Курка-Рабка
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Курка-Рабка

Уладзімір Жылка


Курка-Рабка

З народнага

Жылі дзедка з бабкай.

Мелі курку Рабку

Слаўнага заводу,

Важную на ўроду.

Баю-байкай байка:

Знесла курка яйка

Не абы якое,

Але залатое.

 

Выняўшы з падпечка

Дзіўнае яечка,

Кажа бабцы дзедка:

- Гэта штука рэдка!

Трэба нам, канешне,

Зласаваць яешню!

Бабка не пярэча,

Тупае ля печы:

Радая, вядома,

Дагадзіць старому.

 

Вогнік на камінку

Развяла ў часінку,

Ўстанавіла спраўна

Дзве цаглінкі слаўных,

Зверху ж скавародку.

Узяла са сподку

Лыжку масла жыва,

Каб была пажыва.

 

Біць яечка стала,

Ды бяда спаткала,

Біла яго, біла,

Ніяк не разбіла.

Біў і дзедка ладна -

Няма рады жаднай.

Сталі - разважаюць,

Што рабіць, не знаюць.

 

Ў часе гэтых гадак

Здарыўся прыпадак.

Мышка - Доўгі Хвосцік,

Бегла шпарка штосьці,

Мо па важнай справе,

Просценька па лаве.

Ды нібы праз зводы,

Нарабіла шкоды.

Паспяшала трошку,

Паслізнула ножка,

Хвосцікам махнула,

Яйка паштаўхнула,

Незнарок скаціла

Вобземлю й разбіла.

 

Дзедку з бабкай страта:

Плачуць на ўсю хату,

Як дзіця якое,

Слёзы льюць абое:

- Гэткая прыгода!

- Вось яечка шкода!

 

Курачка ж кудахча:

- От старым няўдача!

Ды й бяды ўжо тое -

Плачуць, як малое.

Я ж знясу другое,

Хоць не залатое!

 

Гэту казку спатайку

У дзіцячым нейк садку

Прачытаў я, як на грэх,

Двум сябрам-кастрычаняткам,

І дастаў ад іх парадкам,

Паднялі мяне на смех:

 

- Тут павінна быць памылка,

Ці зманіў нам дзядзька Жылка.

Бо, як кажа нам навука,

Немагчыма гэта штука,

Хоць шукай у дзень са свечкай,

Курка каб знясла яечка

Не прастое, залатое,

Ды і моцнае такое,

Што і дзед, і бабка білі,

Білі-білі - не разбілі

І на лаву палажылі,

Мышцы страху нарабілі.

Гэткай рэчы з нас усяк

Не паверыць аніяк.

 

Гэтак мне сказаў Рыгорка,

Падтакнуў яму Зыдорка:

- Але знаем мы даўно,

Што з яечка, хоць прастога,

Для дзяцей пасілку многа,

Тым каштоўнае яно.

І таму вось залатое

І для дзетак дарагое!

 

І на гэты іхні сказ

Мой такі быў ім адказ:

- Ад пачатку да канца

Вы, браткі, казалі трапна.

Не што іншае, як вапна -

Лушпавінка ад яйца.

А ў яйцы спажытку шмат,

Таму кожны з'есці рад.

 

Дык прашу вас, калі ласка,

Прыгадаць, што гэта казка

І пра дзедку, і пра бабку,

І пра курку Рабку.