Яжовыя імяніны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Яжовыя імяніны

Ян Чачот


Яжовыя імяніны



Цівун:

Чулі мы гэта, што есць вашэць украінец

І контэнт, што ўрадзіўся у жызнай краіне,

Як абачыў, што ў нас нявелькі дзядзінец,

Сказаў: «Як бжыдка мешкаюць ліцвіне!»


У вас вельмі хароша! Хаты злепкі з гною,

Бо лесу не маеце, усё астровы пусты.

Выся заляцаеце жытам, пшаніцою,

Бо ў вас грунт харошы, чарназемны, тлусты.


За што ж мы ся не дзівім, што вашы чумакі,

Шукаючы ў нас зыску (мы больш маем грошы),

Смалою аблеплены, лезуць, як слімакі,

Над валацугу большай няма ім раскошы.


Аднак мы ім назоліць не хочам ніколі;

І ты, мілы панічу, не смейся з нас, просім.

Усё гэтта дзеецца па нябескай волі.

Гультай часты, гдзе добра, мы больш працы зносім.


Пагадземся. Мы людзі добрае есць душы:

Не будзь і ты ніколі ліхім, панічэнку,

Не трэба ламаць тае, скуль груш дастаў, грушы,

Помні, што ты учышся ў нашым Віленку.


Згода. Але сягоння мы ся даведалі,

Што вашы імяніны, святога Язэпа,

А каб вы к сабе нашу прыхільнасць пазналі,

Ідзем гэтта, не седзім у хаце, як мазэпа.


Будзем цябе віншаваць. Я есць цівун з двара,

Гэта сельскі дзесятнік, ён лысіну гладзіць,

Ён знаець іспраўніка, знаець асэсара,

Маскалёў на кватэру, як чартоў, нам садзіць.


Там войт, што уса круціць, чалавек бывалы,

Быў у Гданьску, у Кралеўца плаваў на усціне.

Ось там стаіць маладзец, жаўнер дасканалы,

Ён, бядак, кабылінку з'ядаў у Мадліне.


Там у куце музыка: як ён добра граець.

«Свіне ў рэпе», і «Дзюбу», і польскія танцы.

А гэта ёсць Алёнка, вочы ў дол спускаець,

А там бачу Эльжбетка у сіняй катанцы.


Но, зачнійце, дзявочкі, пану заспявайце,

Ён вам дасць па ўстужочцы, борзда зачынайце.


Хор дзяўчат:

Што ж мы вашэці скажам,

Простыя з сяла дзяўчата?

Якія ж песні звяжам?

У нас мысль не багата!


Але як мыслім, чуем,

Так табе заспяваем,

Так цябе павіншуем,

Няшчырасці не знаем.


Лісічка, жоўты грыбок,

Слімакоў не баіцца;

Не точыць яго чарвячок,

Ён у лесе здароў блішчыцца.


Конік па полю дурэе,

Хоць копы вазіць не дбае,

Салавей харашо пее,

Самічку к сабе склікае.


Будзь, як лісічка, здаровы,

Як конік, вясёл пры трудзе;

Нех твае пісма, размовы,

Як салаўя голас, будзе.


Хор хлопцаў:

Мы ад сахі, ад бараны.

Мала вам спяваці будзем!

Чытаць, пісаць не учаны,

Ат сабе троха загудзем.


Колька ў снопе есць зярнетак,

Толька жый шчаслівых летак;

А калі замнога гэта,

Аглядай сотнае лета.


Колька за адным пакосам

Касец добры траў схэндожыць,

Толька табе перад носам

Бог няхай чырвонцаў зложыць.


А як мы заўшэ да леса

Ад некрутаў уцякаем,

Так няхай бяда да беса

Уцячэ, нех ей не знаем.


Няхай цябе панны любяць

І часта просяць зазулькі,

Калі з табой ся зашлюбяць

І ад'едуць ад матулькі.


Хор дзяўчат:

Сонка ясна, харашое,

Пшанічка роўная сонцу,

Малачко смачна, бялое,

Аж блішчыцца у даёнцы.


Але нашая паненка

Яснейная есць і бельшая;

Яна пекна, усютэнка

Цнатліва і разумная.


Нараім табе свацею

Жычліву, мілы панэнку;

Яна цябе злучыць з нею,

Будзеш мець красну жанэнку.


Ужо даўно шчабятала

Сарока нам на паркане;

Яна мілага казала,

Да едзь жа сь ты да нас, пане.


