автордың кітабын онлайн тегін оқу Падземны звон на горцы ў Пазяневічах
Ян Чачот
Падземны звон на горцы ў Пазяневічах
1
Чаго маўчыце вы? Чаму ў вас так ціха?
Так глуха, панура - о Божа!
Прысядзьце са мною - забудзьма пра ліха!
Забаўлю як-небудзь вас, можа.
Пра ўсё гаварыце адкрыта і смела -
На тое ж нам дадзена мова!
Навошта ж таіцца ўжо так? Што наспела -
Даволі трымаць нам у сховах!
2
Што там за дзяўчо маладзенькае ўпотай
З кутка выглядае, сумуе?
Усе - да мяне! Вам сягоння з ахвотай
Паведаю байку адну я.
Ды што мне за гэта дасцё? «Што ж мы маем!»
Ах, мне хоць бы позірк адзіны!
«Дык мы на васпана і так пазіраем!»
Ах, вы здагадацца б павінны...
3
Не гэтакі позірк патрэбны хлапчыне!
Ды, мусіць, прашу вас дарма я...
Ну, што ж - хай ліхое забудзецца, згіне:
Аповесць сваю пачынаю.
Яна мо й не варта трох грошай, не знаю,
Не варта мо ўвагі ніякай.
Таму больш нічога ў вас не вымагаю -
Я вам раскажу і за дзякуй.
4
Паблізу Турца, ў Пазяневічах - чулі? -
У вёсцы, не вельмі прыкметнай,
Ёсць горка - пры ёй вы ўначы б не заснулі:
Шуміць, нібы Гекла ці Этна!
І звоніць, і звоніць... Не верыце, можа,
Тады прыкладзіце там вуха -
Адразу з зямлі, дзе пагорка падножжа,
Ён, звон той, пачуеце глуха.
5
Той з'явы пан Фізік мо дасць тлумачэнне?
Ці мо Астраном наш найлюбы?
Нічога не кажуць! Стаяць у зняменні
Ды толькі грызуць сабе губы!
Раз так - вы, дзяўчаткі, мяне папрасіце:
Я ўсё вам, як ёсць, растлумачу.
Вось толькі нічога ў вачах не таіце -
Я праўду няхай там убачу.
6
Але ўжо даволі тлуміць вам галовы -
Пачнём жа аповесць, нарэшце:
Дай волю нам, грэшным - заўсёды гатовы
Чаго толькі мы не наплесці!
І я да начы б балбатаў бесталкова,
Каб слухала толькі якая.
Ну, досыць! Дальбог, ужо болей - ні слова,
Прадмову на гэтым канчаю!
7
На горцы той цэркаўка колісь стаяла,
Быў крыж усярэдзіне - з клёну,
На ім, на крыжы, і фігурка блішчала
Прыцёмненай бронзай чырвонай.
Фігурка - яе ж, пэўна, ведае кожны -
Ледзь бачную дзірачку мела.
У цэрквах яе для падману набожных
Не раз скарыстоўвалі ўмела.
8
Дык вось - пры царкве той, што з горкі глядзела,
Жыў поп не з святой пападдзёю:
Яна абскакаць прэзідэнтшу хацела
Убраннем, раскошай сваёю.
На ўсіх кірмашах - у Сталовічах, Міры -
Уборамі б свет асляпляла.
Ёй толькі і сніліся перлы, сапфіры -
Іх безліч яна наскупляла.
9
Ды толькі ёй мала. Папа ўсё ўшчувае:
Ёй грошай давай - ды паболей!
І днямі й начамі грызе яго, лае -
Няхай яе, з гэтакай доляй!
Не ведае поп, дзе тых грошай набрацца.
- Мо выламаць з пальца? - бывае,
На жонку ўзлуецца, ды тая - ну й цаца! -
Яго ледзь з гразёй не змяшае.
10
І зноў - за сваё. Жыць ёй трэба ў раскошы!
Пра строі, пра золата мроіць.
Каб самі плылі у панчоху ёй грошы,
Праекты ўсялякія строіць.
Згадала ў царкве тут фігурку святую.
Вады ўліць туды - хай сцякае
З воч-дзірак, бы слёзы. На з'яву такую
Люд злотых мяхі нассыпае!
11
За іх прывязе з кірмашу яна, з Міра,
Дзівосныя стужкі, кабаты.
Поп гэты праект адхіляў вельмі шчыра,
З кніг боскіх чытаў ёй цытаты,
Што люд аніколі ашукваць не трэба,
Што д'яблавы гэта прынады.
Ды гвалт як уздыме яна ўжо - о неба! -
Цуд зробіш тут, рады не рады.
12
Свайго пападдзя дасягнула - з воч боскіх
«Сляза» пацякла, як жывая.
Пра цуд незвычайны ад вёскі да вёскі
Пайшла пагалоска па краю.
Ну хіба ж не прыкра, што ў нашым павеце,
Хоць бачыш і добрага многа,
Але, як бывае часамі на свеце,
Усё ж, мусіць, болей благога.
