автордың кітабын онлайн тегін оқу Выпадак
Уладзімір Жылка
ВЫПАДАК
Апавяданне
Часам здараюцца такія маленькія, нязначныя выпадкі. Так сабе - глупства, драбніца, і толькі. Драбніца, якіх на кожным кроку, кожную гадзіну спатыкаецца вялікае мноства, на якія не звяртаюць увагі і праходзяць міма і якімі запоўнена наша штодзённае існаванне. Праўда, мы і над большым чым не прывыклі запыняцца і задумвацца, калі яно не таркае нас асабіста. Увага лёгка, як лыжы па зляжаламу снегу, слізгае паверсе, не пытаючы - як ды чаму. Хіба што збоку ткне пальцам, тагды азірнешся, запынішся. Ды ці надоўга?
Але вось інады такое пустое і дробнае і кінецца чамусьці ў вочы. Ды яшчэ як кінецца! Узрушыць усяго, скалане тваю духоўную істоту да апошняга глухога куточка, як нейкая бура з маланкамі і перунамі. Доўга не можаш прыйсьці да сябе. Думкі раз-пораз вяртаюць да яго, нібы знойдзена штось галоўнае і самае патрэбнае ў жыцці, нібы ведаеш, што вось гэта і ёсць тая маленькая, але важная і неабходная шрубка, без якое не можа адпаведна працаваць такая складаная і велізарная машына, як людства. Ды не толькі ў людстве, але і ў сусвеце не можа быць без яе гармоніі і дасканаласці. Зрабіце шрубку такою, як мусіць быць, пастаўце на належнае месца - і машына рушыць гладка і роўна, без жадных перабояў, і тагды будзе добра і хораша і табе, і блізкім, і ўсім, усім на свеце. Такі выпадак блісне як нейкі адказ на тайну нашага цёмнага, блуднага бытавання, як адзіная, пэўная разгадка на ўсё, над чым стамілася сэрца і высахлі вочы. Блісне - і стане яснай мэта і не саб'ецца са шляху. Так раптоўна мігаючы аганёк далёкай сялібы засвеціць заблудзіўшаму падарожнаму знакам і надзеяй скорага цёплага кута і супакойнага адпачынку.
Памятаю ясны, пагожы дзень. Ранняя вясна. Толькі што зышоў апошні снег, і першыя цёплыя дажджы і маладыя вясёлыя грымоты разбудзілі да жыцця чорную, яшчэ мяккую зямлю. Я сядзеў на лаўцы ў мескім садзе - выйшаў адпачыць і падыхаць свежым паветрам. Хораша, светла і цёпла! На чыстым блакітным небе - ні хмарынкі. Яскравае шчодрае сонца сыпле і сыпле нязлічаныя снапы сонцаў, але яны не гарачыя і не пякуць, як летам, а квола песцяць і прыграюць. Тонка і ўзрушаюча пахне перакопаная глеба клумбаў. І пах прыгрэтае зямлі соладка мяшаецца з смольным пахам набраклых пупышак на дрэвах, што пакрысе ўжо пачалі разбульвацца. Хмеліць гэты пах і ўкалыхвае чалавека і абуджае ў соннай галаве нейкія далёкія, даўныя ні то згадкі, ні то сны. Уверсе ж, на высокіх, стромых дрэвах, беладзюбыя гракі мосцяць гнёзды і паважна, нізка пераклікаюцца між сабой. Часам зляціць адтуль падломаная імі ці ўпушчаная галінка і ўпадзе на чыстую, падмеценую і пасыпаную жоўтым жвірам сцежку. А праз чыгунныя балясы, што агароджваюць сад, відаць шырокая брукаваная вуліца. Снуе і некуды спяшаецца, бяжыць густы людскі натаўп. Мільгаюць, як на экране, аўто, шпаркія легкавыя звозчыкі, затарахціць рэдкая сялянская падвода, ці прагрукоча ламавік. Даносіцца няроўны нервовы гук места, гукі сірэны, паасобныя, нязвязныя галасы. Але ўвесь гэты гоман бяжыць паўз цябе. На сэрцы ціха, хораша, спакойна, нібы купаешся ў паху і сонцы вясны.
Доўгая лаўка, на якой я прысеў, шчыльна занята. Поруч са мною - невялікі, тоўсты чалавечак у «кацялку», паклаўшы на вялікі жывот пухкія, з кароткімі пальцамі рукі, ціха і глыбока дрэмле. Далей якісь гладка аголены, у акулярах, чытае газету. Мне кідаецца ў вочы вялікімі літарамі - апошняя прамова Лойд-Джорджа. Той, што за ім - худы, з вострым абліччам, - задумлена і ўважліва выводзіць кійком па зямлі. А там і яшчэ нехта. Публіка - чыстая, «прылічная».
