.
17
Вось кольца гатова! Вось золатам словы
З ахвотай на ім выбіваюць!
І з ім шчупака - хай гуляе здаровы! -
У возера зноўку пускаюць.
Так пляснуў хвастом па вадзе, здаравяка,
Што пырскі ўзляцелі пад неба.
Да ніткі ўвесь змок быў уміг Верашчака
І ўсе былі змоклі што трэба.
18
Але рыбакам не было многа страты,
Што зноў шчупака адпусцілі:
Улоў таго дня быў надзіва багаты -
Аж ледзьве ў шэсць фур умясцілі!
Былі там ліні, шчупакі з карасямі.
Ляшчы і падлешчыкі, многа
І іншае рыбы - грабі кашалямі:
Бы хтосьці сыпнуў яе з рога!
19
Вячэра была там на славу - ад рыбы
Сталы проста гнуліся ў час той.
Сядзеў Верашчака вясёлы - ну, нібы
Бог мора - ў адзежы блішчастай.
Ядуць усе й хваляць яго, рыбалова.
Гучаць яму ўсюды віваты.
Аж вус лезе ўсмешліва ўверх, калі слова
Хвалы яму дораць дзяўчаты.
20
А ён у адказ кампліменты талкова
Усім рассыпае, найветлы.
І рады паненкі, ім кожнае слова
Яго - бы мёд ковенскі светлы.
Кальне каго досціп мо неасцярожны,
Мо заружавее якая,
Ды крыўды - ні ў кога ніякай, бо кожны
Той жарт добра сэрцы яднае!
21
Закончыўся баль, адшумелі хрысціны,
Паехалі госці з гулянкі.
Ужо й Верашчаку вазок праз Плужыны8
Адвёз да ягонай Пясчанкі.
Зноў сеюць і косяць, як быць і павінна.
За працаю хутка й забылі,
Як колісь на тых незвычайных хрысцінах
У вір шчупака адпусцілі.
22
Шугала жытамі аж да небакраю
Не раз пад Наваградкам поле.
Дачка ўжо ў Анцуты - красуня, якая
Уся расцвіла на прыволлі.
Рабіць усё ўмела - і прала, і шыла,
На кухні усё гатавала.
Сувоі палотнаў на лузе бяліла,
Сама агарод засявала.
23
Была яна з боскаю цнотай знаёма,
Глядзела бацькоў, як умела.
Чым гойсаць Наваградкам, лепш яна дома
Хоць чым памагчы ім хацела.
І добра, што ні казіно той часінай,
Ні ўсякіх рэдутаў9 не знала.
Затое, ледзь дзень прачынаўся, дзяўчына
Ўжо ложа сваё пакідала.
24
Ішлі так гады. Неяк да Верашчакі
Цівун залятае ў пакоі.
А бледны! Аж пан - на выпадак усякі -
Рукой пацягнуўся да зброі.
«Не ворагі гэта!.. Я ў Свіцязі бачыў... -
Казаў, а самога аж трэсла, -
Таго шчупака! Я пазнаў - ён, няйначай!»
Уцяміўшы, ўскочыў пан з крэсла.
25
Стары ўжо - у твары змянілася штосьці,
Ды быў нібы цвік ён, меў сілу:
Хто сціпла паводзіў сябе ў маладосці,
Таму ісці доўга да схілу.
«Хутчэй дайце кій мне, нясіце апратку,
Падайце найвострыя з восцяў!»
У доме забегалі ўсе ў беспарадку,
Узброілі ўміг ягамосця!
26
А гэта было недзе ранняй вясною,
Калі ўсе мацней сябе чуюць.
Да берага рыбы такою парою
Лавінамі йдуць - нерастуюць.
Злавіць тую рыбу, што сама гуляе,
Увечары восцямі можна.
Яе толькі трэба, калі падплывае,
Агнём асвятліць асцярожна.
27
Да возера борзда стары наш шыбуе,
Ну, так, як Міхал усё роўна.
Лучынаю свецячы, рыбу цікуе
Па ціхае Свіцязі з чоўна.
Агонь гэты бачыцца людзям са шляху.
З таго, што вядзе ў Гарадзішча10.
Мо гэта нячысцік, гадаюць у страху,
Там сушыць свой скарб, што так блішча.
28
Прыгледзься, і лысіна вунь у старога,
Як скарб той, паблісквае з даляў.
Нібыта Нептун, які, воднай дарогай
Пусціўшыся, спрытна між хваляў
Трызубцам ахвяру сваю падцінае,
Гайдае марскія прасторы,
Так наш Верашчака у чоўне шнырае
Па Свіцязі светлай без зморы.
29
Нарэшце шчупак! Верашчака бязмоўна
Шост з восцю вышэй уздымае.
Хвіліна, і вось, нахіліўшыся з чоўна,
Ураз шчупака працінае!
Да берага цягне, шчупак жа тут - дыба!
Хвастом ва ўсе бокі лупцуе!
Ледзь шост не зрывае - вось гэта дык рыба!
А побач вада ўся віруе!
30
Ах, што ж гэта ноч засланяе сабою
Рыбацкую слаўную дзею!
Хай барды б з-пад Нёмана песняй сваёю
Апелі такую падзею!
Не знаю, жыць буду я многа ці мала,
А ўсё-ткі - няхай мо й няўмела -
У вершы ўздыму славу продка Міхала,
Як той шчупаковае цела.
31
«Цуд! Цуд!» - Верашчака здзіўлёна ўсклікае,
Убачыўшы кольца стальное...
Дадому, да жонкі вярнуўся - аж ззяе:
«Ці чула ты дзіва такое!
Чакай - заўтра ж госць з Калдычэва прыедзе!
Хай змірыцца ўжо: яму з гляка
З султанам віна не папіць у бяседзе -
Больш годны усё ж Верашчака».
32
І праўда: назаўтра прымчаўся з сям'ёю
Ён, госць калдычэўскі, ў Пясчанку.
Гулялі, смяяліся, елі гурмою
Таго шчупака аж да ранку.
Ды гэта не ўсё: у бяседзе тым разам
Сустрэліся двое маўкліва -
Юнак і дзяўчына. Быць, мусіць, ім разам:
Так ззялі іх вочы шчасліва!
33
Была то дачка-прыгажуня Анцуты,
Юнак жа - быў сын Верашчакі.
Даўно да яе, маладзён, быў прыкуты -
Яе ўпадабаў бы усякі!
Была яна сціплай, спакойнай, цнатлівай,
А твар аж свяціўся, прывабны.
Як хораша дома рукою цярплівай
Маток развівала ядвабны!
34
Не раз пры двары ў Калдычэве ад рання
Прастойвалі хлопцавы коні
Ды елі там з дышла. Паніч на расстанне
Пяшчотна браў любай далоні.
Ён піў за здароўе яе з чаравічка,
Што мілая ножка насіла,
Яна ж дыванок свой - там гай і крынічка -
Яму - ведай ткаллю - дарыла.
35
«Пасватаць пара ўжо іх, куме шаноўны, -
Ну хто ж пра любоў іх не знае?
Дзяўчына - красуня і хлопец цудоўны,
Хай Бог іх сягоння ж з'яднае!
Няхай жа адно аднаго так кахаюць,
Як мы во, бацькі іх, зычліва».
У хлопца ад радасці вочы аж ззяюць,
Яна ўніз глядзіць сарамліва.
36
Заручыны справілі. Дружным віватам
Грымела вясёла Пясчанка.
Здаецца, шчупак быў галоўным тут сватам -
Такая ўжо неспадзяванка!
І ты шчупакоў вудзіш, любы Міхале,
У Сэрвачы - хай бы злавіўся
Такі, што й цябе ўжо так з нейкаю краляй
Сасватаў, і ты б ажаніўся!
37
Каб трапіла ў вуха мне вестка такая,
Каб нашы прыняў ты парады,
Узнёс бы да неба таго шчупака я
І крыкнуў бы голасна, рады:
Жыві ж, брат, здаровы ты з любаю жонкай
І дом свой за час найкароткі
Напоўні вясёлай дзіцячай гамонкай,
Працуй і рыбач так, як продкі!
Падземны звон на горцы ў Пазяневічах
1
Чаго маўчыце вы? Чаму ў вас так ціха?
Так глуха, панура - о Божа!
Прысядзьце са мною - забудзьма пра ліха!
Забаўлю як-небудзь вас, можа.
Пра ўсё гаварыце адкрыта і смела -
На тое ж нам дадзена мова!
Навошта ж таіцца ўжо так? Што наспела -
Даволі трымаць нам у сховах!
2
Што там за дзяўчо маладзенькае ўпотай
З кутка выглядае, сумуе?
Усе - да мяне! Вам сягоння з ахвотай
Паведаю байку адну я.
Ды што мне за гэта дасцё? «Што ж мы маем!»
Ах, мне хоць бы позірк адзіны!
«Дык мы на васпана і так пазіраем!»
Ах, вы здагадацца б павінны...
3
Не гэтакі позірк патрэбны хлапчыне!
Ды, мусіць, прашу вас дарма я...
Ну, што ж - хай ліхое забудзецца, згіне:
Аповесць сваю пачынаю.
Яна мо й не варта трох грошай, не знаю,
Не варта мо ўвагі ніякай.
Таму больш нічога ў вас не вымагаю -
Я вам раскажу і за дзякуй.
4
Паблізу Турца, ў Пазяневічах - чулі? -
У вёсцы, не вельмі прыкметнай,
Ёсць горка - пры ёй вы ўначы б не заснулі:
Шуміць, нібы Гекла ці Этна!
І звоніць, і звоніць... Не верыце, можа,
Тады прыкладзіце там вуха -
Адразу з зямлі, дзе пагорка падножжа,
Ён, звон той, пачуеце глуха.
5
Той з'явы пан Фізік мо дасць тлумачэнне?
Ці мо Астраном наш найлюбы?
Нічога не кажуць! Стаяць у зняменні
Ды толькі грызуць сабе губы!
