Дарма, што значны раны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Дарма, што значны раны

Уладзімір Жылка

Дарма, што значны раны...


* * *

 

Дарма, што значны раны,

Праз небагаты ўбор

І тужны, праз туманы

Відаць вачэй дакор, -

 

Яе аблічча светла,

Узорны - тканы пас,

І летуценні ветлы

Аб недалёкі час.

 

Між пушч Яе сяліба,

Дзе хіліцца асець,

І там, дзе цьмяна скіба,

Прыходзіць песні пець;

 

І там, дзе над балотам

Кудлачыцца туман,

К густым рачным чаротам

Мільгае лёгкі стан;

 

І дзе над даўным сумна

У неба крыж ўстае,

Падгледзеў я задумнай,

Маркотнаю Яе.

 

Аддана, кім - не знаю,

Душа ў Яе палон,

Але няма адчаю

Ў марудным бегу дзён.

 

Надзеюся і веру

Патайнаму сляду, -

Нясе ў самотнасць шэру

Яна маю гвязду.

 

Малюся Ёй, упарты,

Палону тайна рад:

- Хай, верны, буду варты

Тваіх жабрачых лат.

 

Дазволь з Табою разам

Спаткаць нядзельны час,

Каб новай песні сказам

Хваліці Твой абраз!