Уладзiслаў Сыракомля
Каралі
Як ішоў я ў бой кіпячы,
Як прашчаўся з хаткай,
Тут Гануля мая з плачам:
«Пойдзеш гінуць, братка!
Але буду я маліцца
Па табе з трывогі,
Ты ж прынось за то гасцінца —
Шнур караляў доўгі».
З ласкай Божай паручыла
Грамадзе радзімай:
Палі ворагавы сілы,
Горад здабылі мы.
Як прыціхнулі гарматы,
Як браму зламалі,
Хто саетаў, хто дукатаў —
Я шукаў караляў.
Хоць і ў шчасці не радзіўся,
А шукаю смела…
Шнур караляў замігціўся,
Як бы вішань спелых.
Тут здабычыну схапіўшы,
Не чакаю далей.
Чым хутчэй спяшу к наймільшай —
даць ёй шнур караляў.
Па гасцінцы, па дарожцы
Кульгаю дадому…
Загудзелі званы ў вёсцы,
Як па нежывому.
Прыбліжаюся к хаціне,
Аж тут людзі здаля:
«Твая Ганна ў дамавіне —
Не трэба караляў!»
Ой, заплакаў, ой, заенчыў
Цяжэй цяжкай хмары,
Перад цэркаўкай укленчыў
дый спяшу к алтару;
да свяцейшай да Марыі
Збліжаюся ў жалі
I завесіў ёй на шыі
Тых я шнур караляў.
1854