Раз так - вы, дзяўчаткі, мяне папрасіце:
Я ўсё вам, як ёсць, растлумачу.
Вось толькі нічога ў вачах не таіце -
Я праўду няхай там убачу.
6
Але ўжо даволі тлуміць вам галовы -
Пачнём жа аповесць, нарэшце:
Дай волю нам, грэшным - заўсёды гатовы
Чаго толькі мы не наплесці!
І я да начы б балбатаў бесталкова,
Каб слухала толькі якая.
Ну, досыць! Дальбог, ужо болей - ні слова,
Прадмову на гэтым канчаю!
7
На горцы той цэркаўка колісь стаяла,
Быў крыж усярэдзіне - з клёну,
На ім, на крыжы, і фігурка блішчала
Прыцёмненай бронзай чырвонай.
Фігурка - яе ж, пэўна, ведае кожны -
Ледзь бачную дзірачку мела.
У цэрквах яе для падману набожных
Не раз скарыстоўвалі ўмела.
8
Дык вось - пры царкве той, што з горкі глядзела,
Жыў поп не з святой пападдзёю:
Яна абскакаць прэзідэнтшу хацела
Убраннем, раскошай сваёю.
На ўсіх кірмашах - у Сталовічах, Міры -
Уборамі б свет асляпляла.
Ёй толькі і сніліся перлы, сапфіры -
Іх безліч яна наскупляла.
9
Ды толькі ёй мала. Папа ўсё ўшчувае:
Ёй грошай давай - ды паболей!
І днямі й начамі грызе яго, лае -
Няхай яе, з гэтакай доляй!
Не ведае поп, дзе тых грошай набрацца.
- Мо выламаць з пальца? - бывае,
На жонку ўзлуецца, ды тая - ну й цаца! -
Яго ледзь з гразёй не змяшае.
10
І зноў - за сваё. Жыць ёй трэба ў раскошы!
Пра строі, пра золата мроіць.
Каб самі плылі у панчоху ёй грошы,
Праекты ўсялякія строіць.
Згадала ў царкве тут фігурку святую.
Вады ўліць туды - хай сцякае
З воч-дзірак, бы слёзы. На з'яву такую
Люд злотых мяхі нассыпае!
11
За іх прывязе з кірмашу яна, з Міра,
Дзівосныя стужкі, кабаты.
Поп гэты праект адхіляў вельмі шчыра,
З кніг боскіх чытаў ёй цытаты,
Што люд аніколі ашукваць не трэба,
Што д'яблавы гэта прынады.
Ды гвалт як уздыме яна ўжо - о неба! -
Цуд зробіш тут, рады не рады.
12
Свайго пападдзя дасягнула - з воч боскіх
«Сляза» пацякла, як жывая.
Пра цуд незвычайны ад вёскі да вёскі
Пайшла пагалоска па краю.
Ну хіба ж не прыкра, што ў нашым павеце,
Хоць бачыш і добрага многа,
Але, як бывае часамі на свеце,
Усё ж, мусіць, болей благога.
13
Тут быў і Антоська, пра «цуды» якога
Пагудкі хадзілі усюды,
І людзі, дурныя, няслі, як да Бога,
У Дарава золата груды.
Пайшлі так во людзі і ў цэркаўку гэту:
Што час - то штукар свой, вядома.
Тады - па здароўе люд ехаў з-за свету,
Цяпер жа - па божую помач.
14
Нібы на кірмаш, адусюль люд вясковы
Цячэ ўжо ракою жывою.
Ніхто не мінае - слабы ці здаровы,
І кожны - з патрэбай сваёю.
Той хоча, каб збожжа радзіла на ўдачу,
І - ставіць аўса тут асьміну1,
А той - каб баброў паляваць лепш ды качак,
Папу валачэ во дзічыну.
15
А гэтая хоча, каб муж яе п'яны
Не біў, не нявечыў, шалёны,
Прынесла ручнік, ёй самою сатканы,
З ручайкай найчыстага лёну.
Другая - каб любы стаў мужам, нятанны
Там пражы маток пакідае,
А гэта - каб быў і ў яе свой каханы,
У той нейкі пасак хапае.
16
Дармо, што ўсё гэта - надзеі і мары
Набожнага простага люду,
Няхітрыя - продкам і небу - ахвяры,
Што людзі ўсё зносяць у груду!
Бярэ і бярэ поп дарункі людскія
І ў Бога збавення не просіць.
Забыўшы пра сорам, грабе ў дзве рукі іх
І ўсё пападдзі сваёй носіць.
17
Абы знайсці ўпынак які на жанчыну!
Прасіў бы ён д'ябла самога,
Каб толькі не грызла папа без спачыну,
Каб сціхнуў зубоў яе скрогат!
А тут у яе новы план выспявае -
Карчму збудаваць зажадала!
І вось вырастае карчма, як жывая,
І люд паваліў туды валам.
18
Там мёд і гарэлка, кілбасы, вяндліна,
А вінаў, прысмакаў няпосных!
Ёсць чым заманіць мужыка-селяніна,
Каб выцягнуць грошык апошні!
І тая спраўляе ўсё новыя строі,
Старая хоць, брыдкая тварам.
Калі прыбярэцца, сябе яна ў мроі
Анёлам малюе, пачвара.
19
Ды ззяе ад шчасця, калі нечакана
Хто гляне - на ўсе яе скарбы.
Чаго на ёй толькі не паначапляна!
А колькі на твары той фарбы!
У кветках уся яна - быццам бы ў гаі!
Вачэй не відаць ужо нават.
Пад ношай убораў сваіх ледзь ступае,
Паглядзіш - ну паваю пава!
20
А тут ужо й фэста яна прычакала -
Ёй новыя будуць уловы!
Царкву прыбірае сама - каб аж ззяла,
Прыдаць хоча выгляд ёй новы.
З сваёй галавы і убораў здымае
Шмат розных гірляндаў найгожых.
Чым можа, царкоўны алтар аздабляе -
Хай свеціцца храм гэты божы!
21
Дзень свята. Прыходзяць во поп з пападдзёю.
Ды ў храм яна толькі ступае,
Як раптам - што робіцца гэта з царквою?! -
Яе штосьці ў бокі хістае.
У крык пападдзя. У спалоху за вуха
Хапае папа. А збялела!
І тут зашумеў, застагнаў вецер глуха,
І ў бездань царква паляцела!
22
Храм божы засыпала ўмомант зямлёю,
І ўстаў там пагорак во гэты.
Паслухай - пачуеш пад горкаю тою
Ты крык пападдзі, як з-за свету.
За «цуд» той, за сквапнасць, за хітрыкі тыя
Па сёння там поп з пападдзёю -
Так Бог пакараў, мусіць, сварацца, злыя,
Ды б'юць у званы пад зямлёю.
23
Так, божыя слугі жыць сціпла павінны,
Быць шчырымі, роўнымі з людам,
Пра душы, пра добрае дбаць штохвіліны
І быць у паводзінах цудам.
Не так, як той поп з пападдзёй. Што ж, званіце
Званамі цяпер ды зубамі
Пад гэтым во долам - вы толькі смяшыце
Людзей, ашуканых тут вамі.
24
Бо той, хто наўмысна ліхое ўсчынае,
Хто рвецца абкрасці любога,
Хто людзям галовы тлуміць толькі й знае,
Не знойдзе спагады ні ў кога!
І ў пекле такому нясоладка будзе -
Пачнуцца і з д'ябламі звады.
З пагардай глядзяць во на гэтакіх людзі,
Жыццю будуць хціўцы не рады...
25
Яшчэ не спіцё вы, мае дарагія?
Скажыце ж, дзяўчаткі, паціху,
Ці хоць даспадобы вам байкі такія?
Ці імі забавіў вас крыху?
О, бачу - дзяўчыначка сумная тая,
Што гэтак маўчала зацята,
Смяецца і ўжо на мяне пазірае!
Мне гэта - найлепшая плата!
Радзівіл, альбо заснаванне Вільні
1
Дзе Вільня яднаецца з гожай Віллёю
У часе паводкі шумліва,
Там некалі ў лесе, што цёмнай сцяною
Стаяў пад зарою маўчліва,
У дрэвах магіла была Свінтарога1
На вогнішчы страшным ягоным.
Адсюль да Пяркунаса бегла дарога,
Да божышча - гаем зялёным.
2
Жыў там жа і Крывэ-Крывэйта2 калісьці,
Што правіў святыя абрады.
Вілася тут сцежка ў лясным густалісці,
Дзе Закрэта сёння прысады.
Сядзеў ён якраз, дзе цяпер Пагулянка3 -
Ці мо пад Венгерскай гарою?
Дзе Закрэт, пазнаўся ў дзень весні з каханкай
Сваёй - пастуховай дачкою...
3
Над Нерыса4 ясным крышталем празрыстым
Глядзела яна на Панары5,
Ў сябе убірала пад небам святлістым
Дзяўчына зямлі сваёй чары.
З маленства была летуценнай, чуллівай,
Самотнаю, поўнай надзеяў.
Ды ў сэрцы мог жар распаліцца імкліва,
Як вецер лагодны павее.
4
Ад гучных бясед уцякала заўсёды:
Чым гулі шумлівыя тыя,
Ёй лепей блукаць дзе на ўлонні прыроды
Ды краскі збіраць веснавыя.
Пасе яна статак. Ягнятак ганяе.
Застыне пад спеў салаўіны.
І часам ёй грудзі дыханне сцінае:
З якой - хто сказаў бы - прычыны?
5
Прыгоніць свой статак. Каровак падоіць,
Бацькам сваім есці згатуе.
Усіх, здэцца, ласкай анёльскаю гоіць,
Ды ў сэрцы зноў сум нейкі чуе.
Што-небудзь нахлыне - і горка заплача,
Праз хвілю - смяецца ўжо з вамі,
А то заспявае скрозь плач і заскача,
Мяшаючы смех са слязамі.