Ад суседняй лаўкі падышоў і запыніўся супроць нас невялічкі, гадкоў пяці-шасці, хлопчык. Быў ён у старой зімовай шапцы, што налазіла яму на вушы, у замусоленай, абдзёртай салдацкай «целагрэйцы», сягаўшай яму да пят, падперазаны тоненькім брудным матузком. З правага, закасанага, рукава выглядала дробненькая ручка, а левая звісала і целяпалася. На нагах меў стоптаныя, адзетыя ўбасанож, апоркі, якія нельга было разабраць, што яны зваліся калісь чаравікамі. Пры хадзе яны ёмка шлёпалі і заміналі руху. Маленькі дзіцячы тварык абветрыўся і быў цьмяна-жоўклы, нездаровы. Выгляд рабіў нудны, убогі. Але вялікія круглыя вочы пазіралі сур'ёзна і спакойна, свяціўся ў іх, глыбока-сініх і ясных, ранні клопат і дзіцячая думка. Абвёў усіх сядзеўшых доўгім поглядам і ціха, нясмела, тоненькім галаском папрасіў:
- Падарыце, калі ласка.
І працягнуў ручку.
Пару чалавек зірнулі ўбок хлопчыка і зноў адвялі вочы. Рэшта як бы і не чула гэтае дзіцячае просьбы. Мне чамусьці пачулася як бы не па сабе, непрыемна. Хлопчык жа падышоў бліжэй да процілежнага краю лаўкі, запыніўся ля якогасьці хмурага чарнявага пана і доўга, маўкліва пазіраў на яго, просячы ўзнятымі ўгару вачыма. А той, адвярнуўшыся, нерухомы, уставіўся ў якісць далёкі пункт, як бы нічога не заўважаючы перад сабою. Але я памячаў напружанасць твару і лёгкую, як цень, дасаду і нуду. Хлопчык пастаяў, пераступіў з нагі на нагу, яшчэ крыху пачакаў і, мусіць, зразумеўшы, што тут нічога не дапросішся, глянуў на пана ў акулярах, што чытаў газету. На часіну задумаўся і нібы што ўспомніў і здагадаўся. Потым борздка падбег, злаўчыўся і звонка пацалаваў ляжаўшую на калене руку, абцягнутую жоўтай рукавіцаю. Пан паважна апусціў газету, незадаволена глянуў на хлопчыка ў акулярах і строга запытаў:
- Табе чаго?
- Марачку падарыце! - прапішчаў той спужана і пазіраючы ў старану.
Я пільна сачыў за кожным рухам малога, і, неспадзявана, нашыя пагляды сустрэліся. Сінія вочы глядзелі так сумна і мудра, так верна і проста. І было ў іх нешта большае, нешта такое, чаго нельга выказаць і што не дазваляе спакойна глядзець у іх. Але не было ў іх ні гора, ні жаласлівасці, бо не спогад чужой пакуце ахапіў мяне, а нейкая калючая жуда. Дзіўна - я люблю дзяцей, люблю іх кампанію, забаўляцца з імі і песціць, але не адно ніколі не абуджала такога пачуцця, як гэты чужы, незнаёмы хлопчык з сінімі вачыма. Можа, гэта яны сваёй чыстасцю і глыбінёй пужалі? А можа, кантраст між абшорпаным, мізэрным хлапчуком, што бадзяецца і просіць на хлеб штодзённы, і тымі чужымі чыстымі, паважнымі і спакойнымі людзьмі, што адпачывалі тут? А вочы? Вочы толькі падчыркнулі кантраст.
Пан жа гэтым часам дастаў з кішэні пальта тоўсты капшук са скуры, парыўся ў ім, дастаў нейкую паперку і палажыў яе на выцягнутую ручку. Звярнуўшыся да суседа, сказаў:
- Колькі гэтай дзятвы тут лазіць. Не прыбярэ іх адсюль ніхто. Злачынцы растуць.
Немага было ўседзець. Я ведаў, што хлапчынка зараз падыдзе і запыніць на мне свае адкрытыя, шчырыя вочы. Будзе чакаць, каб і я даў што-небудзь, і будзе глядзець бязлітасна ў самую душу. Ды страшней за пагляд стане тое, што я перамагу сапраўднае пачуццё, захаваю спогад і, надворна спакойны, паглубаюся ў кішэні, каб падарыць дробяззю. Ён жа, слабы, кволы, пойдзе далей перад другімі стаяць і прасіць. А там з'явіцца стораж і прагоніць з саду. Прыстрашыўшы, каб не бадзяўся. А там?! Што там?
Стала зразумелым - не падарыць трэба, а нешта іншае, больш важнае, дзеля чаго ў мяне не хапае ні рашучасці, ні нат умення. Ускочыўшы з места, я кінуўся бегчы, нічога не бачачы перад сабою. Было да болю сорамна і крыўдна і за сябе, і за тых сытых, культурных людзей, што кінуў на лаўцы, і за веснавы дзень, такі ўрачысты і светлы, нібы на зямлі не было ні гора, ні слёз, ні сумных дзіцячых воч.
