автордың кітабын онлайн тегін оқу Вельмі шаноўны пан Рэдактар
Уладзімер Жылка
Вельмі шаноўны пан Рэдактар! ...
* * *
Вельмі шаноўны пан Рэдактар!
Дару Вас крэйзаньнем сваім.
А гэта досі важны фактар –
Павінны вы згадзіцца з тым, –
Каб не пісаць звычайнай прозай,
А ўціснуць думку ў гучны «мэтр»,
Хоць розум кажа мне з пагрозай –
Ад дурня я на сантымэтр.
Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею
(Мо шчырасьць гэтка пану ўперш),
Што добрым будзе пан суддзею
І не асудзіць гэты верш.
А прачытаўшы ўважна тыя,
Што я пры гэтым дадаю,
І прысудзіўшы: «не благія»,
Ў газэту зьмесьціць іх сваю.
Калі ж і ў мілы панскі кошык
Перападзе якая рэч, –
Не будзе крыўдна ні на грошык,
Хоць стоража шкадую плеч.
А нумар з творам маім першым
Сюды дайшоў – прыемны яў.
Але пара мне кончыць зь вершам.
Калі ж што лішняе сказаў,
Хай мне даруецца абмылка.
Затым з пашанай застаюсь
Ўладзімер, сын Адамаў, Жылка,
Па волі лёсу беларус.
1921