6
Хаця яна мела і ўбогае ўбранне,
Але выглядала ў ім зграбна.
А на галаве - ці хоць хто-небудзь гляне? -
Свяцілася кветачка вабна.
Яе валасоў залачоная хваля
Так гожа лілася на плечы.
На мілыя грудкі тугія спадалі
Чырвоныя стужкі дарэчы.
7
Ішоў над Нярыдай тут Крывэ сцяжынай,
Зямной любаваўся красою.
Аж бачыць: кароўкі сялянка-дзяўчына
Пасе пад зялёнай гарою.
Нібы перад ім расхінулася неба -
Уміг да пастушкі падскочыў.
Яе прывітаў добрым словам, як трэба,
І ў дол скіраваў свае вочы.
8
З той хвілі так думаць было яму міла
Аб цудзе лясным яснавокім,
Што дзіўны агонь у душы запаліла
Найшчырым паглядам глыбокім.
О служка багоў малады! Незайздросны
Твой лёс: гэта ж бачыш яскрава
Ты рай прад сабою, нарэшце, дзівосны,
Зайсці ж - не, не маеш ты права!
9
Няўтольная прага кахання дарэшты
Прысягі твае спапяляе.
У прорву з сабой і анёла вядзеш ты -
Яна ўжо агнём тым палае!
А во і расплата: быць маткай - дзяўчыне...
Лье слёзы ўсё, ходзіць паныла.
Не чуе яна салаўя ўжо ў каліне,
Нічога нідзе ёй не міла.
10
За што ж, о прырода - хто тут вінаваты? -
Ты помсціш сваёй так ахвяры?
Яе ж пачуццём надзяліла сама ты -
Ці ж варта яна тваёй кары?
Сляпы абавязак, ты часам знішчаеш,
Што творыць жывая прырода!
Ты матчына права са здрадай раўняеш,
І плача жанчына - аж шкода.
11
Жыццё ж праз завалы любыя спрадвеку
Сабе пракладае дарогу.
Вось толькі б заўжды ў час цяжкі к чалавеку
Ішоў чалавек на падмогу.
Калісьці была ў нас з прыродаю згода,
Мінулі стагоддзі глухія.
А толькі някепска, калі ўсё ж прырода
Дыктуе законы людскія.
12
Звёў Крывэ дзяўчыну - відаць, што ніколі
Не меў да пастушкі кахання:
Жаданне зямное сваё задаволіў
І ўжо не спяшыць на спатканне.
Цяпер пра Пяркунаса ён толькі дбае -
Забыўся зусім аб дзяўчыне.
Яна ж немаўля ўжо ў начоўках люляе
Ды корміць грудзямі ў хаціне.
13
Ад сораму, жалю не знае, дзе дзецца,
Жыць, бедная, болей не можа.
На рукі малое бярэ і пляцецца
У свет - у слату, ў бездарожжа.
У лесе раптоўна гняздо бедачына
Арлінае бачыць на хвоі.
Залазіць, кладзе туды ў роспачы сына
І зверху - уніз галавою!
14
Панура Крывэйта той пушчаю ходзіць,
Дзе з ёю гуляў пакрыёма.
Хаваў ён свой грэх ад людзей, бо пашкодзіць
Яму мог на службе, вядома.
Праз гэта й яна не казала нікому -
Не зналі ні бацька, ні матка.
Цішком, незаўважна сышла яна з дому -
Даруй жа, убогая хатка!
15
Блукае Крывэйта - яму суцяшэння
Няма ані ў лесе, ні ў полі.
Бо той, хто чым-небудзь запляміў сумленне,
Не знойдзе спакою ніколі.
Вось бачыць у лесе - арлы па-над хвояй
Штось кружаць. Іх цэлая стая!
Падходзіць, аж там - от няшчасце якое! -
Каханка ляжыць нежывая.
16
Як звялая кветка ў чыёйсьці далоні,
Дзяўчына ляжыць нерухома.
Застыла рука так журліва ля скроні -
А можа, змагла яе стома?
Яшчэ вунь на шчоках яе і на шыі
Румянец ірдзее, як ранак.
Такі ж во бывае ў купальшчыц, калі іх
Спужае хлапец нечакана.
17
Упаў перад ёй і халодныя губы
Каханай цалуе ў адчаі.
Ды толькі яна не прашэпча ўжо: «Любы...»
О хто яго гэтак карае?
Яе амывае слязою гарачай -
Ну, як ажывіць яе, людзі?
Але ні слязьмі, ні рыданнем, няйначай,
Не ўзрушыш застылыя грудзі.
18
Тут жаласны плач раптам чуе дзіцячы:
Ён - дзіва - з гнязда далятае!
Узлезшы, віны сваёй вынік там бачыць
Крывэйта - о доля ліхая!
О што нарабіў ён! Зірнуць яму сорам
На вобраз каханай наймілы.
З малым дзіцяняткам, ахоплены горам,
Бяжыць ён па лесе штосілы.
19
Прынёс да сялібы, расказвае люду,
Дзе тое знайшоў немаўлятка.
І дзівяцца ўсе з незвычайнага цуду,
Гадаюць: а хто ж яго матка?
А Крывэ магілу капаць той часінай
Для любай каханкі спяшае.
Слязой акрапіўшы, пад хвояй арлінай
Яе, маладую, хавае.
20
Гадуецца хлопчык - такі яснавокі.
А ладны, а гожы! Як мама.
Ад бацькі ўзяў лоб ён адкрыты, высокі,
Ад мацеры - чуласць таксама.
Я знаю, хто з розумам сэрца яднае,
Хто к чуласці лучыць развагу,
Той хутка ў палёце нябёсаў сягае,
Той мець будзе ўсюды павагу.
21
Навукі дае сам Крывэйта малому,
Да працы яго прывучае.
Яшчэ вучыць праву багоў і людскому,
Бо гэта душу аздабляе.
У краі сынку яго знойдзецца справа
(Не знае хай службы ягонай:
Прырода даўно ўжо там страціла права -
Ці ж вернешся ўжо ў яе лона?)
22
Аддаў ён хлапца свайго да Гедыміна6,
Што Крывэ-Крывэйту быў крэўны.
Падвысяць, навучаць як трэба там сына -
У гэтым Крывэйта быў пэўны.
Быў моцны Ліздзейка (так хлопца назвалі
Ад тога гнязда7 на хваіне).
Арліныя вочы бацькі яму далі
І спрыт - для палёту хлапчыне.
23
Любіў паляванне ён. З бацькам са зброяй
Не раз вандраваў ён лясамі.
Нейк Крывэ паведаў, прысеўшы пад хвояй,
Пра матку яму са слязамі.
Калі Гедымін, паляўнічы заўзяты,
Крывавых пазбыўшыся войнаў,
Падаўся на ловы, пад любыя шаты,
Дзе гэтак зацішна і мройна,
24
Ён там, дзе ўсяго ўпаляваў вельмі многа,
Заклаў месца новае - Трокі8.
Ліздзейка хадзіў з Трок да зацішка тога,
Дзе маткі грудок невысокі.
Аднойчы паклікаў туды й Гедыміна.
Князь доўга не думаў: дзе коні?
Вось сурмы зайгралі над ціхай далінай -
І мчыць паляванне праз гоні!
25
Спыніліся ў Крывэ-Крывэйты гасподзе -
У дрэвах цяністых, ля луга.
Назаўтра, ледзь бліснула сонца на ўсходзе,
Пастроіла псярню прыслуга.
Во лёгкі ганчак, а во харт ваяўнічы,
Во з голасам грозным брытаны.
Гурчаць у нясцерпе ля ног паляўнічых -
Дагледжаны кожны, прыбраны.
26
Блішчаць у ашыйніках перлы, рубіны.
Усё, што ў набегах забрана
(Ці то ў крыжакоў, ці то з польскай краіны)
Сабакам тут паначапляна.
Не бліскаў ніколі ліцвін камянямі -
Найлепш яму ў скурах звярыных.
Шырокімі блішча ў баі ён плячамі
Ды трапнасцю стрэлаў з ляшчыны.
27
Нясуцца сабакі пад сурмаў ігранне,
Ляціць Гедымін сам віхурай.
Абложыць мядзведзя ён у паляванні
І новай акрыецца скурай.
Спякота... Ды што яму нораў натуры!
Імчыць, ні на што не зважае.
Улетку яго можна бачыць у скуры,
Мароз - у кашулі гуляе.
28
Калчан скураны повен стрэл, як праменняў,
На стрэлах - гусіныя пёры.
Вось толькі убогае ў князя адзенне.
Ды што яму з золата ўборы!
Калі ён за зяця сваёю парою
Браў сына Лакеткі9, казалі,
Ў пасагу, што даў ён за любай дачкою,
Ніякія скарбы не ззялі.
29
На жмудскім кані і Ліздзейка з ім скача,
Усякі хлапца заўважае:
Ваўком, што паклаў тут стралою гарачай,
Ён плечы свае аздабляе.
Воўк болей не ўкінецца ў статак той дзедаў,
Што й сёння пасецца ў даліне.
Ягоная скура ў Ліздзейкі - каб ведаў
Ліздзейка аб любай айчыне.
30
На памяць аб матцы сваёй нешчаслівай
Узяў яе стужкі хлапчына:
Усё ж іх аддаў яму бацька зычліва -
Хай грэюць, няхітрыя, сына.
Іх носіць хлапец на кірасе - гуляе
Са стужкамі вецер часамі.
Штораз, як Ліздзейка забрала здымае,
Іх чулы, кранае губамі.
31
Шумлівая, скача на конях дружына,
Уперад ірвуцца сабакі.
Там недзе ў гаях - пад карчом, пад ялінай -
Ці мала звяроў усялякіх.
Дзень цэлы блукаюць густымі лясамі,
Усюды - галёканне, крыкі.
Здабычы ва ўсіх - хоць вазі ты вазамі,
Курган з яе склаў бы вялікі.
