автордың кітабын онлайн тегін оқу Свядомасці горач мацней алкаголю
Уладзімір Жылка
Свядомасці горач мацней алкаголю...
* * *
Сьвядомасьці горач мацней алкаголю,
Ўжо чарка распутала дзікую волю,
Ўжо мэрам бурштыны у чарцы налітай,
Няякавасьць гіне, і гора пазбыта.
Свабодны - і згадкі няма аб стрыманьні
Бяссорамней рухі, крыклівей жаданьні,
І штосьці язык недарэчнае плешча, -
Чужая ж кватэра і куплены пешчы.
І хочаш апошнія сьцерці румянцы,
Часьцей і няпэўней схіляешся к шклянцы.
А памяць, зьнібеючай горычы поўна,
Заўважвае ўсенька, халодна й пунктоўна, -
І рух мой найменшы, і кожнае слова,
І голас сяброўкі мае прыпадковай,
І гэту бяздушнасьць на згамтаных тварах,
І холад абоймаў разьлічана-скнарых,
І наша ганебнае ложка супроці,
Як скрыню грахоў, уздыхаўшых па цноце.
І сэрца заныла сьмяротнаю ранай,
І крыкнуў я, крыкнуў у роспачы п'янай:
- Паслухай! Я слухаў аб дужым і мужным,
Я чуў аб цвярозым і думна-натужным,
І песні былі з незабыўнай адною,
Што песьняй ўладала і доляй маёю.
Паслухай! Дык як жа? Дык як жа, калішні...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Спыніла каротка - ты выпіў залішне!
Пад чаркай усе вы героі ды палкі!
- Падай мне, вунь там - цыгарэты й запалкі.