Прымуць там з хлебам, солею,

Там пачцівых людзей любяць,

Звянчаеш панны надзею,

З нею цябе ўгоць пашлюбяць.


Хор хлопцаў:

Да мы чулі, вельмі брыдка

Аб вашэці гутарылі:

У ксенжках заслепен вшытка,

Да паннаў се не пшымілі.


Панна Гертруда за сцянай

Мешкаець у Ежаўскега,

А юж ні ўвечар і рана

Не кцэ ён карыстаць з тэга.


Папраўся, мілы паночку,

Любі ладныя дзяўчата;

Я ўчорай чуў у шыночку:

«Трэба травіць млоды лята


На каханю пры дзяўчыне,

Бо калі старасць завіта,

Вшыстка прыемнасць міне

І з раскошы ў той час квіта».


Добра той, пане, казаў,

А ён быў убран у праку;

Мусеў то троха пазнаў,

Што ў паноў есць да смаку.


Войт:

Што ж маўчыце? Ці вам се ўжо песні урвала,

Ці вы іх так складаці умееце мала?


Адзін са спевакоў:

Не, бацька, у нас песні, колька рыб у Нёмні,

Але на тое, мілы галубчыку, помні,

Што мы па-рускі пеем, а нашы панове

Па-польскі ўсё гавораць; кепска нашай мове!

Можа ім ушы, казёл бэкем як свідруець.

Але для добрай волі пан нам то даруець.


Другі са спевакоў:

Но ты яшчэ, Мікіта, запей тую песню,

Што для сваёй Алёнкі зрабіў напрадвесню.

Нім у поле пагоніш твае бычкі спаслы,

Яшчэ цяпер зімою пхай сена у яслы;

Нім пад ценем халодным запяеш дубровы,

Спявай на імяніны цяпер Язэповы.


Мікіта:

О, мая ж ты зорка ясна,

Доўга ж цябе любіць буду?

Уздыхаць яшчэ напрасна

І цярпець на сэрцы нуду?


Не будзеш ты літавацца

Над няшчасным Мікітою?

Час табе, міла, пазнацца,

Што ты для мяне мукою.


Цярплю доўга, выглядаю

Пацехі ад цябе, люба;

Няхай жа ўжо яе маю,

Не будзь ты для мяне згуба.


Ці ж дагэтуль не пазнала,

Што я за табою гіну?

Хочаш жа, каб аглядала

Маее смерці гадзіну?!


Пазнай, любая Аленка,

Тваё шчасце, тваю долю;

Будзеш меці усютэнька,

Панюю дам табе волю.


У мяне сотня авечак

Па зялёнай ходзіць пашы;

Кароў, бычкоў, целушэчак

Поўны есць аборы нашы.


Чарназемны мае нівы,

Пшаніцу родзяць буйную;

Садок есць, у нём грушы, слівы,

Хату маю некурную.


Не будзеш меці швагеркі

Ані з дзевера назолы;

Я не прывык да кватэркі,

Будзеш жыці, як анёлы.


Не вельмі се тож і брыдкі,

Глядзеўся ў чыстам ручаю;

Гэта ужэ былі б збыткі

Назваць мяне негадзяю.


Эй, любі мяне, Алёнка,

Застань маею жаною;

Узойдзе для нас шчасця слонка,

Добра будзець з Мікітою.


Дзесятнік:

А цо? Як жэ сен здае пану Язэпові?

Чы адмовіш пахвалы нашэму спевові?

Хоця ж мы не шукаем жаднэй стонд пахвалы;

Адкрыць нашэ Васпану сэрцэ, замяр цалы.

Бо мы Вашэці любім, Вашэць панэк грэчны,

Разумны і научны, людзям пажытэчны.

Не так, як той асэсар, цо валіць сто у спіну,

Кеды міль тры не уеду на едну гадзіну.

Нашы ўпраўдзе спеваня не так ест учоны,

Як тые, цом я слышаў у справніка жоны,

Ктора лежанц пад ценём выцеклэй бярозы,

Чытала, ушыстка крычанц: «Козы, мае козы,

Дапнісе муй каханы, поверні, Дапнісе,

Там ест тобе маліны у кошы чы ў місе».

А хоць мы не Дапнісы пані справніковы,

Аднак не для прапорцы ест на карку гловы.

Трэба е розвеселіць: ну ж мы да бутэлькі

І кеды немаш мёду, то хлісьнем гарэлкі.

А крычанц «Нехай жые Язэп сэтны лята!»,

Будзем піць, скакаць, співаць і дрвіць з беды свята.