Непісьменны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Непісьменны

Уладзiслаў Сыракомля


Непісьменны

Непісьменны

Народная гутарка


I

Я не зайздрошчу, крый мяне Божа,

Нікому ў свеце, ніякай сіле;

Адно зайздросна мне толькі, можа,

Што вас, панове, пісаць наўчылі.

Пяро мне дайце і аркуш белы,

Наўчыце, як мне вадзіць ім трэба, —

Пяро лятала б маё, зіхцела,

Як бліскавіца па хмарах неба!

I боль, і ўцеху, што браў аберуч,

Што сам адчуў я ці ўбачыў зблізку, —

Усё паклаў бы я на паперу,

За думкай думку, за рысай рыску.

I так бы вобраз паўстаў сусвету,

дзівосны вобраз, заўжды адменны;

Але ўсё марна, не будзе гэтак,

Бо невучоны я, непісьменны.

II

Я запісаў бы ўсе сны спачатку,

Што сняцца часам і будзяць мары,

Калі пабачу я дзеўчанятка

Альбо анёла з дзявочым тварам.

Я назапісваў бы слоў птушыных:

I як спявае жаўрук на ўзлёце,

I што расказвае ручаіна,

Як разаб’ецца хваля ў чароце,

I што з вятрыскам шапоча ніва,

I як на пашы рыкае статак,

I што гаворыць звон буркатлівы,

Калі склікае людзей на свята,

Як па кавадле каваль б’е гучна,

Млынар грукоча ў пастаў каменны…

Усё спісаць мне было б так зручна, —

ды, моцны Божа, я ж непісьменны!



ІІІ

Якая ж гэта, браты, раскоша!

Пяром выводзіць за словам слова:

Лятункі сэрца і думак ноша

На аркуш выльюцца папяровы.

З твайго, бядача, смяюцца гора,

Не разумеюць і сэрца раняць,

А часам думкі цябе азораць, —

I слоў не знойдзеш для тых абранніц!

дык я папросту, як сэрца б’ецца,

Так і пісаў бы у чысты сшытак:

Пачуць няцяжка той стукат сэрца,

ды хіба скажаш усё адкрыта.

Пяро гатова да шчырай мовы,

Маўчыць папера, як мур таўсценны.

Бывайце ж, думкі мае, здаровы, —

Я не злаўлю вас, я непісьменны!



IV

А панству лёгка. I пісар шпарка

Паперак стос у судзе ўсім строчыць:

Злавіўшы думкі свае на аркуш,

Пасля даводзіць людзям, што хоча.

А каб умеў я пяром валодаць,

Адразу выклаў бы ўсю нядолю,

Лічыць пачаўшы свае нягоды,

Цвярдыя сэрцы скрышыць бы здолеў.

Так напісаў бы я без падману

Малітваў кнігу, што ў краме бачыў.

Хрыстос бы, можа, раскрыжаваны

Слязу над доляй праліў жабрачай.

Гусачка, гуска! Пас цябе летам,

Зімой халоднай карміў сумленна,

дай мне пяро і крыло за гэта,

От і ўзлячу — чалавек непісьменны!


1852, Барэйкаўшчына