32
Згадаць не паспелі - ужо надвячорак.
Вось згледзелі вочы: панура
Цямнее здалёку высокі пагорак
З руінамі даўняга мура.
За дзіўным тым замчышчам месяц срабрыста
Святло разлівае ў прасторы.
Здаецца, там славы святыня ўрачыста
Маленне узносіць у зоры.
33
І бачыцца зроку: у змроку блукаюць
Даўнейшых тут рыцараў цені,
Што строга нас судзяць - усё яны знаюць
Пра нас, нашы дзеі, хаценні.
Якраз на пагорку тым зрок Гедыміна
Схапіў раптам грознага тура.
Прыструніў каня свайго князь тут і рынуў
На волата-звера, як бура.
34
Стралу за стралою з магутнага лука
Шле князь у запале, заўзяты.
Пранізаны стрэламі, падае ў муках
Урэшце цар пушчы рагаты.
Ля гожай гары той заходзяцца ў брэху,
Пачуўшы дзічыну, сабакі.
Ляжыць тур гарою там - князю на ўцеху,
І дзівіцца з тура усякі.
35
Стральцы Свінтарогу за ўдачу такую
Прыносяць падзяку, вітанне.
Да самай начы па лясах гальмакуе,
Ўвайшоўшы ў азарт, паляванне.
Пад поўнач прыціхлі усе, хто галёкаў,
Цяпер самы б раз - да спачыну.
Ды толькі бяда вось: дом Крывэ далёка.
Зайсці ў пастухову хаціну?
36
Вось князя з дружынай пастух запрашае.
Не знойдзе ад радасці слоў ён.
Нясе сырадою і мёду старая:
Частуйцеся ўсе на здароўе!
Калі б тут была і Ліздзейкава матка,
Гасцям яшчэ б лепш услужыла.
Квітнела дастаткам тады гэта хатка,
Было ў ёй так светла, так міла.
37
Няма яе ў хаце, аб ёй з узрушэннем
Успомніў Ліздзейка, аб маці,
З падзякай стральцы прынялі запрашэнне,
Начуюць ва ўбогай той хаце.
Глядзіць Гедымін, які шчыры, зычлівы
Ліздзейка вось тут са старымі,
Як з імі ласкава гаворыць, журлівы,
Які абыходлівы з імі.
38
У стане любым і ва ўсякай адзежы
Пачцівае сэрца шануе
Таго, каму любасць па праву належыць,
У кім яно крэўнасць пачуе.
Спяць соладка госці. Спакойна ўсё будзе
Без варты у сценах тых ясных.
Бо самыя добрыя - ўбогія людзі,
Што з працы жывуць рук уласных.
39
Сасніў Гедымін, што на гожай гары той,
Дзе тура забіў гэтак лоўка,
Ён бачыць пры лесе густым, пад ракітай
Не тура, а страшнага воўка.
Вачамі-агнямі Літву ўсю з гаямі,
З узгоркамі воўк аббягае.
Бразгоча навешанымі ланцугамі,
Выццём - аж да неба сягае.
40
У сне Гедымін ухапіўся за дзіду,
Ужо й замахнуўся спрасоння
На воўка, ды ўстаў тут і дзівіцца дзіву,
Што з ім прычынілася сёння.
Князь будзіць Ліздзейку, і сябра ахвоча
Выслухвае ўсё. Праз хвіліну
Дзівосны той сон у хаціне прароча
Разгадвае ён Гедыміну.
41
Сон гэты гаворыць, што замак тут будзе
І горад цудоўны ў Закрэце.
Ён звяжа Літву ўсю, устаўшы на грудзе,
І хутка праславіцца ў свеце.
Літвы ўсёй сталіцаю звонкаю стане,
І ў ёй заквітнеюць навукі.
Таму ж, хто яго заснаваў, шанаванне
Складуць тут унукаў унукі.
42
І рад вельмі князь, што парой вечаровай
Забіў тут удачліва тура:
Гара гэта стане сталіцы асновай,
Расці будзе мур тут ля мура...
Ліздзейка ж пра памяць аб мацеры дбае.
Ён там, ля панарскай каплічкі,
Дзе маці астанкі, ёй помнік стаўляе
Між дрэў гаманкіх, ля крынічкі.
43
Тут, едучы з Трок альбо з Вільні, Ліздзейка
Заўсёды з канём сунімаўся.
Падоўгу стаяў са слязамі на вейках
І долу ў жалобе схіляўся.
Пазней, калі веры святло на абшарах
Літвы разлілося - як спадак,
Той помнік з каплічкай старой у Панарах
Абняў агароджай нашчадак.
44
Тут вырас і замак, што радуе вочы,
Муры ўсталі добрай часінай.
Усё стала так, як Ліздзейка прарочыў,
Паслухаўшы сон Гедыміна.
Ад воўка і горад той Вільняй назвалі,
Ліздзейку ж, што радзіў прароча
Ва ўсім Гедыміну, адразу ж надалі
Імя Радзівіла ахвоча.
45
Стаў род Радзівілаў у свеце прызнаны -
Не знойдзеш больш гэтакіх родаў.
З высокаю славай ён быў паяднаны,
Багаццем вялікім валодаў.
Так Бог за пакуты душы ўзнагародзіў
Быў грэшніка Крывэ і тую
Дачку пастуха, пра якую ў народзе
Расказваюць як пра святую.
Узногі
«Гэй, хамы нягодныя! Я вам дазволіў
У лесе маім браць - і то па білету -
Падгнілую леж усяго, і каб болей
Не ссеклі і розгі - запомніце гэта!
Гэй, хамкі нікчэмныя! Красці - даволі!
Каб болей ні ягадкі з лесу, ні грыба!
Ну, хіба ж вы сеялі іх тут, палолі?
Маё усё гэта, мая тут сядзіба!
І вашыя душы, як гэтыя дрэвы,
Належаць мне толькі па праву.
Каб зналі: не будзеце слухаць мяне вы -
Знайду на вас хутка я ўправу!
І ты будзь жа пільны заўсёды, ляснічы,
Ды пушчу вартуй адмыслова.
У тых, хто залезе сюды па здабычу,
Здзірай кажухі з плеч без слова!
Ніводны звярок і ніводны арэшак
Прапасці ў мяне не павінен!
Запомняць хай добра: не любіць пан смешак.
Усіх пакарае, хто вінен!..
Няхай толькі трапіць мне ў рукі каторы -
Да тысячы розгаў ён зведае з плота!
Панюхае й воцату ўжо. Аж да зморы
Хвастаць буду злодзея тога з ахвотай!..»
Такія пагрозы кідаў пан вяльможны,
Што жыў у маёнтку Узногі.
Як чорта, яго, пана ўзногскага, кожны
Здалёку абходзіў - быў гэтакі строгі!
Ды хто ж гэта жыць мужыку забароніць!
Ці ж можна уседзець у цёмнай хаціне,
Дзе ў місе крупіна крупы не дагоніць,
А скваркі, малой хоць, няма і ў паміне?
А прыйдзе вясна - скрозь падчысціць падполлі,
Не знойдзеш нідзе і з мякінаю хлеба.
Адна крапіва. Ды і тая без солі.
За нешта ж купіць яшчэ соль гэту трэба.
Таму вось мужык красці дрэва і лезе,
На рынак вязе - хоць на грошык разжыцца.
Дармо, што бізун панскі бачыцца ў лесе -
Ну, хіба ж жывому ў магілу лажыцца?
У хаце унь жонка ўжо ледзьве жывая,
Як цені, дзятва згаладалая ходзіць.
Яго ж і самога - вось напасць якая! -
Таксама у бокі ад голаду водзіць.
Нястача навокал. І пуста і гола.
Схудалыя волікі ён запрагае,
За пояс - сякеру. Так роспач ды голад
Вядуць яго ўночы па дрэва да гаю.
Нібы ліхадзей, чалавек паважаны
Між дрэвамі крадзецца - доля такая!
Сучок які трэсне, і ён, напужаны,
І чуйны, як звер той, увесь замірае.
І вось ён на месцы. Ледзь дрэва асіліў!
На воз яго цягне, знямоглы, аж млее.
Ды толькі былі яго злічаны хвілі:
Яго ўжо ляснік бізуном сваім грэе!
Натоўк яго, світу мужычую ў спеху
Садраў і сякеру з рукі ўзяў аслаблай:
Над ім яшчэ пан заўтра справіць пацеху,
Пасвенціць гарэлкай ды воцатам, д'ябла!
Так, не дараваў пан: хай знае галота!
«Лупіць, каб запомніў!» - загад быў суровы.
І вось прывязалі ўжо да пераплота,
Хвасталі бічамі - за тыя ўсё дровы!
Дамоў ледзь зайшоў, і ўжо сілы не стала:
Сканаў на парозе гаротнае хаткі!
А там нежывая і жонка ляжала -
Без бацькі ўжо дзеці, без маткі!
Яшчэ з імі дзед ледзь жывы быў. Што ж есці
Яму, бедным дзецям, што з голаду млелі?
Сястрычка старэйшая ўздумала весці
У лес іх - там ягады, кажуць, паспелі.
Ах, пане! Ці ж ты сеяў ягады тыя,
Ці ж твой гэта, скнара, набытак?
Засеяў сам Бог скрозь гароды лясныя -
Нам, бедным, бяздольным, на ўжытак.
Дае дзецям лубкі і, рада не рада,
У лес з імі ціха дзяўчынка пляцецца.
Яна не забылася панскіх загадаў,
Але не спыняецца ўсё-ткі - дзе ж дзецца?
Ідуць, бы зладзеі, пачцівыя дзеці,
Кідаючы ягады ў лубкі.
Трасуцца, як пырхне дзе птушачка ў вецці,
Пужаюцца нават галубкі!
Ляснік прасачыў такі. Б'е ўжо дзяўчыну,
Схапіўшы знянацку за косы.
Дарэмна сваю выкладала прычыну,
Дарэмна маліла нябёсы.