13
Тут быў і Антоська, пра «цуды» якога
Пагудкі хадзілі усюды,
І людзі, дурныя, няслі, як да Бога,
У Дарава золата груды.
Пайшлі так во людзі і ў цэркаўку гэту:
Што час - то штукар свой, вядома.
Тады - па здароўе люд ехаў з-за свету,
Цяпер жа - па божую помач.
14
Нібы на кірмаш, адусюль люд вясковы
Цячэ ўжо ракою жывою.
Ніхто не мінае - слабы ці здаровы,
І кожны - з патрэбай сваёю.
Той хоча, каб збожжа радзіла на ўдачу,
І - ставіць аўса тут асьміну1,
А той - каб баброў паляваць лепш ды качак,
Папу валачэ во дзічыну.
15
А гэтая хоча, каб муж яе п'яны
Не біў, не нявечыў, шалёны,
Прынесла ручнік, ёй самою сатканы,
З ручайкай найчыстага лёну.
Другая - каб любы стаў мужам, нятанны
Там пражы маток пакідае,
А гэта - каб быў і ў яе свой каханы,
У той нейкі пасак хапае.
16
Дармо, што ўсё гэта - надзеі і мары
Набожнага простага люду,
Няхітрыя - продкам і небу - ахвяры,
Што людзі ўсё зносяць у груду!
Бярэ і бярэ поп дарункі людскія
І ў Бога збавення не просіць.
Забыўшы пра сорам, грабе ў дзве рукі іх
І ўсё пападдзі сваёй носіць.
17
Абы знайсці ўпынак які на жанчыну!
Прасіў бы ён д'ябла самога,
Каб толькі не грызла папа без спачыну,
Каб сціхнуў зубоў яе скрогат!
А тут у яе новы план выспявае -
Карчму збудаваць зажадала!
І вось вырастае карчма, як жывая,
І люд паваліў туды валам.
18
Там мёд і гарэлка, кілбасы, вяндліна,
А вінаў, прысмакаў няпосных!
Ёсць чым заманіць мужыка-селяніна,
Каб выцягнуць грошык апошні!
І тая спраўляе ўсё новыя строі,
Старая хоць, брыдкая тварам.
Калі прыбярэцца, сябе яна ў мроі
Анёлам малюе, пачвара.
19
Ды ззяе ад шчасця, калі нечакана
Хто гляне - на ўсе яе скарбы.
Чаго на ёй толькі не паначапляна!
А колькі на твары той фарбы!
У кветках уся яна - быццам бы ў гаі!
Вачэй не відаць ужо нават.
Пад ношай убораў сваіх ледзь ступае,
Паглядзіш - ну паваю пава!
20
А тут ужо й фэста яна прычакала -
Ёй новыя будуць уловы!
Царкву прыбірае сама - каб аж ззяла,
Прыдаць хоча выгляд ёй новы.
З сваёй галавы і убораў здымае
Шмат розных гірляндаў найгожых.
Чым можа, царкоўны алтар аздабляе -
Хай свеціцца храм гэты божы!
21
Дзень свята. Прыходзяць во поп з пападдзёю.
Ды ў храм яна толькі ступае,
Як раптам - што робіцца гэта з царквою?! -
Яе штосьці ў бокі хістае.
У крык пападдзя. У спалоху за вуха
Хапае папа. А збялела!
І тут зашумеў, застагнаў вецер глуха,
І ў бездань царква паляцела!
22
Храм божы засыпала ўмомант зямлёю,
І ўстаў там пагорак во гэты.
Паслухай - пачуеш пад горкаю тою
Ты крык пападдзі, як з-за свету.
За «цуд» той, за сквапнасць, за хітрыкі тыя
Па сёння там поп з пападдзёю -
Так Бог пакараў, мусіць, сварацца, злыя,
Ды б'юць у званы пад зямлёю.
23
Так, божыя слугі жыць сціпла павінны,
Быць шчырымі, роўнымі з людам,
Пра душы, пра добрае дбаць штохвіліны
І быць у паводзінах цудам.
Не так, як той поп з пападдзёй. Што ж, званіце
Званамі цяпер ды зубамі
Пад гэтым во долам - вы толькі смяшыце
Людзей, ашуканых тут вамі.
24
Бо той, хто наўмысна ліхое ўсчынае,
Хто рвецца абкрасці любога,
Хто людзям галовы тлуміць толькі й знае,
Не знойдзе спагады ні ў кога!
І ў пекле такому нясоладка будзе -
Пачнуцца і з д'ябламі звады.
З пагардай глядзяць во на гэтакіх людзі,
Жыццю будуць хціўцы не рады...
25
Яшчэ не спіцё вы, мае дарагія?
Скажыце ж, дзяўчаткі, паціху,
Ці хоць даспадобы вам байкі такія?
Ці імі забавіў вас крыху?
О, бачу - дзяўчыначка сумная тая,
Што гэтак маўчала зацята,
Смяецца і ўжо на мяне пазірае!
Мне гэта - найлепшая плата!
