Прытулі, сястра, слабога
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Прытулі, сястра, слабога

Уладзімір Жылка

Прытулі, сястра, слабога...

Давно завидная мечтается мне доля...

А.Пушкін

 

Прытулі, сястра, слабога,

Прыгалуб, каханка-смерць.

З гэткай шчырасцю нікога

Не прасіці мне, не смець, -

Прытулі мяне, слабога.

 

Ўсё кахаў на гэтым свеце

І адбіў паэт ў сабе.

Пад далёкія павеці

Закаханы йду к табе, -

Ўсё кахаў на гэтым свеце.

 

Песні ўсе мае дапеты.

Да цябе апошні верш:

Абдары мяне прыветам,

Пашкадуй, як маці, перш...

Песні ўсе мае дапеты.

 

Ў ціхі, змрочны час змяркання

Заручы душу з сабой.

З тайнай радасцю спаткання

Жджэ нязрадны, верны твой,

Ў ціхі, змрочны час змяркання.

 

Ад цяжкіх нягод зямелькі,

Ад дакучных, крыўдных слоў

З ласкі смерці-збавіцелькі

Я прыйду ў палацы сноў -

Ад цяжкіх нягод зямелькі.

 

Будзе добра, лёгка, ціха,

Супакойна, люба мне.

Не стрывожыць цішы ліха,

Гора сэрца не пратне.

Будзе добра, лёгка, ціха...