У двор прыцягнуў. І вось розгі ўжо носяць.
Загадвае пан агаліць небарачку.
Тут пана ўжо нават дамашнія просяць,
Ды пан і не слухае: дай ім патачку!
Дачка дарагая! Унучка мая ты!
Каб быў там я ў гэту часіну,
Я ганьбіць цябе не дазволіў бы катам,
Лепш сам пры табе б я загінуў!
Лепш лёг бы няхай у зямлю я сырую,
Чым даць памагатым таго ненажэрца
Зняважыць тваю сарамлівасць святую,
Цнатлівасць дзявочага сэрца!
Прыбілі дзяўчыну, дахаты паволі
Пайшла, ну а дома скруціла нябогу -
Памерла ад голаду, сораму, болю,
Адпомсціць за ўсё даручаючы Богу.
Цяпер хоча вылезці дзед з беднай хаты,
Пайсці жабраваць - мо дзе выпрасіць хлеба,
Адзеўся ў старыя падраныя шматы,
Паплёўся. Ісці ж праз той лес якраз трэба.
Ідзе ён, няшчасны, ледзь цягне ўжо ногі,
Кіёк хоча выламаць - будзе падмога.
Ды выламаў толькі - ляснічы з дарогі
Падбег і ўжо цягне ў маёнтак старога!
Было толькі ўдарыць, слабога, даволі -
Упаўшы, пры пану сканаў ля парога,
Адпомсціць за здзекі усе, за нядолю,
За гібель сям'і даручаючы Богу.
Адны засталіся драбнюткія дзеці.
Іх голад пагнау жабраваць да суседзяў.
А пан - дзе ёсць прагнасць такая йшчэ ў свеце -
І ў горы сірочым карысць сабе ўгледзеў:
Жылі тры браты, шчыра так працавалі,
Ды кепска для пана: усе ў адной хаце,
І паншчыну, як ні лічы, адраблялі
Адну яны - страта на страце!
І ён аднаму з іх, старэйшаму брату -
Хай сам за сябе цяпер дні адрабляе -
Ва ўласнасць аддаў апусцелую хату,
Што кінулі дзеці ў адчаі.
Яшчэ меў карысць пан з сям'і той няшчасця:
Не пойдзе ўжо ў лес больш галоты дружына,
Не пойдзе туды састарэлы дзед красці,
Не пойдзе і тая дзяўчына.
А хто пабяжыць, у куратніку будзе,
Нібыта злачынец, замкнёны.
Наслухацца зможа там, седзячы ў брудзе,
Ад пана абразаў шалёных.
Во лета мінула. Паспелі арэхі.
Ніхто не крануў іх - усе-ўсе для пана.
Сабраў ён сваіх - будзе гэтулькі ўцехі! -
І ў лес выпраўляецца рана.
Ідуць з ім вясёлыя дзеці і жонка
І ўся, што на Ўзногах, прыслуга,
Хто з лубкай, хто з лёгкай вярэнькай, пляцёнкай,
Хто з возам - усе пацягнуліся цугам.
А лес той пануры і цёмны, як хмара -
З нябёсамі тут ён гамоніць спрадвеку.
У ім госціць звер толькі ў норах, выжарах -
І следу нідзе чалавека.
Ідзе грамада ў лес - галёканне, крыкі,
Гуляе між дрэў, абудзіўшыся, рэха.
Трасуць лузганцы ў кожным закутку дзікім,
А іх - нібы сыпле хто з меха!
Бяруць і бяруць - у мяхі, у вярэнькі,
У кошыкі, шапкі, кішэні.
Набралі ўсе. Нават у дочак маленькіх
Арэхаў - паўнюткія жмені.
Ды з яснага неба над саменькім гаем
Раптоўна пярун тут ударыў!
Зірнуць не паспелі - агонь скрозь шугае,
Хвіліна - і лес у пажары!
Агонь аж раве, дым над дрэвамі - хмарай.
З нор выгнаны валам агнёвым,
Звер дзікі ляціць стрымгалоў ад пажару,
Ды гіне у полымі з ровам.
І птаства пячэцца - паны, ці вы рады?
Частуйцеся ж : ваша яно, не чыёсці!
У кухні пякельнай той варацца гады,
А во прыпякло і вашмосцям!
А з неба ні дожджыку нават, ні граду -
Што ж, божая воля такая!
Сярод той спякоты, і дыму, і чаду
Вады - хоць бы кропля малая!
Агонь жа нязбытны ўсё болей шалее,
Галосяць паны - дзе ім дзецца, не знаюць,
Паўзуць адусюль - о, бяда! - на іх змеі,
Іх шчыльна усіх акружаюць.
А з імі арлы, каршуны з крумкачамі,
Шулёнкі, сіпы, совы хмараю цёмнай
Ляцяць ды хапаюць паноў кіпцюрамі,
Ірвуць на шматы іх няўтомна.
Да неба сягалі жахлівыя крыкі,
Ды ўмомант замоўклі: усё спапялела,
У полымі страшным загінуў лес дзікі,
Стаў вугалем, пусткай счарнелай.
Цяпер на тым месцы балота, выжары,
А ў торфе там дрэвы з карчамі. Іх людзям,
Дроў смольных, што безліч ляжыць на абшары,
На тысячу год, пэўна, будзе...
Усё зарасло там бярозай куртатай,
Глухім багуном, лаханамі.
Карчы ў Мыш з Баранавіч - так іх багата -
Шчэ пад лагуны й сёння возяць вазамі...
О панская сквапнасць! Во гэтакіх хіба
Паноў, як ва Ўзгонах, вы не сустракалі?
Усе яны дрыжма дрыжаць, каб і грыба
У лесе сялянкі хаця б не паднялі.
Нікому сарваць не даюць там нічога,
Пакуль у мяхі сабе не нахапаюць.
Як быццам гароды лясныя, што Богам
Усім дараваны, яны засяваюць.
Пад стражу ўвесь лес узялі - так пільнуюць,
Людзей жа за свет шлюць па дрэва гнілое,
За ўсякі крадзеж селяніна лупцуюць
Ці выкуп дзяруць - што ім скажаш на тое!
А глуміцца ж пушча! Яўрэй унь ссякае
Яе без шкадобы - гай робіцца галам!
Дый вецер віхурны наставіць, бывае,
Тут з дрэў піраміду - павал за павалам.
Лес - гэта ж багацце: каму невядома?
Калі ў год каторы не ўродзіць на полі,
Лес будзе ратункам: не дасць анікому
Ад голаду згінуць ніколі.
Дый хай мужыка пан навучыць талкова,
Як лес шанаваць, памнажаць дрэва тое.
Тады мо й не будзе караць так сурова
Яго за палена любое.
Мужык, кажаш, меры ніякай не знае?
Арэх рве з ляшчыны няспелы, зялёны?
Ды толькі дабру хіба ж хто навучае
Праз кары ды праз забароны?
Зірніце на нівы суседняга краю -
З лазы вінаград скрозь звісае там нізка.
Ніхто ж не сарве яго, хоць не ў звычаі
Ганебны бізун там і блізка.
Надзелены лепшай натураю, можа,
Насельнікі іншай, не нашай краіны?
Ці ёсць мо - хто мне зразумець дапаможа?
Яшчэ тут якія прычыны?
Зямля ў нас ліхая? Нічога не родзіць?
Ці тут гультаі? Праца ў нас не ў пашане?
Чаму ж селянін наш, як старац той, ходзіць,
Калі там панамі - сяляне!
Мышанка
Хадкевіч Кароль1 не займеў яшчэ Мышы,
Далёка ўжо час той, далёка! -
Яшчэ без імя у лясной гэтай цішы
Рака булькатала ў асоках,
Калі жыў ліцвін тут, што Мышкам быў званы -
Дамок з заімшэлай страхою.
Бядняк, але быў ён гасціннасцю знаны,
А болей - красуняй-дачкою.
Адсюль недалёка, над светлай ракою,
Над чыстым, дагледжаным ставам,
Дзе замчышча сёння у хвоях старое,
Быў замак, што ленным тут правам2
У князя быў выслужыў рыцар адданы -
Відаць, са шчасліваю доляй.
Быў вельмі заможны ён і паважаны,
Як рэдка ў Літве ў нас хто болей.
Прыгожы і стройны, вясёлы заўсёды,
Блукаў на кані ён па краі.
Скакаў, паляўнічы, ён у Цепліводы3,
Кружыў па Казінавым гаі.
Аднойчы ён стрэў пад ляшчынай густою
Красы найдзівоснай дзяўчыну,
Што ў кошык арэхі ў лясным супакоі
Зрывала, нагнуўшы галіну.
Бліжэй падышоў. І так шчыра вітае,
Пра імя даведацца хоча.
Яна, адказаўшы, уніз апускае,
Нясмелая, сціплая, вочы.
Падумаў сабе ён: напэўна, прастачка,
Ён лёгка яе ашукае.
Памкнуўся абняць, ды яна - ну й дзівачка! -
Наўцёкі, ратунку гукае.
Браты дзесь далёка - ці ж іх дазавецца?
А ён даганяе і з ходу
Хапае дзяўчыну. Яна, хоць, здаецца,
Была і не слабай ад роду,
Не можа тут вырвацца - божа наймілы!
Ну, як жа ёй абараніцца?
Ёй страх, злосць і сорам патройваюць сілы,
Змагаецца, быццам бы львіца.
А ўсё ж ён дужэйшы! Якая хвіліна -
І рыцару здасца ўсё роўна,
Ды пхае яго і хапае, дзяўчына,
Каня тут за цуглі раптоўна.
Конь вырвацца хоча, яна ж яго ўмела
Суцішвае ўміг, чараўніца.
За грыву бярэцца, ускаквае смела -
І вось на кані ўжо імчыцца.
Тут рыцар убачыў слугу і без слова
Каня у яго вырывае.
Ён птушкай - ці поле, ці луг, ці дуброва -
За ёй, маладзён, улягае.
