автордың кітабын онлайн тегін оқу Замчышча
Уладзімер Жылка
Замчышча
Наўкола роў, травой паросшы і шырокі,
За ім астача сьцен зруйнованых замковых...
Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы,
І слава-чутка йшла аб ім у сьвет далёкі.
Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі,
Ў праходах вецер рве, зьдзьмухае пыл вяковы,
Ўначы стагнаньнямі і плачам страшаць совы,
І кажаны лятуць на дзень ў цьвілыя лёхі.
А ў вёсцы блізкай дзед старэнькі бае, сівы,
Пра страхі розныя, што там таяцца, й дзівы
Начніц, што пацеркі нанізваюць з расы
І на шляху снуюць і сеюць сьпеў жуды;
Ды аб княжне дзіўной, нябачанай красы,
Ў замковай вежы век згубіўшай малады.
1921
