Мы любім даўнія паданьні
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Мы любім даўнія паданьні

Уладзімер Жылка


Мы любім даўнія паданьні ...

* * *

Мы любім даўнія паданьні,

Быліцы сівых песьняроў.

Няхітры іх апавяданьні

Аб справах мінулых часоў.

Нам даспадобы чэрпаць веду

Гісторыі з пажоўклых кніг; 

З рукопісаў пра быт прадзедаў

Даведацца, што сьведчыць мніх.

Прыемна нам дзядоў надзеі, 

Іх тайны думы адзначаць,

Вялікія ў мінулым дзеі,

Дзе й як змагалась наша раць.

Шануем мы бацькоў імёны:

Навука й прыклад нам яны;

І помнім мы і веча звоны, 

І вольнасьць роднай стараны; 

І нат мамэнты заняпаду –

Ў далёкім сумныя лісты –

Распазнаваць нас вучаць здраду

І родзяць помсты гнеў сьвяты.

Але нам будуць ўсё ж мілейшы

Часы, калі зь нізін, балот

З надзеяй ў шчаснасьць дзён сьвятлейшых

Устане ўзбуджаны народ.

Не відна йшчэ у завірусе, 

Куды ляжыць ягоны шлях,

Але дух творчы ў Беларусі

Жыве й змагае долі жах.

І, можа, толькі той збаіцца

Падзей вялікіх нашых дзён, 

У кім жыцьця не б'е крыніца, 

Хто сьпіць і здолець недуж сон.

1921