Імчыцца дзяўчына, імчыцца без духу,
А рыцар - за ёю, за ёю,
А вецер аж свішча ў яе каля вуха,
Каса за плячамі - змяёю.
На бераг ракі во яна прылятае,
Конь стаў тут, б'е ў дол капытамі.
І далей - ні кроку, зямлю узрывае,
Варочае страшна бялкамі.
Ды фыркае, кружыць, кідаецца ў бокі,
А тут і пагоня далінай
Узвіхрыла пыл, ад яе ўжо тры крокі...
Саскоквае долу дзяўчына.
Ды ў хвалю рачную з разгону нырае -
Хутчэй жа, хутчэй ад пагоні!
Юнак жа - услед. Сілы ёй не хапае.
Штохвілі слабее і - тоне!
Схавалася ў цёмнай вадзе з галавою -
Юнак даплысці ці здалее?
Не ўспеў! Толькі хвалі бягуць чарадою.
Чысцюткая згасла лілея!
Юнак! Што ж тваё нарабіла жаданне?
Даць згінуць душы найпрыгожай,
Так вартай найлепшай пашаны, кахання!
Ну, хто дараваць гэта можа?..
Дазналіся людзі, да плыні святлістай
Падбеглі, у смутку пасталі...
У гонар, дзяўчыны, душы яе чыстай
Мышанкаю рэчку назвалі.
А рыцар над тою ракой ціхаплыннай
Паставіў мястэчка навечна
І Мышшу назваў яго - ў памяць дзяўчыны,
Што так загубіў недарэчна.
Яна ж перад Юр'ем на бераг з-пад раскі
Выходзіць заўсёды вясною,
І скрозь расцвітаюць тады з яе ласкі
Мінушкі4 - іх любяць гурмою
Дзяўчаты збіраць ды, спяваючы песні
Пра сонца і шчасце на свеце,
Віць шчыра вяночкі з іх, красак тых весніх,
Што потым на мшы ўжо асвецяць.
Паслужаць мінушкі дзятве ад сурокаў
Мо чараўніка, чараўніцы.
Хай прымхі ўсё гэта ды іншае вока
Ў іх знойдзе жыцця таямніцы...
У час, калі ноч зорны свет расхінае,
Пры месяцы бачу здалёку,
Як лёгкім зефірам тут перабягае
Дзяўчына раку у паўзмроку.
Угледзь яе постаць у мроіве мглістым -
Імгла ж ля дзяўчыны святлее.
Сама ж яна толькі мо душам найчыстым
Адкрыецца - твар, што лілея.
Сюды ўсе дзяўчаты раней прыбягалі,
Сваёй давяраючы цноце.
У час мой яны ўжо радзей тут бывалі -
Жывуць яшчэ прымхі ў прастоце.
Мо ў памяць аб даўнім хлапцы і дзяўчаты
На Юр'я па сёння ў сваволі
Уранку з зарою - усе любяць святы -
Прыносяць прысмакі на поле.
Смяюцца, дурэюць, прысмакі з'ядаюць.
Калі ж тут за трункам старыя,
На межах пасеўшы ўкруга, пачынаюць
Расказваць пра дзеі былыя,
Качацца з пагорка ўся моладзь імчыцца.
Калі да дзяўчыны каторай
Хто з хлопцаў прыкоціцца, з ёю як быццам
І да алтара пойдзе скора.
І праўдзяць варожбы, бо хто ж паімкнецца
З пагорка таго да нямілай!
А тая ж, што ў мроі ўвайшла ўся і ў сэрца,
Пацягне магнітнаю сілай...
Яшчэ ёсць аповесць. Хто Мыш найдаўно тут
Закладваў, сказаў нечакана:
«Дам селішчу імя той першай істоты,
Што заўтра мне стрэнецца рана».
Назаўтра у бок Цепліводы паволі
Дарогай паехаў ён конна.
Аж бачыць тут: выбегла мышка на поле
З кустоў, пазірае здзіўлёна.
Аповесць во гэтая звязана з тою;
Ды толькі там мышка другая!
О, кожны хацеў бы спаткацца з такою
Пад голлямі спеўнага гаю!
Яе павітай толькі шчыра, пачціва,
Як шчыра вітаў я, бывала,
Ды пагамані, як з сястрою, зычліва,
З увагай, пашанай, без шалу.
Бо ёсць жа дзяўчаты, якія заўсёды
Лепш кінуцца ў вір галавою,
Чым імя заплямяць за міг асалоды:
Як жыць потым з ганьбай такою?..
О мілы ўспамін! Дарагая Мышанка!
Зноў снішся ты ў барве заранак.
Найпершая ў свеце мая ты каханка,
Мільгнуў тут жыцця майго ранак.
Мае ўсе тут гульні, блуканні, забавы,
Высочваў я рыбку тут днямі,
Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы,
Тут «біўся» не раз з «казакамі».
У чыстым крышталі тваім тут, здзіўлёны,
Я бачыў тады пад вадою
Чародку альшын, бор, узгорак зялёны,
Сябе - і ўсё ўніз галавою.
Тут час пралятаў мой, нам, дзецям, з табою
Так міла было і цікава.
Як рады былі, калі крыгі вясною
Ішлі тут - за лаваю лава!
Тады, у маленстве, калі я, шчаслівы,
Ў твае углядаўся крышталі,
Не знаў, што ўжо ў сэрца - о час наш імклівы! -
Яны мне навечна запалі.
Сум, радасць - як воблакі, тут праплывалі,
Раіліся чыстыя мары.
Вучылі нас думаць, рака, твае хвалі
І родных палеткаў абшары.
З людзьмі жывучы, ад людзей о як многа
Бярэш ты і ў сэрца, і ў голаў,
Як і ад ракі той, ад гэтых разлогаў,
Ад жыта, што спее наўкола.
Я жыў той красою - у часе прымглёным,
Красе ўсёй, пачуццям высокім
Я толькі пасля пазнаходзіў імёны
У свеце шматфарбным, шырокім.
Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,
Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,
Я ў думках лячу зноў да роднага краю,
Здалёк мне відаць яго вырыс.
Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,
Што жыў тут, табою прыгрэты,
За светлае ранне сваё залатое, -
Прымі ж ты вянок мой во гэты.
Свіцязь
1
Так, добра, што сёння жывая
Фантазія барда з-пад Нёмна
Забегла туды, дзе гайдае
Шыр водную Свіцязь няўтомна,
І там свіцязянак сустрэла,
І звіць тры вянкі ім здалела.
2
Мне слава яго, як бальзамам,
Душу ажывіла. Прызнацца,
Рыфмую і я, ды з Адамам
Мне ў гэтым усё ж не зраўняцца:
Верш кепскі мой, муза не тая!
Падам, што з вякоў люд наш бае.
3
Бо шмат ад сябе ты, Адаме,
Наплёў пра часіны былыя.
Усё ж занядбаўшы паданне,
Якое данеслі старыя.
Яго чуў Тамаш1 у народзе
І мне перадаў пры нагодзе.
4
На месцы, дзе Свіцязь, як вока,
Чысцюткая, горад раскошны
Быў некалі, знаны далёка,
І ў ім жыў купец найзаможны,
Які меў дачку, што сваёю
Усіх чаравала красою.
5
І вось закахаўся ў дзяўчыну
Убогі хлапец. Як - пра гэта
Расказвае жудасны ўчынак,
Які і з'яднаў іх праз лета.
Быў хлопец з кішэняй пустою
І з гэткай жа самай душою.
6
«Аддам у замужжа дачку я
Таму, хто шмат золата мае», -
Купец даў аб'яўку такую.
Хто хоча, няхай паспяшае:
Ля юнай красуні чароўнай
Заўсёды залётнікаў поўна!
7
Дзе ж грошай узяць? Невясёла
З сабой разважае каханак.
Сланяецца, звесіўшы голаў,
Ці дзень, ці то вечар, ці ранак.
І думае ўсё. Ды хіба ты
Прыдумаеш тыя дукаты?
8
Якой жа знайсці можна рады
Яму тут без грошай, не знае.
І д'ябальскі план, як панада,
Ужо ў галаве выспявае:
«Пайду я да ростаняў - можа,
Рагаты дарадчык паможа».
9
У горадзе Свіцязі - поўнач,
Спяць людзі, і вецер, і рэха.
І толькі сабакі на поўнік
Штось выюць, заходзяцца ў брэху.
Не, мусіць, усё ж недарэмна
Спакою няма ім, нядрэмным.
10
Крадзецца хлапец сярод ночы
І сам паддае сабе страху.
У страха ж - вялікія вочы:
Ужо аж трасецца ад жаху.
Ды йдзе ўсё ж - штурхае каханне.
Дзе ж тое дарог скрыжаванне?
11
А вось і яно. Пад дубамі
Стаў, свіснуў, пужліва стаіўся.
Аж выйшаў тут д'ябал з рагамі -
Ледзь хлопец не перахрысціўся.
Ды гэтакі страшны, агідны -
Няўжо ёсць такія страшыдлы?
12
Пазногці на лапах курыных -
Крукамі. Дзюбаты. З вужакаў -
Яго валасы. Хвост - казліны.
Агонь у зубах! Сам - у фраку.
Спужацца тут можна да смерці -
Няхай бы ўзялі яго чэрці!
13
Стаіць бедачына - дзе ж дзецца?
Ну, а валасы ў яго - дыба!
Ад страху і не абзавецца -
Маўчыць, як у возеры рыба.
«Ты к д'яблу, мінаючы Бога,
Прыйшоў па якую падмогу?
14
Кажы, не трасіся! Раз ногі
Сюды прывялі, к майму схову,
Чаго ж мае страшаць так рогі,
Што аж адняло ў цябе мову?
Калі ты рашыўся, то трэба
Быць смелым - хай пекла ці неба!»
15
І хлопец - знайшоў такі сілы -
Так д'яблу на гэта гавора:
«О д'ябле! Ўвесь свет мне нямілы!
