автордың кітабын онлайн тегін оқу Ягайла і Ядзвіга
Ян Чачот
Ягайла і Ядзвіга
І чаго ж вы, дуб і явар,
Дужым голлем так спляліся?
Вас пярун хутчэй праніжа -
Разам грымнецеся з высяў!
Так, але зваліць не лёгка
Долу ўсё-ткі нас, з'яднаных.
Ды і падаць міла разам
З-пад нябёс для закаханых.
І чаго ж, Ягайла, ў Кракаў
Ты ляціш у бурцы чорнай?
Свеціць свету каралеўна
Там красой карпацкай горнай!
Разлучыць смерць можа сэрцы,
Могуць нішчыцца народы,
Ды з'яднаным не так проста
Нарабіць вялікай шкоды.
У Літве - быць веры яснай!
Людзі ўсе палагаднеюць.
А яшчэ ж тут Бог паможа
Зерне добрага пасеяць.
І паехаў наш Ягайла,
Хоць крыжак маніў інтрыгай.
Аб'яднаў з Літвой ён Польшчу,
Ажаніўся сам з Ядзвігай.
Шлях паказвала Ядзвіга
У ясноты хрысціянства,
І ў Літве пад сонцам веры
Уцякла ўжо ноч паганства.
Так адна для двух народаў
Стала доля і нядоля.
Іх сама любоў з'яднала -
Боская была тут воля.