Сюды прывяло мяне гора!
Я моцна дзяўчыну кахаю,
Ды... грошай, бо бедны, не маю...»
16
«Ага, зразумеў: без дукатаў
Цябе мець ніхто не жадае?
Ну, што ж, памагу я, ды плата
Тут будзе усё ж не малая:
Аддаць жа павінен за грошы
Ты д'яблу душу, мой харошы!
17
І загадзя я заяўляю:
Не дам табе грошы гатоўкай,
Бо іх у запасе не маю -
Сам цешуся во залатоўкай:
Шмат трацімся мы на інтрыгі,
Але часта маем з іх фігі».
18
Як быць? Што рабіць бедачыну?
Душы не даваць тым рагатым?
Але ж хіба зможа дзяўчыну
Займець ён без іхніх дукатаў?
І хлопец на скуры валовай
Крывёй сваёй піша ўжо ўмову.
19
Так піша, як д'ябал дыктуе,
Ледзь водзіць рукою аслаблай,
І нібы праз сон ужо чуе
Ён мову жахлівую д'ябла.
Ды пот толькі вытра і зноўку
Выводзіць пад тую дыктоўку:
20
«У поўнач, дзе слуп, пад дубамі,
Ты станеш каля раздарожжа,
І мы табе ў рукі агнямі
Купца заманіць дапаможам.
Заб'еш яго, возьмеш дукаты -
Адразу ж тут станеш багаты.
21
Жыць будзеш - усё даюць грошы! -
Ты лепш за вяльможнага пана,
Жыць сорак гадоў у раскошы
З дзятвою і жонкай жаданай.
А потым цябе у балота,
У пекла, мы прымем з ахвотай!
22
Каб важна было гэта болей,
Мы ўсе па цябе прыйдзем самі:
У хованкі толькі, саколе,
Не ўздумай гуляць ты з чарцямі.
Табе будзе лепей самому,
Калі не ўцячэш тады з дому».
23
Трактат падпісалі грунтоўна
Абодва - ну, як у «Тукаю»,
І ўраз разышліся бязмоўна.
Хлапец скіраваў да ручаю
І з рук кроў вадой там змывае
Ды гэтак з сабой разважае:
24
«Ну, што ж! Покуль з'явяцца чэрці
Мяне браць у пекла па часе,
Сто раз яшчэ можна памерці -
Унь колькі гадоў у запасе!
А мы той часінаю будзем
І есці, і піць так, як людзі!»
25
Нікчэмнасць! Вяршыня раскошы:
Піць, есці - і больш анічога!
А браць у каго яму грошы -
Не важна: у д'ябла ці ў Бога.
Сумленне ў разлік не ўваходзіць:
Хіба ж яно шчасце дзе родзіць?
26
Ды хай хоць каханне кабеты,
Няхай з асалод асалода -
Як будзе ў дарозе да мэты
Жыццё хоць чыё перашкодай,
Чым звесці са свету другога,
Сябе лепей знішчы самога!
27
Але і сябе ўсё ж няможна:
Жыццё - гэта ўласнасць не наша,
Яго адымаць нам - бязбожна.
А той жа, хто мысліць іначай,
Той, хто за дукат забівае,
Як д'ябал, душы ён не мае.
28
Ужо, слухачы мае, бачу:
Не так я пачаў спеў свой троху -
Па хлопцу ніхто з вас не плача,
І д'яблам я вас не спалохаў.
А што ж за балада такая,
Што чортам каго не злякае!
29
Тут мушу я вам растлумачыць:
Быў добры я ў часе запеўкі,
Другое (прашу мне прабачыць) -
Баяўся: спужаюцца дзеўкі,
Бо неяк адна мне казала,
Што здань яе ў песні спужала.
30
Дык як быць тут з д'ябальскай зграяй?
Пужаць не хачу я нікога,
Жаданне я гэткае маю:
Наколькі мая будзе змога,
Усім мне давесці патрэбна,
Адно: забіваць - найганебна.
31
А трэцяе - ўласную ліру
Настройваю я, як жадаю.
Цяпер больш паважна я, шчыры, -
Вы хочаце? - тут заспяваю.
Усё, за пяро я ўжо ўзяўся -
Каб толькі ніхто не пужаўся!
32
Са слаўнае Зэльвы спяшае дадому
Купец, распрадаўшы тавары,
Вязе з кірмашу па дарозе знаёмай
Дукаты свае і таляры.
Усё тое збыў, што скупіў перад гэтым
У Свіцязі і ў наваколлі.
Вязе ён гасцінцы для жонкі, для дзетак,
Шчаслівы такі, як ніколі.
33
За ім, за купцом тым, яшчэ тры падводы
З усякім нятанным таварам.
Схіляецца сонейка ўжо да заходу,
Крывавым паблісквае жарам.
Дзесь блізка ўжо й Свіцязь, купца родны горад -
Пасвіствае, едзе вясёла.
Ды раптам на гладкай дарозе - вось гора! -
У возе зламалася кола!
34
Купец - у спалоху: што ж гэта такое?
Сціскаецца сэрца ў трывозе:
Мо гэта якое прадвесце ліхое -
Паломка на гладкай дарозе?
Ці дома няшчасце? Глядзіць на дарогу.
Што толькі не лезе у голаў!
Сцямнела ўжо добра, калі, дзякуй Богу,
Наладзілі гэтае кола.
35
Што міг, то дадому бліжэй, і паўз гоні
Лягчэй усё ехаць, здаецца.
Намнога хутчэй, чымся гэтыя коні,
Дадому душа яго рвецца.
Пад поўнач. Цямнота - хоць выкалі вока.
І вось па нябачнаму шляху
Уехалі ў непралазь пушчы глыбокай -
Памерці тут можна ад страху!
36
А во яшчэ збіліся раптам з дарогі!
Ды гэта не дзіва, вядома:
На нашых дарогах зламаць можна ногі,
Умомант загінуць любому.
Як быць вазакам? Мо - так робяць часамі -
Тут коням даверыцца трэба?
Ну, што ж - іх пускаюць на волю, а самі
Узносяць малітвы да неба.
37
Той шэпча «Анёла», той - «Верую ў Бога»,
А той - «Пад Тваю абарону...»
І ўсе па баках пазіраюць з трывогай,
На чорную ночы заслону.
Тут раптам якоесьці рэшата бачаць -
Ну, што за праява такая?
Агеньчыкі ў ім быццам нейкія скачуць.
Ці мо гэта золата ззяе?
38
- То ж Свіцязь! - адзін прамаўляе, здзіўлёны.
Другі: - Можа, вёска якая?
А трэці, што верыць ва ўсе забабоны:
- Няйначай, то скарб! - усклікае
І, скінуўшы боты, бяжыць ва ўсе ногі
Да «скарба» дзівоснага, хцівы.
Ды «скарб» не чакае яго ля дарогі,
Адскоквае далей, гуллівы.
39
Скарб-рэшата дзіўны мяняецца ўмомант
І форму біча набывае.
«Ды гэта ж нячыстая сіла, вядома!» -
Здагадка купца працінае.
Не, кажа сабе ён, не трэба баяцца!
Не варта губляць нам спакою:
Усім жа вядома, як любіць яднацца
З нясмелымі ліха любое.
40
Як ехалі едуць. А біч той - вось дзіва! -
Ўжо свечкаю бачыцца воку:
То бліскае блізка агнём мігатліва,
То свеціць адкульсьці здалёку.
І хоць бы душа сярод ночы жывая
У пушчы бясконцай панурай!
А тут яшчэ вецер - адкуль? - налятае,
Праз хвілю ўсчынаецца бура!
41
Завыла, заенчыла пушча навокал,
Віхор, як шалёны, нясецца.
Бярозы паднебныя трушчыць з наскоку,
Да неба ўзнясе іх, здаецца.
Праз буру імчаліся коні. А вецер
Тут раптам аціх - ад знямогі?
Унь гала мільгнула з-за цёмнага вецця -
Расстайныя бачны дарогі.
42
І бачна: аж свецяць чарцей языкі там!
Пабліскваюць страшныя вочы!
І тут на купца з прыдарожнай ракіты
Бядняк той з сякерай падскочыў.
«Ты што гэта, хлопча? З чарцямі ў хаўрусе?
А, золота трэба! І многа?!
Бяры колькі хочаш - я не паскуплюся:
Пусці мяне толькі жывога!
43
Сям'я ў мяне, дзеці... І будуць, сіроты,
Жыць з марай адною - аб хлебе?
Ах, Бога пабойся, калі няма цноты!
Запомні, суддзя ёсць на небе!
Калі галаву маю здымеш ты сёння,
Дык ведай жа: знойдуцца сілы,
І ў часе сваім яна дошку адслоне,
І з помстаю выйдзе з магілы!
44
Ды ляжа на стол твой банкетны, дзе стравы,
З крывёю змяшае напоі.
Прашые цябе яе зрок там крывавы!..
Не знойдзеш нідзе ты спакою!
Адпомсціць табе! Хіба ж вінны сіроты?
Хто крыўдзіць іх, бедных, хай знае:
Яго будуць вечныя мучыць згрызоты,
Яго яшчэ пекла чакае!»
45
Вагаецца хлопец, ды д'яблы тут зграяй
Штурхаюць яго - злева, справа.
І хлопец купцу галаву адсякае -
Крывавая здзейснена справа!
Астатніх жа д'яблы прыкончваюць самі,
Як гэта рабіць, яны знаюць:
Рагамі вунь колюць, дзяруць кіпцюрамі
Ды з пашчаў агнём апякаюць.
46
Усіх так забілі і ўмомант вазы іх
Схавалі у пушчы глыбокай.
Хлапец жа пайшоў к ручаю, рукі мые
І чуе там голас здалёку:
«Ты знай: цябе помста ўсё роўна дагоніць!
І голаў, што ссек за дукаты,
Яшчэ дамавінную дошку адслоніць,
Пакліча цябе на адплату!»
47
Хоць страшна, ды хлопец да бацькі каханай
Назаўтра прыносіць дукаты.
І той пералічвае грошы старанна:
Другая размова з багатым!
Ды штосьці нядобрае бачыць дзяўчына
У поглядзе хлопца, на твары.
Уся аж трасецца: што тут за прычына?
На сэрцы - дум чорныя хмары.
48
І сёння, як колісь было, як спрадвеку
(Няўжо ж і заўсёды так будзе?)
З грашыма кашэль гэты над чалавекам
Адзін уладарыць - о людзі!
Злучыла каханых двух золата тое -
Хто знае, адкуль яно ўзята?
Паселіцца д'ябал цяпер у пакоях,
Бо д'ябал і быў ім за свата!
49
Гамоніць вяселле, гучаць там віваты,
Купцова ж сям'я - у адчаі,
Слязамі сыходзіць ад цяжкае страты,
А жонка ад гора канае.
І дзеткі драбнюткія, тыя сіроты
Пайшлі да чужога ўжо дома.
Які заставаўся яшчэ ў іх там злоты
І той быў забраны, вядома.
50
А хлопец купцом стаў - гандлярыць «талкова».
Вязуць яму д'яблы тавары.
У Свіцязі ўсё прадае паспяхова,
Грабе зноў дукаты, таляры.
Вядома, душу хто злачынствам запляміў,
Яна ў яго болей цвярдзее.
І хлопец яшчэ у хаўрусе з чарцямі
Ўчыніць многа ліха здалее.
51
Калі ж яго памяць аб здрадзе даймае,
Тады, неадольную, хлопец
Работай яе з галавы выганяе,
У горкім віне часам топіць.
Ды песціцца з жонкаю, дзетак гадуе:
Уцеха з уцех яго - дзеці.
Хоць сам прападзе, дзеля іх пашчыруе:
Не зналі б нястачы на свеце.
52
Стаў хутка багатым, зажыў ён заможна,
Бо крыўдзіў усіх, каго здолеў.
Падседжваў суседзяў, махлярыў бязбожна -
Абы нахапацца паболей.
Ужо ў караля закупіў нават Свіцязь -
Палацы, з падданымі хаты.
Хто ж крыўд не мог сцерпець, той кідаў - жывіце ж!
Пакораны горад пракляты.
53
Вось так пажывае, давольны, вясёлы,
Былое ўжо не ўспамінае.
Каб грэх замаліць, ён ссуджае касцёлы,
Шпітальных дзядоў адарае.
Мяркуе, што Бог прыме гэту ахвяру,
Палітую кроўю багата,
Ды мо абароніць такую пачвару
Ад кіпцяў тых д'яблаў рагатых.
54
Спіць смачна. Ды сорак мінаецца роўна
З той страшнай часіны во сёння.
Калі ж б'е гадзіннік за сценкаю поўнач,
Ён свечку хапае спрасоння.
Ідзе, увесь белы, як з могілак мара,
Ды свечку на стол зноў стаўляе.
Уздых - і з грудзей рвецца быццам бы пара,
Агонь ужо з рота шугае!
55
І дыхаць так цяжка - як быццам канае,
Хрыпіць - страшна выкаціў вочы.
Ад страху заенчыў - дзе дзецца, не знае,
Не хочучы, дзіка рагоча.
З рук кроў - і адкуль яна? - ўжо выцірае:
Згінь, згінь, насланнё ты ліхое!
Тут голаў купцова ў паўзмроку ўсплывае:
Адплата прыйшла за былое!
56
Прачнулася жонка, жахнулася: - Божа!
Муж любы, што гэта з табою?
Ты белы, як труп той! О хто мне паможа?
Што ўздумаў ты гэткай парою?
Гаворыш з сабой? Мо гарачка якая?
Як лёд, твае рукі! Здранцвелі!
Вады на ды спі - няхай ліха мінае...
Ледзь спаць яго ўклала ў пасцелі!
57
Назаўтра зноў жонка на мужа з самотай
Глядзіць: аж счарнеў у вачніцах!
І з дзецьмі - не ўбачыў бы - плача употай:
Каб так за паўночы змяніцца!
І сам ходзіць смутны. Каб неяк забыцца
Пра ўсё, што было з ім у поўнач,
Наладжвае баль - няхай дом весяліцца,
Хай будзе гасцей у ім поўна!
58
Усё тут у руху. Кухаркі гурмою
Снуюць і снуюць каля печы.
Захоплены шчыра работай сваёю -
Каб добра было ўсё, дарэчы.
А ў залі ўжо чуецца шум весялосці,
Там золата, срэбра аж ззяе.
У дом жа ідуць усё новыя госці,
Усіх гаспадар сустракае.
59
Шчыруе бяседа. Ад страў усялякіх
Сталы ну аж ломяцца проста.
Уволю п'юць госці, каштуюць прысмакі:
Шум, гоман, вясёлыя тосты.
Аж тут гаспадар - што за напасць такая? -
Увесь спалатнеў, бегчы хоча.
Глядзіць: аж з вакна галава пазірае -
Крывёю налітыя вочы!
60
Ад страху знямелі ўсе - лезь хоць пад лавы!
Жагнацца міжволі спяшаюць.
Яна ж, галава, водзіць зрокам крывавым,
Яе вочы пана шукаюць!
А пан-гаспадар, як асіна, трасецца:
О з той галавой ён знаёмы!
Стаіць, як застылы, на месцы - дзе ж дзецца!
Глядзіць па баках, нерухомы.
61
І кажа яму галава: - Што, нажыўся?
Хацеў, пане, золата многа?
Ты ўсё яго браць мог - я не паскупіўся б:
Мяне адпусціў бы жывога.
Сям'я ў мяне, дзеці... І сталі, сіроты,
Жыць з марай адною - аб хлебе.
Не дбаў ты пра Бога - няма ў цябе цноты,
Забыў, што суддзя ёсць на небе!
Ты помніш мой голас з начы: «Калі сёння
Ўпадзе мая голаў без сілы,
То ў часе сваім яна дошку адслоне...»
Цяпер во я выйшла з магілы!
На стол твой банкетны я легла, дзе стравы,
З крывёю змяшаўшы напоі.
Цябе мой пранізвае позірк крывавы...
Дарэмна шукаў ты спакою!
Ідзе ўжо во помста! Ці ж вінны сіроты?
Хто крыўдзіць іх, бедных, хай знае:
Яго будуць вечныя мучыць згрызоты,
Яго яшчэ пекла чакае!..
62
І тут з галавы кроў лінула навокал,
Цячэ ўжо ў забойцы па твары.
Удзень стала цёмна - хоць выкалі вока,
За вокнамі - чорныя хмары!
Па шыбах пяском унь сячэ ўжо з размаху.
Дождж, град з-пад нябёс - навальніца!
Пярун б'е па вокнах, грукоча па даху,
Жагнае ўвесь свет бліскавіца!
63
Праз вокны тут д'яблаў ускоквае зграя,
Агнём палівае, кугіча.
За спіны гасцей гаспадар забягае,
Ды чэрці хапаюць здабычу!
Яна ў кіпцюрах іх! Шалее віхура,
Палац наймагутны гайдае.
Трашчаць сутарэнні ўжо, ходзіць падмурак,
Сцяна ад сцяны адпадае.
64
Скрозь валіцца цэгла ды бэлькі са столі,
І падаюць людзі снапамі.
Так рушыцца ўвесь горад Свіцязь з наўколлем -
З хацінамі ўсімі, з дамамі.
Здаецца, зямля ўся, свет цэлы трасецца,
Трэск, грукат страшэнны навокал.
Дзяцей плач жахлівы далёка нясецца,
Крык, енкі сягаюць аблокаў.
65
Гуляюць віхуры. Сабакі ўсе выюць -
Няўжо гэта свету сканчэнне?
Пярун б'е без стомы - хто спыніць стыхію? -
У сцены ды паліць бярвенне.
Пад горадам ходарам ходзіць зямля ўся,
І вось пад стыхіі напорам,
Бы крыга лядовая, ўбокі раздаўся
І ў бездань ляціць Свіцязь-горад!
66
Вада забурліла наўкол. Вал за валам
Нясецца прасторам шырокім
І так разгайдаўшыся, ў бераг б'е з шалам -
Аж пырскі ляцяць пад аблокі.
А вал зноў адскочыць ды зноў набягае -
О, помачы тут не прасіце!
Так дзень пашалеўшы, вада заціхае -
Становіцца возерам Свіцязь.
67
О колькі тут марна загінула люду,
Прапала дабра упустую!
І ўсё праз забойства, праз золата груду,
Праз хцівасць і сквапнасць людскую.
Віноўны, бязвінны, бядняк ці заможны -
Каго не ўзяла прорва тая!
Бо за аднаго Бог - то ведае кожны -
Не меней, як дзесяць, карае.
68
Не ўсе ў час той згінулі. Бог сваёй воляй
Тады ўратаваў ад знішчэння
Людзей тых, якіх не тачыў аніколі
Чарвяк неадольны сумлення.
За Свіцязь яны уцяклі ад той хмары,
У пушчы знайшлі сабе сховы.
Ды той, хто і ўцёк, але варты быў кары,
І там зведаў гнеў перуновы.
69
Сягоння, калі ты ў Наваградак едзеш
Цяністай дарогаю з Мышы,
Вады там люстэрка чысцюткае ўгледзіш
У мройнай лясістае цішы.
Тут, людзі расказваюць, чутна бывае,
Як звоняць званы пад вадою,
І хваля часамі брусы вымывае
З смалою - застылай слязою.
70
Прахожы, калі стрэнеш возера тое,
Люстраную шыр вадзяную,
Адкінь ты адразу жаданне, якое
З бядою, злачынствам сябруе.
Не, лепей памерці ад голаду, смагі
І шчасця не ведаць адвеку,
Чым подласць зрабіць хоць каму без развагі,
Тым болей - забіць чалавека.
